Мельянцоў: Лукашэнка не паедзе на саміт у Латвію, нават калі яго запросяць

Дзяніс Мельянцоў

Крэмль будзе спакойна рэагаваць на праэўрапейскую актыўнасьць Аляксандра Лукашэнкі, а сам ён на саміт Усходняга партнэрства ў Рыгу не паедзе, — лічыць старшы аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Дзяніс Мельянцоў.

Як вы ацэньваеце шэраг апошніх дыпляматычных візытаў у Беларусь эўрапейскіх чыноўнікаў і палітыкаў? Ці верыце, што ЭЗ сапраўды мае распрацаваную стратэгію збліжэньня зь Беларусьсю? З аднаго боку, гучалі меркаваньні, што гэта ледзьве не дыпляматычны прарыў, а з другога — не пасьпела зьехаць намесьніца генэральнага сакратара Эўрапейскай службы зьнешніх дзеяньняў Хэльга Марыя Шмід, як кіраўніца прадстаўніцтва ЭЗ у Беларусі Майра Мора заяўляе, што Беларусь яшчэ зрабіла занадта малыя крокі для таго, каб стасункі з ЭЗ пацяплелі.

— Я б не супрацьпастаўляў тое, што казалі адны і што кажуць іншыя. Калі казаць пра Хэльгу Шмід і Гунара Віганда, то яны ў Беларусі сустракаліся з прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасьці. І падчас сустрэчаў таксама гучалі словы пра тое, што эўрапейцы будуць падымаць пытаньне правоў чалавека і палітвязьняў.

Спадарыня Мора таксама паўтарае збольшага тое, што яна казала раней. Яна мусіць выказваць афіцыйную пазыцыю ЭЗ, паколькі яна кіруе прадстаўніцтвам. Афіцыйная пазыцыя ЭЗ не памянялася: ён патрабуе таго самага, што патрабаваў, і паўтарае рэзалюцыі, якія былі прынятыя. Гэта вялікая бюракратычная машына, і інакш яна дзейнічаць ня можа.

Але палітычны кантэкст такі, што ўсё роўна зь Беларусьсю трэба кантактаваць. Трэба ўлічваць так званыя «добрыя паслугі», якія афіцыйны Менск аказвае па ўрэгуляваньні канфлікту ва Ўкраіне. Гэта адзначаюць усе і на сустрэчах высокага ўзроўню, і на сустрэчах з экспэртамі.

І палітыкі дзейнічаюць крыху інакш. Так, Рынкевічс (міністар замежных спраў Латвіі. — АД), які прыяжджаў, дазволіў сабе трошкі больш, чым эўрапейскія бюракраты. Ён казаў і пра візавую лібэралізацыю, і пра саміт, і пра тое, што паляпшаюцца адносіны. Таму я б разводзіў выказваньні палітыкаў, з аднаго боку, і эўрапейскіх чыноўнікаў — з другога.

Цяперашнія візыты будуць азначаць для Аляксандра Лукашэнкі нейкія канкрэтныя бонусы з боку Эўропы?

— Цалкам магчыма. Калі раней у заходніх мэдыях пісалася, што Беларусь — гэта незразумелая дыктатура на ўскрайках Эўропы, то цяпер пішуць і пра «менскі працэс», і пра саміт, і пра пазыцыю па Ўкраіне, і ўсё гэта падаецца зусім у іншым тоне. Гэта ўзьдзейнічае на імідж і Беларусі, і Лукашэнкі адпаведным чынам.

З другога боку, дзякуючы незалежнай пазыцыі Беларусі па Ўкраіне і таму, што былі ўведзеныя санкцыі супраць Расеі, паляпшаюцца нашы эканамічныя адносіны. Памятаеце, як пасьля жнівеньскага саміту вельмі хутка пачаліся візыты разнастайных «суседніх» міністраў эканомікі і пачалі праводзіцца розныя бізнэс-мерапрыемствы?

Гэта таксама такі своеасаблівы бонус, і часта гэта не трапляе ў СМІ. У СМІ трапляюць візыты палітычныя. А афіцыйны Менск, хутчэй, зацікаўлены ў тым, што Лукашэнка шмат разоў падчас сваёй прэс-канфэрэнцыі ахарактарызаваў як «грошы патрабуюць цішыні». Так яно і адбываецца. І прэм’ер-міністар літоўскі прыехаў у Магілёў на форум, і была сустрэча з польскім міністрам эканомікі.

Усё гэта прыводзіць да паляпшэньня эканамічных стасункаў, што для Беларусі ня менш важна, чым адносіны палітычныя.

Але паляпшэньне эканамічных стасункаў — досыць працяглы і павольны працэс, і ён ня дасьць крытычных вынікаў у бліжэйшай будучыні. А ўжо 3 сакавіка Аляксандар Лукашэнка сустракаецца з Уладзімерам Пуціным у Маскве. Ці будзе Крэмль патрабаваць нейкай кантрыбуцыі за ўсе гэтыя рэвэрансы ў бок Эўропы? Ці будзе цярпець усё гэта да прэзыдэнцкіх выбараў і дражніць крэдытамі?

— Вядома, у расейскіх СМІ некаторыя рэчы прадстаўленыя так, што Беларусь ледзьве не ўступае ў ЭЗ і НАТО. Але па факце — радыкальных зьменаў няма. Адбываецца паступовая нармалізацыя: Беларусь спрабуе з самай нізкай часткі графіка нашых адносінаў з Захадам неяк іх падняць да ўзроўню больш-менш нармальных суседзкіх.

