Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Пасьля сьмерці Нямцова ў Расеі пачнецца чыстка эліт, — маскоўскі экспэрт


Барыс Нямцоў у Менску ў 2013 годзе
Барыс Нямцоў у Менску ў 2013 годзе

Забойства Барыса Нямцова справакуе выцясьненьне з расейскіх палітычных эліт памяркоўных элемэнтаў і прывядзе да ўзмацненьня пазыцыяў прыхільнікаў ізаляцыянізму. Такую думку ў інтэрвію Свабодзе выказаў расейскі палітоляг Дзьмітры Арэшкін.

Арэшкін лічыць, што забойства Нямцова стала лягічным вынікам разьвіцьця Расеі і расейскай палітычнай сыстэмы часоў Пуціна.

«Гадоў 10 таму мы сталі на рэйкі, якія вядуць з гары, і з таго часу коцімся ўніз, паступова паскараючыся. У гэтым сэнсе забойства Барыса — гэта ня нейкі нечаканы фактар. Калі б не яго, то забілі б кагосьці іншага. Таму што мэтады і спосабы ўтрыманьня ўлады дэградуюць з году ў год. І гэта непазьбежна. Спачатку ідзе фальсыфікацыя выбараў, потым ідзе запалохваньне тых, хто кажа пра фальсыфікацыі выбараў. Потым для мабілізацыі грамадзтва пачынаецца маленькая пераможная вайна, потым запалохваюць тых, хто кажа, што вайна не маленькая і не пераможная. Ну, а потым сытуацыя даходзіць да забойстваў. І не таму, што ўлада забіла Нямцова (я думаю, яна і не хацела гэта рабіць), а проста такая сытуацыя, што ўлада абудзіла да жыцьця сілы, якія пачынаюць гуляць у такую гульню», — кажа экспэрт.

Арэшкін
Арэшкін

На думку Арэшкіна, забойства Нямцова будзе мець два галоўныя наступствы.

«Па-першае, у Пуціна яшчэ мацней пагоршацца адносіны з разьвітым сьветам (Эўропай, ЗША, Канадай, Японіяй), ад чаго аб’ектыўна выйграюць прыхільнікі ізаляцыянізму — нацыянал-патрыёты, дзяржаўнікі, сілавікі, якія б хацелі пабудаваць замкнёны сьвет за жалезнай заслонай, дзе б ім ніхто не перашкаджаў камандаваць», — адзначае палітоляг.

Паводле слоў Арэшкіна, гэтыя людзі імкнуцца зрабіць з Расеі нешта падобнае да СССР або сёньняшняй Чачні, калі за ўладу галасуюць 99% насельніцтва, усе разумеюць, што гэтая працэдура ня мае ніякага дачыненьня да выбараў, а ў выпадку, калі нехта супраць улады выступіць, то яго «знойдуць у кустах».

Людзі, якія хочуць вярнуць Расею да гэтага чачэнска-савецкага стану, відавочна, ад гэтага выйграюць.

«Людзі, якія хочуць вярнуць Расею да гэтага чачэнска-савецкага стану, відавочна, ад гэтага выйграюць. А прайграюць тыя, хто належыць нават не да лібэральнага, а да рацыянальнага кола людзей — якія кажуць, што без адкрытай эканомікі, без стварэньня прывабнага інвэстыцыйнага клімату эвалюцыі тут ня будзе, а будзе тармажэньне і спаўзаньне на пэрыфэрыю, бліжэй да Паўночнай Карэі».

Другое наступства — працяг першага: памяркоўныя, рацыянальныя людзі ў расейскай палітычнай эліце будуць выцясьняцца сілавікамі.

«Пасьля сьмерці Нямцова непазьбежна пачнецца чыстка эліт. Пад Пуціным заўсёды ішла канкурэнтная барацьба за доступ да цела, а ён у сваёй унутранай палітыцы абапіраўся або на рацыяналістаў, або на сілавікоў-дзяржаўнікаў. Але цяпер сытуацыя зьмянілася, таму што гаворка ідзе ўжо не пра канкурэнцыю, а пра зьнішчэньне адной групы эліт іншай. Таму што Пуцін становіцца ўсё больш відавочна асацыяваны з гэтымі дзяржаўнымі, вайсковымі, ізаляцыйнымі коламі. Адпаведна, я думаю, што ў бліжэйшыя некалькі месяцаў мы ўбачым, як з ураду будуць патроху выкідваць людзей, якія пратэстуюць супраць сёньняшняга разьвіцьця падзеяў», — кажа ён.

Прычым, як адзначае Арэшкін, яны пратэстуюць не з ідэалягічных меркаваньняў і не таму, што яны так любяць Барыса Нямцова, а таму, што разумеюць, да чаго прывядзе Расею сёньняшні пуцінскі курс, у першую чаргу ў сэнсе эканомікі.

Так што бліжэйшым часам мы ўбачым, як з-пад дывана будуць выцягваць чарговых ахвяр, якія будуць абвешчаныя ворагамі, сабатажнікамі і Бог ведае кім яшчэ.

«Так што бліжэйшым часам мы ўбачым, як з-пад дывана будуць выцягваць чарговых ахвяр, якія будуць абвешчаныя ворагамі, сабатажнікамі і Бог ведае кім яшчэ. Бо эканоміка будзе паскоранымі тэмпамі ісьці з горкі, і хтосьці павінен за гэта адказаць. Зразумела, што гэта будуць ня тыя, хто кантралюе сілавыя рэсурсы, таму што ў іх руках ёсьць дубінка, з дапамогай якой яны заўсёды могуць даказаць, што яны мелі рацыю», — падкрэсьлівае Арэшкін.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG