Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Бег, які робіць дзяцей шчасьлівымі, — гісторыя бацькоў і дзяцей зь фізычнымі абмежаваньнямі


«Інваліднасьць набыла іншае адценьне, не такое змрочнае. Дзяўчынка ажыла!»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:06:00 0:00
Наўпроставы лінк

Заснавальнік «Каманды «Крылы анёла» Дзьмітры Цімашкоў, у якую ўваходзяць бацькі дзяцей зь фізычнымі абмежаваньнямі, рыхтуецца да маратону і шукае памяшканьне пад юрыдычны адрас дабрачыннай арганізацыі.

Мэта арганізацыі — садзеяньне інклюзыўным (усеабдымным) працэсам, якія дапамогуць дзецям, калі ня поўнасьцю інтэгравацца ў грамадзтва, дык максымальна разьвіць у іх фізычныя здольнасьці.

Дзьмітры Цімашкоў восем гадоў змагаецца за жыцьцё сваёй дачкі Лілі, якая пакутуе на цяжкую інваліднасьць. Як расказвае Дзьмітры, доўгі час ён знаходзіўся ў дэпрэсіі, і вось аднойчы адна знаёмая перадала іхнай сям’і інвалідны бегавы вазок. Такія вазкі ён бачыў на адным з амэрыканскіх сайтаў. Дзьмітры пачаў займацца бегам:

«Спачатку я пачаў бегаць раніцай. Прабягу гадзінку — вяртаюся да хаты, а Ліля толькі-толькі прачынаецца. Потым дачку пачаў браць з сабой. Вазок быў вялікі, аднак я налаўчыўся і бег разам зь Ліляй».

Сумяшчаць працу зь лячэньнем і рэабілітацыяй Лілі было вельмі цяжка. Дзьмітры вырашыў прысьвяціць сябе клопатам аб дачцы. Пасьля наведваньня ў ЗША Інстытуту дасягненьняў патэнцыялу чалавека Глена Домана, Дзьмітры сам распрацаваў для Лілі ўласную мэтодыку рэабілітацыі. Яе сутнасьць у тым, што дзяўчынка робіць кантрасныя акунаньні ў ваду, невялікія фізычныя практыкаваньні. Як адзначае Дзьмітры, дынаміку паляпшэньня агульнага стану Лілі нельга не заўважыць:

Тут у яе зьяўляецца матыў, што рух — гэта добра. Яна перажывае гэтае адчуваньне, нават не пачаўшы яшчэ хадзіць.

«Інваліднасьць набыла іншае адценьне, не такое змрочнае. Дзяўчынка ажыла! Яна радуецца ўжо ў машыне, як толькі мы зьбіраемся сюды ехаць. Тут у яе зьяўляецца матыў, што рух — гэта добра. Яна перажывае гэтае адчуваньне, нават не пачаўшы яшчэ хадзіць. Яна ўжо стаіць, ды наогул, стала зусім іншым, эмацыйным дзіцёнкам».

У 2015 годзе Дзьмітры Цімашкоў стаў удзельнікам Менскага паўмаратону і прабег разам з дачкой 21 кілямэтар. Ён стварыў праект «Каманда «Крылы анёла», які знайшоў водгук у іншых людзей, чые дзеці пакутуюць на інваліднасьць. У сацыяльнай сетцы Фэйсбук была створана суполка «Каманда «Крылы анёла».

Штотыдзень сябры суполкі прыяжджаюць у Рэспубліканскі цэнтар алімпійскай падрыхтоўкі, каб далучыць дзяцей да заняткаў спортам. Бацькі ўпэўненыя, што бег зь дзіцём у інвалідным вазку зьяўляецца вельмі эфэктыўным сродкам рэабілітацыі як для дзяцей з парушэньнямі рухальнага апарату, так і для іх саміх.

Вялікія станоўчыя зьмены ў фізычным і эмацыйным стане сваёй дачкі заўважыла і Наталя Матусевіч, маці Веранікі.

У дзяўчынкі вырасьлі „крылы“, яна стала падобнай на звычайнае дзіця! Я проста маральна адпачываю.

«Цяпер, як мы штосьці робім — вынік бачны адразу. А раней нам казалі, што ўсе вашыя дзеяньні (па рэабілітацыі) ня маюць значэньня. У дзяўчынкі вырасьлі „крылы“, яна стала падобнай на звычайнае дзіця! Я проста маральна адпачываю».

Наступны крок у падтрымцы дзяцей з парушэньнямі рухальнага апарату Дзьмітры Цімашкоў бачыць у стварэньні юрыдычнай некамэрцыйнай арганізацыі, якая змагла бы дапамагаць сем’ям у набыцьці неабходнага інвэнтару для бегу.

«Першае, што я зрабіў — пайшоў у выканкам і напісаў ліст на імя старшыні: „Калі ласка, дайце мне памяшканьне альбо дапамажыце яго знайсьці па нармальным кошце для разьмяшчэньня там юрыдычнага адрасу“. Пакуль невядома, чым гэта ўсё скончыцца. Гэты ліст перакідваюць адно аднаму, але яны мяне ўважліва слухаюць, і мне гэта падабаецца. Гэта вялікая праблема. І яны самі ня ведаюць, што рабіць з такімі дзецьмі. А мы хочам стварыць групу, якая сама сябе падтрымлівае. Мы дапамагаем вырашыць сацыяльную праблему, якая ёсьць у дзяржаве. Я вельмі спадзяюся, што дзяржава нам трошкі дапаможа. Ці атрымаецца гэта ці не? Я ня ведаю. Аднак, ёсьць людзі, гатовыя ахвяраваць сродкі на добрую справу. Гэта небезнадзейная справа. Вы ахвяруеце сродкі і адразу бачыце вынік — дзіцё шчасьлівае».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG