Кіраўніцтва Эўрапейскага зьвязу вырашыла штогод выдаткоўваць на супрацьдзеяньне расейскай прапагандзе па 1,1 мільёна эўра, перадае The Guardian.
Сродкі ад 2018 году будуць накіроўвацца апэратыўнай працоўнай групе ў стратэгічных пытаньнях East Stratcom Task Force, што займаецца супрацьдзеяньнем расейскай дэзінфармацыі.
Група, створаная Эўразьвязам у 2015 годзе, публікуе штотыднёвыя «Агляды дэзінфармацыі». Гэта падборкі паведамленьняў пра выпадкі скажэньні або маніпуляцыі фактамі ў матэрыялах расейскіх СМІ.
Як адзначае BBC, East Stratcom Task Force у сваёй працы абапіраецца на сетку экспэртаў і валянтэраў. Менавіта таму дасьведчанасьць у «фэйках» у інтарэсах Крамля ў той ці іншай краіне залежыць ад колькасьці і якасьці экспэртаў у гэтым рэгіёне.
З наступнага году East Stratcom Task Force пашырыць сваю дзейнасьць. Група ня будзе абмяжоўвацца выкладаньнем скажоных фактаў, як гэта робіцца цяпер, а пяройдзе да аналізу мэтадаў распаўсюду ілжывай інфармацыі праз пракрамлёўскія СМІ.