У Наваградку, дзе вучыўся ў школе, а затым быў дырэктарам беларускай гімназіі Барыс Кіт, дзейнічае музэй ягонага імя, а ў гісторыка-краязнаўчым музэі гораду знаходзіцца архіў Барыса Кіта, частка якога разьмешчана ў пастаяннай экспазыцыі.
Музэй Барыса Кіта існуе ў школе, дзе ён вучыўся і настаўнічаў
Музэй Барыса Кіта ў наваградзкай школе № 1 месьціцца ў будынку былой беларускай гімназіі, дзе сам спадар Кіт калісьці вучыўся, а пазьней працаваў настаўнікам і дырэктарам. Яго адкрылі ў чэрвені 2008 году, ён месьціцца ў адным пакоі.

Мэмарыяльная шыльда на будынку школы, дзе месьціцца музэй
Настаўнік гісторыі Ўладзімер Буткевіч, які апякуецца музэем, расказаў Свабодзе, што экспанатаў у іх няшмат, але сюды вельмі любяць наведвацца вучні. Паводле яго, у музэі ёсьць ліст, дасланы Барысам Кітом.
«Ён сам ня мог ужо тады прыехаць на адкрыцьцё музэю, але вось гэтыя словы нам напісаў: „Я веру, што гэты музэй шмат паслужыць у культурным разьвіцьці гораду Наваградку і будзе напэўна важнай цаглінай у будаўніцтве лепшай сьветлай долі беларускага народу“. Мы таксама верым у гэта», — кажа настаўнік гісторыі.
У музэі ёсьць здымкі з розных пэрыядаў жыцьця Барыса Кіта, у тым ліку дзіцячага, а таксама фота з вучнямі Наваградзкай гімназіі, калі ён быў дырэктарам.
У музэі Барыса Кіта
Апрача фота, сярод экспанатаў — кнігі пра Барыса Кіта, ягоныя ўзнагароды, дыплёмы.
«Але вось цікавая рэч. Прыходзяць да нас вучні зь іншых школаў на экскурсію, а потым іх бацькі мне кажуць, што дзеці ўражаныя дахаты вярнуліся і расказваюць, які вялікі чалавек жыў у іх горадзе. І гэта толькі наведаўшы наш невялічкі музэй», — кажа настаўнік.
У Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музэі каля 1300 экспанатаў з архіву Кіта
У Наваградзкім гісторыка-краязнаўчым музэі знаходзіцца каля 1300 прадметаў з архіваў Барыса Кіта. Дырэктарка музэю Марына Ярашук кажа, што частка зь іх пастаянна экспануецца.
«Выстаўлены ягоны вялікі партрэт з кароткай біяграфіяй, здымак яго падчас знаходжаньня на могілках у Нямеччыне, дзе пахаваныя беларускія жаўнеры, загінулыя ў Другой сусьветнай вайне, дыплём прафэсара Мэрылэндскага ўнівэрсітэту, ягоная кніга пра ракетнае паліва, мэдаль Германа Обэрта і значок да гэтагай мэдаля, рукапіс аднаго з дакладаў на канфэрэнцыі і некаторыя іншыя рэчы», — кажа дырэктарка музэю.
Паводле Марыны Ярашук, рэчы выстаўленыя ў экспазыцыі музэю, якая датычыць часоў міжваеннай Польшчы, а таксама функцыянаваньня беларускай гімназіі ў Наваградку, дырэктарам якой быў Барыс Кіт. У той жа час, паводле дырэктаркі музэю, у фондах ёсьць шмат цікавых рэчаў, зьвязаных з жыцьцём Барыса Кіта, якія маглі б скласьці асобную экспазыцыю пра выдатнага беларуса.
Барыс Кіт, 2016 год
Музэй мае шмат біяграфічных зьвестак з жыцьця, дакумэнтаў аб ягонай адукацыі; навуковых прац і дакладаў на розных канфэрэнцыях, напісаных рукой аўтара; дыплёмаў, артыкулаў у СМІ; вершаў, прысьвечаных Барысу Кіту, падзяк і ўзнагарод. Адзін з дыплёмаў — пра наданьне Барысу Кіту ў 1994 годзе званьня ганаровага грамадзяніна Наваградку.
Кіт вельмі хацеў, каб у Наваградку адкрылі ўнівэрсытэт
Асаблівую ўвагу, паводле Ярашук, займае перапіска Барыса Кіта з рознымі міжнароднымі ўстановамі і арганізацыямі з просьбай падтрымаць ягоную ідэю адкрыцьця ў Наваградку ўнівэрсітэту.
«Відавочна, што ён вельмі хацеў, каб у нашым горадзе адкрыўся ўнівэрсытэт, паколькі мы валодаем перапіскай зь вельмі шматлікімі ўстановамі, фундацыямі, прыватнымі асобамі з ЗША, Нямеччыны, ён зьвяртаўся ў Лёндан і Эўрапейскі банк рэканструкцыі і разьвіцьця ды іншыя ўстановы. Праўда, падтрымкі ягоная ідэя не знайшла», — канстатуе спадарыня Ярашук.
Цэнтральнай плошча Леніна ў Наваградку, від з вуліцы Савецкай
Паводле дырэктаркі музэю, пакуль архівам Барыса Кіта цікавяцца нямногія дасьледчыкі, але пасьля ягонай сьмерці адчувальна запатрабаванасьць узрасла.
«Мы адразу задумаліся аб тым, каб зрабіць асобную экспазыцыю пра жыцьцё і дзейнасьць Барыса Кіта, але ў нас пакуль няма такіх магчымасьцяў, дзе б яе паказваць, а таму гэтыя пляны пакуль адкладзеныя на будучыню», — падзялілася Марына Ярашук.
У сеціве зьявілася ініцыятыва пераназваць вуліцу Савецкую ў Наваградку ў гонар ганаровага грамадзяніна Барыса Кіта, які 1 лютага памёр на 108-м годзе жыцьця.
***
Барыс Кіт нарадзіўся ў 1910 годзе ў Пецярбургу, бачыў Лютаўскую рэвалюцыю. Пасьля кастрычніцкага перавароту бацька адвёз яго на радзіму — у цяперашні Карэліцкі раён. Пасьля заканчэньня Віленскага ўнівэрсытэту быў выкладчыкам і дырэктарам Віленскай і Наваградзкай беларускіх гімназіяў. У часе Другой сусьветнай вайны цярпеў ад перасьледу савецкіх і нацысцкіх уладаў. Эміграваў у ЗША, дзе рэалізаваў сябе ў праграме астранаўтыкі. Барыс Кіт — адзін з распрацоўшчыкаў ракетнага паліва. На Беларусі зноў пабываў і атрымаў прызнаньне на пачатку 1990-х гадоў, пасьля абвяшчэньня незалежнасьці.