29 чэрвеня ля Менску адбыўся напад на спадарыню Вольгу, маці байца тактычнай групы «Беларусь», добраахвотнікі якой ваююць на Данбасе на ўкраінскім баку.
Спадарыня Вольга расказала карэспандэнту Свабоды, што гэта здарылася, калі яна выйшла з электрычкі на станцыі «Зялёнае» і ішла да лецішча.
«Учора вечарам я ішла на лецішча. Не дайшла недзе 500 мэтраў, як на мяне напаў невядомы. Я пачула ззаду нечыя крокі, азірнулася і ўбачыла незнаёмага мужчыну, у прынцыпе, прыстойнага выгляду. Ён трымаў у руках нейкае палена. Я хацела бегчы, але тут пасыпаліся ўдары. Я крычала і спрабавала бегчы, вельмі спалохалася. Ня ведаю, як мне ўдалося ўцячы. Я прыбегла на сваё лецішча, выклікала міліцыю, паклікала суседзяў. Прыехала міліцыя.
Потым мяне павезьлі ў лякарню, бо была разьбітая галава, наклалі швы.
Я ўпэўнена, што міліцыя нічога ня будзе шукаць, хаця прыехалі тры брыгады, бралі паказаньні. Міліцыя разводзіць рукамі, вэрсія незразумелая. Рабаваньня не было. Можа ён хацеў мяне проста папалохаць, а можа гэта нейкая палітычная акцыя. Я ня ведаю, што хацеў ад мяне той чалавек. Я наогул ня ведаю, што думаць. Альбо гэта проста выпадковасьць, альбо гэта зьвязана з маім сынам, які ваюе ва Ўкраіне, альбо з тым, што я дамагаюся ад КДБ вярнуць мне мой ноўтбук, які яны забралі пасьля ператрусу на праверку».
Спадарыня Вольга кажа, што пасьпела разгледзець незнаёмага нападніка.
«Гэты нападнік — незнаёмы мне чалавек. Ён прыстойна выглядаў, быў добра апрануты — у кашулі, штанах. Высокі, хударлявы, спартовага складу, немалады. Ён асэнсавана ішоў на гэты крок. У мяне некалькі вэрсій. Але на працэнтаў 30 я схіляюся да таго, што мяне папужалі па палітычных матывах. Я павінна была памерці, бо ён чатыры разы мяне ўдарыў па галаве. Як я выжыла, як я зьбегла — я ня памятаю».
Сын Вольгі «Зубр» больш за год ваюе ва Ўкраіне. Па гэтым факце супраць яго пачатая крымінальная справа па артыкуле «Найміцтва». Да яе прыходзілі з вобшукам, падчас якога і забралі ноўтбук.
«Узялі маю рэч і трымаюць з 14 сакавіка. Я лічу, што гэта незаконна. Мой сын паехаў да сяброўскага ўкраінскага народу. Маё дзявочае прозьвішча ўкраінскае, у нас ёсьць украінскія карані. Ён быў на базе „Азоў“ інструктарам. Я ня бачу ў гэтым нічога дрэннага».