«Я бываю ў Наваградку па некалькі разоў на год, — кажа Сямён Печанько. — І такіх расколінаў там не бачыў раней. Год таму зьявіліся першыя, акурат пад сьцяной з боку касьцёла. Але сёлета ўжывую карціна выглядае даволі трывожна. Здаецца, калі пройдзе зацяжны дождж на некалькі дзён, гэты пласт грунту проста апаўзе ўніз».
Сямён Печанко нагадвае, што ўмацаваньне схілу рабілі ў 2013 годзе. Тады ў ім зрабілі каля 100 сьвідравін і залілі ў іх адмысловы раствор. Замак рэстаўруюць у межах праграмы «Замкі Беларусі». Глыбокая расколіна зьявілася як раз пад нядаўна адрэстаўраванай касьцельнай вежай.
«Я не ведаю дакладнай прычыны. Але расколіны пачалі зьяўляцца акурат пасьля таго, як скончыліся працы. Раней іх не было, — кажа Сямён Печанко. — І год таму, і зараз я спрабаваў датэлефанавацца ў райвыканкам да загадчыцы аддзелам культуры, але пакуль безвынікова».
Наваградзкі замак лічыцца ўнікальным помнікам абарончага дойлідзтва. Ён існаваў у 11-17 стагоддзях, быў рэзыдэнцыяй князёў Вялікага княства літоўскага. Да нашых дзён захаваўся толькі падмурак і рэшткі сьценаў.