Старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька ўзяў удзел у грамадзянскай паніхідзе па Барысу Нямцову ў Маскве.
«Я каля дзьвюх гадзін стаяў у чарзе, і мне яшчэ пашчасьціла трапіць у саму залю Сахараўскага цэнтру, а, відаць, як мінімум палова так і засталася на вуліцы. Была вялізарная колькасьць людзей рознага ўзросту, і старыя, і маладыя, яны ішлі, ішлі, ішлі... Калі б нешта здарылася зь нейкім дзяржаўным дзеячом, які сёньня ва ўладзе, то перакананы, што столькі б людзей не прыйшло на покліч свайго сэрца», — падкрэсьліў палітык у інтэрвію Радыё Свабода.
Лябедзька адзначыў, што ён вельмі задаволены тым, што змог разьвітацца з Барысам Нямцовым.
«Мне далі мажлівасьць выступіць, і я фактычна гаварыў ад усіх неабыякавых беларусаў. У нас краіны вельмі падобныя, я згадаў таксама і пра сваіх сяброў, якіх страціў у Беларусі, а вось цяпер страціў і свайго расейскага сябра», — кажа палітык.
Паводле слоў Лябедзькі, у людзей у Расеі, палітыкаў і прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасьці, застаецца шок ад таго, што здарылася зь Нямцовым.
«Вядома, тыя, з кім я размаўляю, разглядаюць выключна палітычную вэрсію забойства. Яны лічаць, што гэта спроба выбіць найбольш моцнае зьвяно, менавіта як арганізатара, лідэра, які сыстэмна падыходзіў да справы і быў такім мостам паміж рознымі групамі ў расейскай палітыцы. Замяніць Нямцова ў агляднай будучыні наўрад ці хто зможа — і гэта не перабольшаньне», — лічыць лідэр АГП.