На 3 і 4 лістапада ў Карме і Буда-Кашалёве прызначаны суды паводле скаргаў актывістаў Гомельскага цэнтру стратэгічнай цяжбы — на забарону мясцовымі райвыканкамамі пікетаў у падтрымку незалежнасьці і сувэрэнітэту Беларусі. На наступным тыдні такія ж суды пройдуць у Добрушы і Чачэрску.
Пікеты ў абарону незалежнасьці і сувэрэнітэту забаранілі Акцябрскі, Брагінскі, Буда-Кашалёўскі, Веткаўскі, Добрускі, Жлобінскі, Жыткавіцкі, Ельскі, Кармянскі, Калінкавіцкі, Лельчыцкі, Лоеўскі, Рагачоўскі, Хойніцкі, Чачэрскі райвыканкамы.
«У Буда-Кашалёве, — кажа грамадзкі актывіст Сяргей Касабуцкі, — мне адмовілі ў дазволе праводзіць пікет у абарону сувэрэнітэту і незалежнасьці нашай краіны на той падставе, што я не заключыў дамовы зь міліцыяй на ахову грамадзкага парадку, з раённым шпіталем — на мэдычнае абслугоўваньне і з камунальнікамі — на прыбіраньне тэрыторыі. У Хойніках адмовілі, бо ў іх вызначана толькі адно месца для правядзеньня масавых акцыяў — стадыён, а я замаўляў у цэнтры гораду. Усе гэтыя забароны я і мае аднадумцы, якія замаўлялі падобныя пікеты, цяпер і абскарджваем у адпаведных судах».
Прычын адмовы на правядзеньне пікетаў дзьве: заяўленыя ня тыя месцы правядзеньня пікетаў і няма дамоваў на аплату паслугаў міліцыі, мэдычных установаў і камунальнікаў.Кіраўнік рэгіянальнага цэнтру стратэгічнай цяжбы, юрыст Леанід Судаленка сказаў, што ў мінулым годзе актывістам удалося абскардзіць у судзе незаконнае рашэньне Хойніцкага райвыканкаму на забарону правядзеньня мірнага сходу і здабыць перамогу. Аднак сёлета гэты райвыканкам зноў забараніў масавую акцыю, нягледзячы на тое, што пікет меў на мэце прыцягнуць увагу жыхароў да такіх фундамэнтальных асноваў дзяржавы, як сувэрэнітэт і незалежнасьць.