Навучэнца мастацкай студыі Fortinbras пры Свабодным тэатры Міхаіла Каўко абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаванага мерапрыемства. За гэта яму прысудзілі штраф у 20 базавых велічынь (3 600 000 рублёў альбо 194 даляры), хаця пакараньне па такім артыкуле магло быць удвая большым.
Міхаіл Каўко сказаў Свабодзе, што быў гатовы і да горшага:
«Канечне, спатрэбіцца дапамога, будзем шукаць у праваабаронцаў, але дакладна яшчэ ня ведаем. Гэта ня тое пытаньне, якое зараз будзем абмяркоўваць. Калі ішоў на акцыю, чакаў, што можа быць і арышт, таму штраф — гэта яшчэ ня самае кепскае, што магло б адбыцца.
Вядома, я рыхтаваўся да акцыі і дакладна ведаў, што мне рабіць. Таму ніякай пагрозы ні для сябе, ні для людзей, якія былі побач, не было. Як я бачыў у інтэрнэце, мо на адзін дзень, мо на два, але пачалі абмяркоўваць гэтую праблему людзей з кепскім слыхам і немагчымасьцю выкліку экстраных службаў. Паглядзім, якія будуць далейшыя наступствы».
25 сьнежня на пляцоўцы каля Ратушы, дзе ў гэты час адбывалася сьвяточная калядная імпрэза, Міхаіл Каўко правёў адзіночны пікет — ён апрануў адмысловыя пальчаткі з гаручым рэчывам і падпаліў іх. На сабе Каўко трымаў таблічку «Мы будзем гарэць — ім будзе пляваць». Акцыя ладзілася ў падтрымку людзей з парушэньнямі слыху, якія ня могуць выклікаць службы экстранай дапамогі.
Your browser doesn’t support HTML5
Your browser doesn’t support HTML5
За 24–27 сьнежня студэнты тэатральнай лябараторыі Fortinbras пры беларускім Свабодным тэатры разам з інвалідамі-вазочнікамі правялі цэлы шэраг мастацкіх акцыяў, блякавалі рух транспарту на інвалідных вазках, ладзілі «гонкі» вазочнікаў, надязвалі маскі і спрабавалі прайсьці па горадзе ўсьляпую, трансьлявалі на сьцены на будынкаў фатаздымкі з праекту «Камін-аўт».