Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Як прымусіць давяраць дзяржаўнаму тэлебачаньню? Разьбіраемся на прыкладзе Скандынавіі


Стакгольм
Стакгольм

Яны добра адукаваныя, але да некаторых пагрозаў зусім не гатовыя. Дзьве сотні дацкіх салдат у наступным годзе адпраўляюцца служыць у Эстонію. Напярэдадні яны пройдуць асаблівае навучаньне: як супрацьстаяць расейскім фэйкам і дэзінфармацыі. Як ня стаць, напрыклад, героем жоўтай навіны пра «зьверствы НАТА». Праблему дасьледуе Current Time.

Можна было б падумаць, што Міністэрства абароны Даніі проста перастрахоўваецца. Але справа ў іншым. Проста датчане, як і іх суседзі, прызвычаіліся давяраць СМІ. Папросту кажучы, ім і ў галаву ня прыйдзе, што дзяржаўнае тэлебачаньне будзе нахабна хлусіць гледачу.

Каму вераць у Даніі?

Датчанін Ёахім Ніэлсэн умее манэўраваць у віры інфармацыі і можа падказаць, дзе навіны абʼектыўныя, а дзе — так сабе. Пяцьдзясят разоў на дзень ён хапаецца за тэлефон, газэту, пляншэт. Нават у кавярні просіць пераключыць на навінавы канал.

«Больш за ўсё я давяраю тым мэдыям, да якіх я часьцей за ўсё зьвяртаюся. У Даніі гэта дацкае грамадзкае вяшчаньне пад назвай DR. Яны маюць чатыры каналы, якія вельмі добрыя і збалянсаваныя», — кажа Ніэлсэн.

Ёахім — калумніст, піша для буйных дацкіх газэт і іх сайтаў. Але давярае пры гэтым менавіта тэлебачаньню.

«Я ўпэўнены, што фэйкавых навінаў нашмат больш у сацсетках, чым на дацкім грамадзкім тэлебачаньні», — кажа ён.

Ёахім не адзінокі ў сваім выбары. Амаль кожны другі датчанін давярае мясцоваму тэлебачаньню, каля 60 адсоткаў вераць радыё. Такія вынікі дасьледаваньня Эўрапейскага вяшчальнага саюзу.

Каму верыць Швэцыя?

Суседнюю Швэцыю з Даніяй аб’ядноўваюць амаль аднолькавыя перавагі ў даверы да відаў сродкаў масавай інфармацыі. На першым месцы радыё, на другім — тэлебачаньне. У гэтым няма нічога дзіўнага, кажа прафэсар Дацкай школы журналістыкі Генрык Ёргенс.

«Я думаю, галоўная прычына ў тым, што ў Паўночнай Эўропе вельмі моцная традыцыя грамадзкага тэлебачаньня. Усе вядучыя мэдыі падтрымліваюцца і фінансуюцца дзяржавай. У нас не было такіх жа канфліктаў інтарэсаў, як і ў іншых краінах. Думаю, таму грамадзяне задаволеныя грамадзкім вяшчаньнем», — тлумачыць ён.

У чым сакрэт даверу да традыцыйных СМІ?

  • Ўрад ня ўмешваецца

У адрозьненьне ад постсавецкіх краінаў ні датчане, ні швэды не пераймаюцца з нагоды магчымага ўмяшаньня чыноўнікаў у рэдакцыйную палітыку грамадзкага каналу, нават нягледзячы на дзярждапамогу. Бо ў такім выпадку палітык асуджаны назаўжды загубіць сваю рэпутацыю.

  • У новых СМІ занадта шмат фэйкаў

Рэйтынгі даверу каналаў і радыё зьвязаныя ня толькі з традыцыяй і бездакорнай рэпутацыяй, а яшчэ і ўзрастаньнем хвалі фэйкаў ў інтэрнэт-прасторы гэтых краінаў. Людзям проста надакучыла гуляць «пад дудку ілжывых укідаў». З гэтай прычыны давер да сацыяльных сетак імкліва падае.

Найбольш прыкметная такая тэндэнцыя ў Даніі. Але гэта адбываецца практычна ва ўсёй Эўропе. Толькі 36 адсоткаў грамадзянаў Эўразьвязу давяраюць інтэрнэту, і толькі кожны пяты — сацыяльным сеткам, такім як фэйсбук, твітэр і гэтак далей. У той жа час давер да радыё і тэлебачаньня ўзрастае.

Традыцыйныя СМІ выратуюць ад фэйкаў?

З аднаго боку, гэта добра, кажуць экспэрты. Бо людзі пачынаюць арыентавацца ў інфармацыі і шукаюць надзейныя крыніцы. З іншага — дрэнна, што ў Эўропе і ў прыватнасьці Даніі і Швэцыі дзяржава менш траціць грошы на паляпшэньне якасьці сацсетак і інтэрнэту, адкуль чэрпае інфармацыю моладзь.

«Сацсеткі і інтэрнэт — гэта мэдыі для маладых. Таму, вядома, грамадзкія каналы павінны гэта разумець і больш укладваць сіл для стварэньня добрых гісторый у сацсетках. Бо гэта крыніца, дзе маладыя людзі атрымліваюць інфармацыю»., — кажа прафэсар школы журналістыкі Ёргенс.

Эўрапейская тэндэнцыя ў корані адрозьніваецца ад сытуацыі ў постсавецкіх краінах, дзе ў пошуках абʼектыўнай інфармацыі людзі сыходзяць у інтэрнэт, ня маючы моцнага даверу да дзяржаўных або грамадзкіх каналаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG