На Берасьцейшчыне выразалі сьвінафэрму, прычына — «нейкая інфэкцыя»

Your browser doesn’t support HTML5

Дзьве тысячы галоў сьвіней забілі і закрылі фэрму

У вёсцы Сашыца Бярозаўскага раёну збылі больш за дзьве тысячы галоў сьвіней з фэрмы, якая належыць Бярозаўскаму камбікормаваму заводу, пасьля таго як там пачала дохнуць жывёла. Улады кажуць, што зроблена гэта дзеля таго, каб на фэрме правесьці рэканструкцыю.

Увосень 2013 году ў Бярозаўскім раёне жыхары 17 вёсак мусілі зьнішчыць пагалоўе сьвіней на ўласных падворках. Галоўным чынам — у так званай санітарнай зоне вакол вялікіх дзяржаўных сьвінафэрмаў. Гэта рабілася з ініцыятывы ўладаў дзеля прафіляктыкі «афрыканскай чумы сьвіней». У некаторых вёсках раёну людзі пратэставалі, зьбіралі подпісы, патрабавалі, каб сьвіней зьнішчалі не на асабістых падворках, а на дзяржаўных фэрмах.

У выніку ўлады скарацілі «буфэрныя зоны» вакол сьвінафэрмаў з 5 кілямэтраў да 500–1000 мэтраў.

Аднак Сашыца Бярозаўскага раёну засталася ў гэтай зоне, бо пад самай вёскай — фэрма Бярозаўскага камбікормавага заводу. На ўласных падворках сялянам сьвіней трымаць у Сашыцы забаронена дагэтуль.

«Была ў цябе праца — ты з гэтага жыў, і раптам нічога ня стала»

Нядаўна на фэрме ў Сашыцы раптоўна збылі на мясакамбінат больш за дзьве тысячы сьвіней. Былая працаўніца фэрмы, якая папрасіла не называць яе імя, распавяла журналістам Свабоды, што сьвіньні пачыналі здыхаць, таму астатніх пазбыліся, а працаўнікоў фэрмы звольнілі:

«Здарылася інфэкцыя, зачынілі нашую фэрму, паздавалі сьвіней, якіх маглі, вось і ўсё. Прычыны высьвятляюць. Нам ніхто не казаў. Плянавалася ж працаваць, усе хацелі працаваць. Там новы хлеў рэканструяваны, там крышку засталося дарабіць. На фэрме быў прапускны рэжым, нас дэзынфікавалі. Туды — мыліся, і як назад ісьці — мыліся. Бачыць Бог, што стараліся і рабілі так, як гэта патрабавалася. Заўсёды было такое, што паміралі крыху сьвіньні — але на тое ёсьць урач. Адна сьвіньня нагу зламае, другую пагрызуць. А тут стала так, што за тыдзень здарыўся падзёж, і за тыдзень фэрму ліквідавалі».

Фэрма ў Сашы́цы

Былая працаўніца фэрмы кажа, што для ейных калегаў страціць працу — сапраўдная трагедыя:

«Пэнсіянэраў у першую чаргу звольнілі. Шкада, я ж ня проста так ад вялікай радасьці пайшла на тую працу, вы ж самі ведаеце, якая ў нас пэнсія — 2 мільёны. І купа крэдытаў — наступствы таго, што вучылася ў нас студэнтка. Людзі ўсе засталіся бяз працы, усіх звольнілі, засталіся толькі вартаўнікі. Гэта так хутка, раптоўна ўсё здарылася, што ўсе ў такім стане... Была ў цябе праца, ты хадзіў, з гэтага жыў, і раптам нічога ня стала. Два тыдні прайшло пасьля гэтага, але дагэтуль такое аслупяненьне».

Колькі здохла сьвіней, жанчына ня ведае. Кажа, што звычайных працаўнікоў да іх не дапускалі:

«Там былі працаўнікі, якія гэтым займаліся, мы ня бачылі. Мы здавалі тых, якіх можна было здаваць, — адпраўлялі іх на „калхіды“. Быў вэтурач, ён глядзеў».

Уласьнік фэрмы: «Немагчыма весьці рэканструкцыю і адначасова ўтрымліваць жывёлу»

Дырэктар ААТ «Бярозаўскі камбікормавы завод» Міхаіл Казека ў тэлефоннай гутарцы растлумачыў карэспандэнту Свабоды, што сьвіней выразалі, бо трэба было зрабіць рамонт на фэрме:

«Мы вельмі доўга змагаліся і змагаліся — фэрмы гэтыя старыя. Хваробаў шмат — у сьвіней жа як і ў людзей. У сувязі з новымі патрабаваньнямі немагчыма весьці рэканструкцыю і адначасова ўтрымліваць жывёлу. Таму што там настолькі патрабаваньні жорсткія, што мы палічылі, што вылецім проста ў трубу. Дрэва трэба абрабляць, цэглу трэба абрабляць. Каб туды, крый Божа, ня трапіла нечага староньняга. Парода ў нас была старая, яе трэба было выводзіць. І гэта ўсё ў сукупнасьці прывяло да таго, што мы прынялі рашэньне гэта ўсё зьмяніць, зрабіць там капітальны рамонт, каб усё было супэрсучасна».

Казека абверг расповеды былых працаўнікоў фэрмы пра тое, што ў Сашыцы была ўспышка хваробы сьвіней:

«Вы мне скажыце, а ў каго няма інфэкцыі? Кожны чалавек ходзіць са сваёй інфэкцыяй... Дзякуй Богу, мы здалі ўсё на мясакамбінат. Калі б была інфэкцыя, мясакамбінат ня ўзяў бы».

Наконт звольненых працаўнікоў фэрмы Міхаіл Казека сказаў, што людзей працоўнага веку па магчымасьці разьмеркавалі на іншыя прадпрыемствы:

«Наконт людзей. Хто на пэнсіі — мы пакуль папрасілі іх пабыць на пэнсіі. А астатніх людзей мы разьмеркавалі, а хто ў адпачынак пайшоў. І ўсе яны да аднаго чалавека працаўладкаваныя».

Дырэктар камбікормавага заводу кажа, што працы на фэрме ў Сашыцы плянуецца завяршыць да канца году. Паводле словаў Казекі, з рэканструкцыяй фэрмы будзе дапамагаць аблвыканкам.

Чумы няма, але сьвіней бʼюць

На Берасьцейшчыне ў некаторых рэгіёнах, напрыклад на Ганцаўшчыне, вяскоўцы самі забіваюць уласных сьвіней, бо тыя гінуць ад невядомай хваробы. Улады кажуць, што сьвіней забірае інфэкцыя, а афіцыйна пацьверджаных выпадкаў афрыканскай чумы сьвіней няма.

Як казала Свабодзе галоўны вэтэрынарны ўрач Ганцавіцкага раёну Ганна Рычаева, надзвычайнай сытуацыі ў раёне няма.

«Сытуацыя звычайная. Недзе інфэкцыя, недзе з-за сьпёкі, недзе кармы, — тлумачыць Ганна Пятроўна выпадкі, калі ў раёне дохнуць сьвіньні. — Усё гэтаксама, як і ў іншыя летнія месяцы».