Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясковая гаспадыня: Мяне аштрафавалі, бо я ня стала прыніжацца


Галіна Дзербыш
Галіна Дзербыш

Ленінскі суд Горадні не задаволіў скаргу жыхаркі вёскі Абухава Гарадзенскага раёну Галіны Дзербыш на рашэньне адміністрацыйнай камісіі аштрафаваць яе на 900 тысяч рублёў — за тое, што трымала ў прыватнай гаспадарцы сьвіней і тым самым парушала пастанову Саўміну № 1057 аб буфэрнай зоне.

Галіну Дзербыш аштрафавалі на 5 базавых велічынь — 900 тысяч рублёў — напрыканцы мінулага году. Паводле рашэньня раённай Адміністрацыйнай камісіі, спадарыня Дзербыш трымала ў прыватнай гаспадарцы двое сьвіней. Тым самым яна парушыла пастанову Саўміну ад 10 лістапада 2014 году. Гэтая пастанова вызначае буфэрную зону, дзе сьвіней у прыватнай гаспадарцы трымаць нельга. Пастанову прынялі ў сувязі з выпадкамі афрыканскай чумы ў Беларусі.

Аднак Галіна Дзербыш не пагадзілася з рашэньнем адміністрацыйнай камісіі. Сёньня яна даводзіла суду, што і не зьбіралася парушаць пастанову Саўміну. Паводле яе, калі яна набыла сьвіней, у пастанову Саўміну былі ўнесеныя зьмены, і карантынная зона зьменшылася амаль удвая. Пра гэта Дзербыш прачытала ў інтэрнэце. Аднак яна не разабралася, што канчатковае рашэньне аб зьменах буфэрнай зоны прымаюць райвыканкамы.

І калі летась у жніўні да яе прыйшла праверка, то яна не хавала сваіх сьвіней, а прызнала, што трымае, і нават паказала зьмены ў пастанову Саўміну № 1057. Менавіта ад правяраючых Дзербыш і даведалася, што ў іхняй вёсцы памеры буфэрнай зоны не зьмяніліся, бо праектная магутнасьць іхняга сьвінакомплексу — больш за 12 тысяч галоў у год. Яна нават пасылала дачку ў бібліятэку, і тая прыносіла раённую газэту, дзе была апублікавана новая пастанова.

Празь некалькі дзён яна закалола сваіх сьвіней, але пратакол на яе быў ужо складзены. Праўда, як прызнала прадстаўніца райвыканкаму ў судзе, не зусім акуратна. А паўторны пратакол на Дзербыш склалі ўжо на пачатку сьнежня, і паводле яго аштрафавалі. І тут Дзербыш прыводзіць свае паказаньні.

— Паўторны пратакол на мяне склалі ўжо пасьля таго, як я некалькі месяцаў таму закалола сваіх сьвіней. У гэтым пратаколе двое сьведак паказваюць, што нібыта бачылі ў маім хляве сьвіней праз акенца. Але ў маім хляве няма ніякіх акенцаў. І калі яны наагул прыходзілі, калі ніхто з нашых хатніх іх ня бачыў?

Калі ўсіх выклікалі ў райвыканкам, то людзі ледзьве не стаялі перад імі на каленях, прасіліся, а я гэтага не рабіла.

Прадстаўніца райвыканкаму парыравала тым, што сьведкі, сярод якіх і старшыня мясцовага сельсавету, прыстойныя людзі і падманваць ня могуць. А што да вокнаў, то гэтаму прадстаўніца райвыканкаму значэньня не надала.

Дзербыш прасіла суд замяніць ёй грашовае пакараньне на папярэджаньне, бо закон прадугледжвае і такую форму.

— Я пэнсіянэрка, інвалід другой групы, дачка яшчэ вучыцца ва ўнівэрсытэце і сама на сябе не зарабляе, а штраф складае амаль палову маёй пэнсіі. Да ўсяго, я адразу закалола сьвіней, пасьля таго як мяне папярэдзілі аб незаконнасьці іх трыманьня.

Прадстаўніца райвыканкаму настойвала, што штраф ёй далі з прычыны таго, што «гэта справа дзяржаўнай важнасьці і закранае інтарэсы нацыянальнай бясьпекі краіны». Маўляў, цяжка ўявіць наступствы, калі празь яе сьвіней маглі заразіцца сьвіньні на комплексе, дзе іх звыш 12 тысяч.

Суд прыняў пад увагу аргумэнты прадстаўніцы райвыканкаму і не задаволіў скаргу Галіны Дзербыш. Спадарыня Дзербыш спрабавала дамагчыся ў прадстаўніцы райвыканкаму адказу на пытаньне — чаму аштрафавалі толькі яе, а іншых людзей папярэдзілі, але прамога адказу так і не атрымала.

— Канечне, калі ўсіх выклікалі ў райвыканкам, то людзі ледзьве не стаялі перад імі на каленях, прасіліся, а я гэтага не рабіла. Я ні ў кога ня ўкрала, нікога не падманула і таму ня стала прыніжацца. Але ў нас такая ўлада. А я звычайная калгасьніца, і ў мяне зусім іншыя правы.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG