Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Кубе вызвалены грамадзянін ЗША пасьля пяці гадоў турмы


Алан Грос (у цэнтры)
Алан Грос (у цэнтры)

На Кубе вызвалены грамадзянін ЗША, 65-гадовы Алан Грос, які правёў пяць гадоў у турме. Пра гэта паведамляе тэлекампанія ABC News.

Паведамляецца, што Грос быў адпушчаны ў рамках абмену арыштаванымі паміж Кубай і ЗША.

Дамоўленасьць аб абмене была дасягнутая падчас сакрэтных перамоваў, якія доўжыліся каля года. ABC News паведамляе, што вызваленьне Гроса, які знаходзіцца ў дрэнным фізычным стане, уяўляе сабой першы крок на шляху да нармалізацыі адносінаў ЗША і Кубы.

Грос быў арыштаваны ў 2009 годзе, а ў 2011-м прызнаны вінаватым у шпіянажы і прысуджаны да 15 гадоў за тое, што ўвозіў на Кубу тэлекамунікацыйныя прылады. Грос перадаваў іх габрэйскім арганізацыям, якія павінны былі выкарыстоўваць іх для стварэньня сеткі інтэрнэт на Кубе. Ён працаваў субпадрадчыкам Дзяржаўнага агенцтва ЗША па міжнародным разьвіцьці. Улады Кубы абвінавацілі яго ў тым, што ён рыхтаваў зьвяржэньне ўрада, спрабуючы арганізаваць рэвалюцыю накшталт «арабскай вясны».

Адвакаты, якія нядаўна наведалі Гроса, сказалі, што за час знаходжаньня ў турме ў яго цалкам выпалі зубы, ён ледзь можа хадзіць з-за артрыту і асьлеп на адно вока. Грос утрымліваўся ў маленькай пакоі ў ваенным шпіталі разам з двума палітвязьнямі.

Грос адмовіўся ад мэдычнай дапамогі і ня стаў прымаць ежу і мэдыкаменты з місіі інтарэсаў ЗША ў Гаване. Ён абяцаў пачаць галадоўку, калі ня будзе выпушчаны да канца гэтага года.

ЗША маюць намер аднавіць дыпляматычныя адносіны з Кубай. Пра гэта гаворыцца ў паведамленьні прэс-службы Белага дома. У ім адзначаецца, што прэзыдэнт ЗША Барак Абама даручыў Дзяржсакратару неадкладна пачаць перамовы з Кубай па аднаўленьні дыпляматычных адносін, якія былі перапыненыя ў студзені 1961 года.
У бліжэйшыя месяцы ЗША адновяць амбасаду ў Гаване і правядуць абмен на высокім узроўні ў рамках працэсу нармалізацыі адносінаў. Дэлегацыя ЗША прыбудзе ў Гавану на наступны раўнд амэрыкана-кубінскіх перамоў па міграцыі ў студзені 2015 года.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG