Мяркуючы па ўсім, у беларуска-расейскіх дачыненьнях насьпеў чарговы крызіс, завязаўся новы канфліктны вузел. Прычым, у самы апошні час.
Яшчэ 18 лістапада, прымаючы міністра замежных спраў Расеі Сяргея Лаўрова, Аляксандар Лукашэнка казаў: «Мы пачынаем новы год у прынцыпе без праблемаў у нашых адносінах, нават дробных. Мы дамовіліся па ўсіх пытаньнях».
Падаецца, тая лёгкая эўфарыя ў Лукашэнкі ад дачыненьняў з Масквой была абумоўлена нядаўнім рашэньнем Крамля пакінуць наступным годам усе мыты за нафтапрадукты ў беларускім бюджэце. Думаю, тая шчодрасьць Расейскай Фэдэдрацыі была нечаканай для самога кіраўніцтва Беларусі. Дастаткова было лёгкага шантажу, пагрозы не ратыфікаваць дамову аб стварэньні ЭАЭС, каб Масква саступіла і шырокім жэстам падарыла саюзьніку каля 1 мільярда даляраў.
Але літаральна праз тыдзень пасьля сустрэчы Лукашэнкі з Лаўровым грымнула харчовая вайна. Яна цягнулася тры тыдні. За гэты час кіраўнік Беларусі правёў дзьве адмысловыя нарады з вышэйшым кіраўніцтвам краіны з нагоды харчовага канфлікту. На згаданых нарадах, а таксама падчас сустрэчаў Аляксандра Лукашэнкі з губэрнатарам Санкт-Пецярбургу Георгіем Палтаўчанкам, зь дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам прэзыдэнт Беларусі абрынуўся на Расею з жорсткай крытыкай, якой даўно ня чулі.
Здавалася б, у чым праблема: здымі слухаўку, патэлефануй Пуціну і вырашы ўсе праблемы. Але пра тэлефонныя перамовы двух прэзыдэнтаў ніякай інфармацыі няма. Магчыма, такія размовы і былі. Але пра іх паведамляюць, мусіць, толькі тады, калі трэба пахваліцца посьпехам. А тут хваліцца не было чым.
Была яшчэ дзіўная заява таго ж Сяргея Лаўрова, што Беларусь і Казахстан могуць далучыцца да расейскага эмбарга на імпарт прадуктаў харчаваньня з заходніх краінаў. Дзіўная таму, што ні Менск, ні Астана не праяўляюць ніякага жаданьня ўдзельнічаць у канфлікце Расеі з усім сьветам. Ці гэта чарговая неадэкватнасьць расейскай замежнай палітыкі, чаго апошнім годам было нямала, ці водгук нейкіх закулісных перамоваў, падчас якіх РФ цісьне на саюзьнікаў, патрабуючы ад іх салідарнасьці з Масквой?
Ці вось яшчэ адна канфліктная кропка. Падчас сустрэчы прэзыдэнта Беларусі зь дзяржсакратаром саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам Лукашэнка запратэставаў супраць таго, каб паседжаньне вышэйшага дзяржсавету саюзнай дзяржавы адбылося ў адзін дзень з самітам АДКБ і ЭАЭС. Лукашэнка ня хоча «у фармалізм ператвараць наша мерапрыемства». Але калі няма праблемаў, то якая розьніца, наколькі працяглая сустрэча. Сэнс у правядзеньні сур’ёзных і нефармальных перамоваў зьяўляецца толькі тады, калі ёсьць праблемы ў адносінах.
Упершыню пасьля 19 сьнежня 2010 году афіцыйны Менск спрабуе так дэманстратыўна гуляць на супярэчнасьцях паміж Расеяй і ЭЗ
І самы дзіўны факт. 11 сьнежня ў Міністэрстве замежных спраў Беларусі адбылася сустрэча з кіраўнікамі дыпляматычных місіяў краінаў ЭЗ. У афіцыйным паведамленьні беларускага зьнешнепалітычнага ведамства адзначаецца: «Падчас размовы адбыўся абмен думкамі па праблемных пытаньнях у адносінах Рэспублікі Беларусь і Расейскай Фэдэрацыі, а таксама па пытаньнях разьвіцьця эўразійскіх інтэграцыйных працэсаў. У гэтым кантэксьце была адзначана важнасьць дыялёгу і супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ».
У згаданым паведамленьні — ажно тры дзіўныя рэчы. Першая нечаканасьць палягае ў самім факце такой сустрэчы ў момант няскончанай харчовай вайны з Расеяй.
Другая дзівоса — парадак дня абмеркаваных пытаньняў. Аказваецца, МЗС запрасіў эўрапейскіх амбасадараў, каб абмеркаваць зь імі праблемы ў беларуска-расейскіх адносінах (!). Вось дык нагода. Атрымліваецца, што Менск паскардзіўся эўрапейскім дыпляматам на Расею. І менавіта «ў гэтым кантэксьце была адзначана важнасьць дыялёгу і супрацоўніцтва паміж Беларусьсю і ЭЗ».
Трэцяя неспадзяванка. Пра гэтую сустрэчу МЗС старанна і актыўна распаўсюдзіў інфармацыю. Каб усе ведалі.
Здавалася б, гэтага дастаткова, каб у Маскве зразумелі сыгнал і задумаліся. Але, мусіць, у беларускім МЗС палічылі, што на Смаленскай плошчы (там разьмешчаны МЗС РФ) ці ў Крамлі людзі ня вельмі дасьведчаныя і ўважлівыя. Таму для самых няўважлівых беларускае Міністэрства замежных спраў дадало яшчэ адну інфармацыю:
«Міністар замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей таксама правёў тэлефонныя размовы з шэрагам сваіх калегаў з краінаў ЭЗ і абмеркаваў зь імі разьвіцьцё сытуацыі ў рэгіёне і беларуска-эўрапейскія адносіны».
Упершыню пасьля 19 сьнежня 2010 году афіцыйны Менск спрабуе так дэманстратыўна гуляць на супярэчнасьцях паміж Расеяй і ЭЗ. Маскве паказваюць: калі яна ня пойдзе на саступкі, то Беларусь паверне ў бок Эўропы. Калі гэты трэнд захаваецца, то, можа, і палітвязьняў пачнуць вызваляць?