На Палесьсі вёскі пакутуюць без вады, калодзежы запаўняюць вадой з цыстэрны

Занядбаны калодзеж насупраць крамы

На Палесьсі, у Акцябрскім раёне, за тры кілямэтры ад райцэнтру, легендарнай Рудабелкі, ёсьць вёска Новая Дуброва. Тутэйшыя жыхары ўжо тры гады пакутуюць ад недахопу вады ў калодзежах.

«Не паверыце, — апавядае былая настаўніца Кацярына Кавалевіч, —тэлефануем у наш Акцябрскі сельскі савет, просім паратунку. Дык старшыня Аляксандар Луцковіч дамаўляецца з саўгасам, а той прывозіць бочку вады і вылівае ў калодзеж — тону ці дзьве. Вось ужо мы з суседзямі хапаем вёдры, тазікі, бітоны, каб набраць вады з запасам. Што ўхапілі, тое наша, бо назаўтра ў калодзежы зноў вады няма. Куды яна ўцякае, Бог яе ведае».

Кацярына Кавалевіч з Аленай Луцковіч і Анатолем Лябедзькам

Ганна Панцяленка зь Зялёнай вуліцы кажа, што калодзеж насупраць яе хаты наагул не прыдатны для вады — яго трэба паглыбляць, ачышчаць:

«Зьбілі з дошак века і наверх паклалі, каб хто не перакуліўся, — так і стаіць. А я, ведаеце, зьбіраю ў торбу бялізну, стаўлю на ровар і вязу за два кілямэтры ў Старую Дуброву да сяброўкі, каб памыць. Вось да чаго дажыліся!»

Каля калодзежа на Школьнай

Свой расповед вяскоўкі працягваюць каля калодзежа на Школьнай вуліцы.

«Вось сюды й залівалі ваду з бочкі, — кажа пэнсіянэрка Лідзія Васіленка. — А то чэрпаем, чэрпаем — адна гразь у вядры. Бяжым на вуліцу Савецкую, а там таксама вады нестае ў калодзежы. Людзі сварацца — чаго прыперліся? Дык што, нам праз ваду біцца? У наш час, дзе нібыта ўсё для народу. Вадавод трэба зрабіць, каб мы ня бегалі па вёсцы, як звар’яцелыя. Я нават свойскую жывёлу зьвяла — і карову, і каня, і козаў. Адной карове трэба на дзень вядры чатыры — ёй жа ня скажаш, што вады ў калодзежы няма».

З пачаткам восені, калі прыбавілася дажджоў, узровень вады ў калодзежах у Новай Дуброве крыху падняўся і вяскоўцы ўздыхнулі вальней. Бо й да сьнегу нядоўга засталося. Калі што якое, можна й чыстага сьнегу набраць у мэталічны посуд ды растапіць на пліце — і вось яна, вада. Так, дарэчы, новадуброўцы й рабілі ў мінулую зіму.

«У мяне двое дзяцей, — кажа Ніна Юзэпчук, якая прыехала ў Беларусь з Ўкраіны. — Баюся лішні раз лазьню нацяпліць, каб дзяцей памыць, бо трэба ж літраў дзьвесьце-трыста вады. От ужо й думай».

Няхватку ваду ў Новай Дуброве вяскоўцы тлумачаць наступствамі мэліярацыі, адсутнасьцю дажджоў і нават тым, што на мясцовай фэрме прабурылі глыбокія сьвідравіны, каб паіць жывёлу ААТ «Акцябрскі-агра».

Сухія каналы — сухія калодзежы

Былы інжынэр менскага праектнага інстытуту «БелНДІгіпрасельбуд» Фёдар Калінкевіч, які ў канцы сямідзясятых гадоў мінулага стагодзьдзя жыў тры гады ў Нямеччыне, прыгадаў, што немцы яшчэ ў тыя часы перагледзелі стаўленьне да мэліярацыі, каб безаглядна не абязводжваць глебу.

«Гляньце на нашы мэліярацыйныя каналы: іх пачысьцілі і яны, па сутнасьці, сухія. Адкуль жа вада возьмецца ў калодзежах? Патрэбны сьвідравіны й водаправоды», — лічыць Фёдар Іванавіч, які вярнуўся ў родную вёску, каб тут дажываць свой век.

Вада на падворку Фёдара Калінкевіча

Для сябе асабіста пэнсіянэр вырашыў праблему з вадою — яшчэ раней прабіў сьвідравіну на падворку, падключыў электрарухавік і пампуе ваду пры патрэбе.

Гэтак паступілі й некаторыя іншыя вяскоўцы, але далёка ня ўсе.

«Трэба як найменей сямсот рублёў. А дзе іх узяць, калі пэнсія ўсяго дзьвесьце рублёў?» — у адзін голас цьвердзяць вяскоўцы.

Улетку ў Новай Дуброве мясцовыя жыхары гуртам дамагліся, каб адкрылі калодзеж пры чыгунцы Бабруйск — Рабкор. Чыгуначнаму начальству з Асіповічаў, якая абслугоўвае гэты ўчастак, і мясцовым чыноўнікам не давала спакою найперш Тамара Сьліскоўская.

Тамара Сьліскоўская

Урэшце старшыня сельсавету Аляксандар Луцковіч раздабыў бэтоннае калодзежнае кольца, камунальнікі агоралі калаўрот і дах над калодзежам, вяскоўцы скінуліся на вядро і ланцуг — гэткім чынам і дабраліся да вады, найлепшай у вёсцы. Калодзеж тут стаіць на крыніцы, і калі на іншых вуліцах вады бракуе, улетку з вазкамі, а зімою на санках цягнуцца сюды людзі зь бітонамі.

«На ўсё патрэбны сродкі, якіх сельсавет ня мае»

Старшыня Акцябрскага сельсавету Аляксандар Луцковіч, які ўжо адзінаццаць гадоў на пасадзе і ведае беды вяскоўцаў, тлумачыць, што сёлета ў Новай Дуброве сытуацыя з вадою крыху лепшая, чымсьці ў папярэднія гады, калі стаяла асаблівая засуха.

«Два дажджы калі выпадалі за лета, то добра. Вядома, трэба паглыбіць некаторыя калодзежы, можа, нават вадавод аднавіць, і найперш на вуліцы Зялёнай. Калодзежы на балянсе камунальнікаў. Мы іх чысьцім, робім дэзынфэкцыю. Але ж на ўсё патрэбны сродкі, якіх сельсавет ня мае. Будзем імкнуцца ўключыць і Новую Дуброву хоць у якую праграму, каб наладзіць нармальнае водазабесьпячэньне вяскоўцаў, як гэта было зроблена ў Старой Дуброве».

«Лукашэнку трэба перастаць езьдзіць па ўтульных месцах»

Новая Дуброва, якая належала колісь барону Аляксандру Ўрангелю, цяпер апынулася на задворках беларускай аграрнай палітыкі. 22 лістапада экс-кандыдат у дэпутаты, сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Алена Луцковіч зьбірала тут подпісы пад лістом да дэпутата Палаты прадстаўнікоў Яўгена Адаменкі.

Алена Луцковіч зьбірае подпісы

Луцковіч дапамагалі сябры АГП, у тым ліку й старшыня партыі Анатоль Лябедзька. Новадуброўцы патрабуюць ад дэпутата Адаменкі паспрыяць нармальнаму водазабесьпячэньню вёскі якаснай вадою.

«Прадстаўніца нашай партыі Алена Луцковіч, — кажа Анатоль Лябедзька, — і пасьля выбараў застаецца з выбарнікамі, хоць афіцыйна яна і ня выбраная дэпутатам.

Анатоль Лябедзька ў Новай Дуброве

Вялізная вёска, побач з раённым цэнтрам — і няма якаснай вады. І калі я чую, што людзі, каб памыць бялізну, едуць у суседнюю вёску — гэта проста жах. Аляксандру Лукашэнку трэба перастаць езьдзіць па ўтульных месцах. Няхай сюды прыяжджае разам з абласнымі ды раённымі начальнікамі. Можа, тады й зробяць нейкія высновы ў эканамічнай палітыцы. Бо тое, куды мы прыйшлі, у тым ліку і ў аграрнай палітыцы ў вёсцы, называецца вялікім тупіком».