У Наваградку ўмацоўваюць Замкавую гару. Працуе экскаватар

Руіны Наваградзкага замку, ілюстрацыйнае фота

У Facebook зьявіліся здымкі, як экскаватар рые траншэі каля падножжа Замкавай гары ў Наваградку.

Як высьветліла Свабода, археалягічны нагляд за будаўнічымі працамі ажыцьцяўляе вядучы навуковы супрацоўнік Інстытуту гісторыі НАН Беларусі Андрэй Мяцельскі. Ён патлумачыў, што гаворка ідзе пра ўмацаваньне Замкавай гары, каб забясьпечыць устойлівасьць рэштак Касьцельнай вежы.

Мэта цяперашніх працаў — асушыць гэты ўчастак. У пракапаную канаву плянуецца пакласьці дрэнажную трубу, каб выводзіць ваду ў ручай.

Паводле навукоўца, будаўнічыя працы пад кантролем. Ён сам толькі што два дні прабыў на месцы працаў у Наваградку, абсьледаваў з дапамогай мэталашукальніка гэты ўчастак, было некалькі дробных знаходак. Што да паўнавартасных раскопак, то на гэта цяпер у дзяржавы няма грошай, кажа Мяцельскі.

***

Самыя галоўныя і цікавыя навіны можна атрымліваць адразу ж, падпісаўшыся на Тэлеграм-канал Радыё Свабода.