Калі паглядзець на Расею, то яе адносіны з ЭЗ — на нашмат вышэйшым узроўні, чым мае Беларусь з ЭЗ

Калі паглядзець на Расею, то яе адносіны з ЭЗ — на нашмат вышэйшым узроўні, чым мае Беларусь з ЭЗ. У нас нават няма ратыфікаванай дамовы аб супрацоўніцтве і партнэрстве. Гаворка не ідзе ні пра якую пераарыентацыю, а проста пра спробу аднавіць стасункі, якія былі ў вельмі кепскім стане.

Думаю, што Пуцін гэта разумее. Ён таксама разумее, што ў той цяжкай эканамічнай сытуацыі, якая цяпер ёсьць як у Расеі, так і ў Беларусі, няма сэнсу вельмі моцна прэсаваць Беларусь. Бо калі цалкам адрэзаць яе ад Захаду, то Расеі давядзецца плаціць за Беларусь і падвышаць колькасьць субсыдыяў. А Расеі трэба плаціць за Крым і аплочваць ваенныя выдаткі.

Таму думаю, што хутка, вядома, пытаньне расейскага крэдыту ня вырашыцца, але, тым ня менш, ніякіх канфліктных сытуацыяў да выбарчага пэрыяду ня будзе. Таму што гэта дрэнна адбіваецца на іміджы Эўразійскага саюзу, які толькі-толькі запусьціўся.

Расеі, хутчэй, выгадна працягваць спакойныя адносіны зь Беларусьсю, тым ня менш непублічна ціснучы на тое, каб Беларусь выканала свае папярэднія абяцанкі. Гэта азначае продаж прадпрыемстваў або інтэграцыю некаторых прадпрыемстваў з расейскімі. І па максымуме гэта, вядома, падтрымка расейскай пазыцыі па Ўкраіне.

І запрашэньне Лукашэнкі на саміт «Усходняга партнэрства» ў Рызе яшчэ ня будзе знакам для Крамля, каб заклікаць беларускага суседа да парадку?

— Запрашэньне — рэч сымбалічная. Нават калі Лукашэнку туды запросяць, ня факт, што ён туды паедзе. Максымум, што можа зрабіць Лукашэнка на гэтым саміце, — гэта ўласнаручна падпісаць дамову аб візавым пытаньні, якое ў Расеі з ЭЗ ужо даўным-даўно вырашана.

Для Расеі тут няма аніякай пагрозы, апроч іміджавай: бліжэйшы саюзьнік Расеі ручкаецца з заходнімі кіраўнікамі. Але думаю, што да гэтага ня дойдзе, калі ня будзе пазаштатных сытуацыяў.

Ня дойдзе да ручканьня ці ня дойдзе да таго, каб Расея прымала меры?

— Я думаю, што Лукашэнка ўсё ж такі не паедзе на Рыскі саміт, нават калі яго запросяць. Хутчэй, адправяць міністра замежных спраў разам з прэм’ерам вырашаць пытаньне.

Чаму?

Калі яго запросяць пэрсанальна, то ён можа сказаць: «Дзякуй вам вялікі, будзем супрацоўнічаць, але я не паеду, каб вас не бянтэжыць»

— Не паедзе ён таму, што па-першае, заўжды ёсьць пагроза абструкцыі. Ён прыедзе, а зь ім ніхто не захоча вітацца і будуць ад яго адварочвацца, як ад Пуціна ў Брысбэне. Зь іншага боку, ён разумее, што трэба даць магчымасьць захаваць твар Эўрапейскаму Зьвязу. Калі яны яго запросяць пэрсанальна, то ён можа пайсьці на саступкі ЭЗ і сказаць — «Дзякуй вам вялікі, будзем супрацоўнічаць, але я не паеду, каб вас не бянтэжыць», — груба кажучы.

Калі ж да таго моманту адносіны значна палепшацца, напрыклад, ЭЗ замарозіць санкцыі, ці ўвогуле іх адменіць, альбо што-небудзь яшчэ вельмі пазытыўнае адбудзецца, тады магчыма разглядаць такі варыянт, што Лукашэнка сапраўды там будзе пэрсанальна.

Калі ж не, то я, зыходзячы зь сёньняшняга моманту і стану адносінаў, схіляюся да таго, што запрашэньне, можа, і будзе (хутчэй за ўсё, непублічнае), але беларускі прэзыдэнт наўрад ці туды паедзе.

У мяне складаецца ўражаньне, што вы яму цяпер наўпрост прапаноўваеце сцэнар паводзінаў на бліжэйшыя 3–4 месяцы. Вы самі ведаеце, што маеце рэпутацыю ледзьве не галоўнага лабіста збліжэньня рэжыму Лукашэнкі з Эўразьвязам?

— Калі б у мяне была пасада не аналітыка незалежнага цэнтру, зарэгістраванага ў Літве, а кіраўніка якога-небудзь буйнога інфармацыйнага агенцтва ў Беларусі, то тады можна было б нешта лабіраваць. І, вядома, калі б мяне слухаліся ў афіцыйным Менску, то гэта было б вельмі добра. Але, на жаль, такога няма.

А ў Эўропе?

— Калі б там слухаліся, то гэта было б маім найбольшым дасягненьнем у жыцьці. (Сьмяецца.)