На Кубе вызваляюць палітвязьняў. Першыя 11 чалавек на волі

Сталіцы Кубы Гавана

Кубінскія ўлады адпусцілі на волю яшчэ васьмёх палітычных зьняволеных зь ліку 53 чалавек, якіх Гавана абяцала вызваліць згодна з дасягнутай нядаўна дамоўленасьцю з ЗША. Пра гэта ў чацьвер паведаміла інфармацыйнае агенцтва Reuters.

У выніку колькасьць вызваленых з турмаў за апошнія два дні палітвязьняў вырасла да 11 чалавек. Большасьць вызваленых зьяўляюцца сябрамі дысыдэнцкай групы Патрыятычны саюз Кубы.

Вызваленьне дысыдэнтаў зьяўляецца адной з дамоўленасьцяў аб нармалізацыі адносін паміж Злучанымі Штатамі і Кубай. Гэтая дамоўленасьць прадугледжвае пашырэньне сувязяў паміж дзьвюма краінамі і магчымае аднаўленьне дыпляматычных адносінаў, якія былі перапыненыя больш за пяцьдзясят гадоў таму.

Чакаецца, што пытаньне пра тэрміны аднаўленьня дыпляматычных адносін будзе абмяркоўвацца падчас плянаванага візыту ў Гавану памочніка дзяржаўнага сакратара ЗША па справах Лацінскай Амэрыкі Рабэрты Джэйкабсан ў канцы студзеня.