Сьледзтва: трагедыя здарылася, бо цяжарная настойвала на хатніх родах
Паводле афіцыйнай інфармацыі са сьледчых органаў, 30-гадовая жыхарка Санкт-Пецярбургу прыехала ў Віцебск да маці, каб нарадзіць другое дзіця. Стаўшы на ўлік у жаночай кансультацыі, яна адмаўлялася ад прапановаў шпіталізацыі падчас цяжарнасьці. Заявіла, што нарадзіць таксама хацела б у хатніх умовах. Мэдыкі папярэджвалі маці пра небясьпеку і адказнасьць, але не пераканалі.
17 лютага Вольга (імя сапраўднае, але прозьвішча рэдакцыя РС не называе з этычных меркаваньняў) нарадзіла дзяўчынку. Аднак немаўля не закрычала і мела праблемы з дыханьнем. Парадзіха спрабавала сама дапамагчы немаўляці, а таксама папрасіла сваю маці, якая знаходзілася тут жа, у кватэры, выклікаць хуткую дапамогу. Нованароджаную дзяўчынку забралі ў рэанімацыю, але праз пэўны час канстатавалі сьмерць.
Маці: «Вольга не адмаўляла магчымасьці нараджаць у радзільні. І нават не падрыхтавала пакой для хатніх родаў»
2 сакавіка Сьледчы камітэт распачаў супраць маці нованароджанай дзяўчынкі крымінальную справу паводле часткі 1 артыкула 144 Крымінальнага кодэксу РБ (спрычыненьне сьмерці празь неасьцярожнасьць). Маці парадзіхі, спадарыня Надзея, нязгодная з абвінавачаньнямі, выстаўленымі супраць дачкі:
«Паўсюль пішуць, што Вольга настойвала на хатніх родах. Гэта няпраўда. Так, першую дачку, Насьцю, яна нарадзіла дома, у Санкт-Пецярбургу. Зацяжараўшы ў 29 гадоў, яна вельмі адказна ставілася да свайго стану, прайшла адмысловыя курсы па падрыхтоўцы да хатніх родаў. І тады ўсё было як мае быць: прыемная музыка, побач клапатлівы муж... Гэтым разам я перапытвала яе: „Можа, усё-ткі паедзеш у радзільню?“ Вольга адказвала: „Можа, і паеду“. Прынамсі, у кансультацыі ёй раілі прыйсьці ў радзільню 19 лютага. Але ўсё здарылася раней, яна нават не падрыхтавала пакой для хатніх родаў».
Маці кажа, што ёй невядома, ці падпісвала Вольга нейкія афіцыйныя паперы, што адмаўляецца нараджаць пад наглядам мэдыкаў. Але ўпэўнена кажа, што для адмоваў ад шпіталізацыі падчас цяжарнасьці былі падставы. Маўляў, двухгадовая дачка Насьця была вельмі прывязаная да яе, і Вольга не наважвалася пакінуць дзіця нават на кароткі тэрмін.
Лазьня, сямейная вячэра — і імклівыя роды
Паводле спадарыні Надзеі, дачка зь першых дзён жыцьця прывучала ўнучку да лазьні: штопятніцы яны хадзілі парыцца. 17 лютага таксама была пятніца, паход у лазьню на апошнім тыдні цяжарнасьці адмяняць ня сталі, хаця ў трохпакаёвай віцебскай кватэры ёсьць усе выгоды і ўмовы для гігіенічных працэдур. Але дачка ў парылцы не была, чакала бабулю з унучкай у агульным аддзяленьні. Вярнуўшыся дахаты, жанчыны павячэралі ды пачалі займацца хатнімі справамі.
Ад станцыі хуткай дапамогі да нашага дома — каля 1,5 кілямэтра. Хуткая ехала хвілін 20, потым яны выклікалі рэанімацыйную брыгаду, і мы зноў чакалі каля 20 хвілін
«Каля 17 гадзіны Вольга паскардзілася на боль у жываце, пайшла ў спальню і зачыніла дзьверы. Дачка, як хвосьцік, з крыкам кінулася за ёй. Я спрабавала супакоіць Насьцю, што зараз маме палепшае, і яна выйдзе. Але не прайшло й 15 хвілін, як Вольга закрычала: „Мама, выклікай хуткую! Яна ня дыхае!“ Я ўбачыла на парозе спальні дачку, якая трымае ў руках немаўля. Набрала 103, сказала, што нарадзілася мёртвае дзіця. Мабыць, ад стрэсу. Бо дачка казала: „Яна жывая, яна проста ў асьфіксіі“. Я патэлефанавала другі раз. Папрасіла прыехаць хутчэй. Ад станцыі хуткай дапамогі да нашага дома — каля 1,5 кілямэтра. Хуткая ехала хвілін 20, потым яны выклікалі рэанімацыйную брыгаду, і мы зноў чакалі каля 20 хвілін. За гэты час дачка пасьпела памыцца і памыць малую, але ніякіх маніпуляцый, якія нібыта абцяжарылі стан здароўя немаўляці, яна не рабіла. Мэдыкі таксама не спрабавалі нешта зрабіць. Проста стаялі. А потым павезьлі нованароджаную і маці ў шпіталь».
Даведаўшыся, што немаўля ўратаваць не ўдалося, парадзіха не засталася ў мэдычнай установе: яна вярнулася дадому позна ноччу, адмовіўшыся ад пераліваньня крыві ва ўмовах стацыянару. Маці кажа, што ў Вольгі была анэмія, дыягнаставаная яшчэ падчас цяжарнасьці. Але і раней, і цяпер яна адмаўлялася ад шпіталізацыі, бо хвалявалася за псыхалягічны стан дачкі Насьці.
Паводле экспэртызы, сьмерць немаўляці наступіла праз 30 хвілін пасьля нараджэньня. Сваякі пэўныя, што мэдыкі маглі б уратаваць жыцьцё, калі б пасьпяшаліся.
Паводле спадарыні Надзеі, яе дачку нельга вінаваціць у трагедыі. Бо толькі каля 20.30 мэдыкі падлучылі немаўля да апарату штучнай вэнтыляцыі лёгкіх. У 21.40 яны канстатавалі сьмерць дзяўчынкі.
Дзеля вывучэньня акалічнасьцяў сьмерці правялі дзьве экспэртызы. Першая праходзіла ў Віцебску, і адмыслоўцы пастанавілі, што немаўля загінула праз асьпірацыю — наглытаўшыся каляплодных вод падчас родаў. Другая экспэртыза была праведзеная пазьней у Менску. Прычынай сьмерці была названая асьфіксія. Маўляў, дзіця задыхнулася, але невядома — ці падчас родаў, ці яшчэ да таго.
Праз два тыдні пасьля здарэньня Вользе прад’явілі пастанову аб распачынаньні крымінальнай справы. Яе маці Надзея кажа, што спачатку сваякі ўспрынялі гэта як непаразуменьне, бо не лічылі Вольгу вінаватай у сьмерці дзіцяці. Тым болей што да яе не ўжывалі ніякіх мераў стрыманьня, яна нават езьдзіла на лячэньне ў Маскву і зьяўлялася ў сьледчыя органы на першае запатрабаваньне. Усе чакалі, што справу спыняць.
Сваякоў непакоіла іншае: чаму ім так доўга не аддаюць цела для пахаваньня? Дамагчыся гэтага ўдалося толькі праз два з паловай месяцы.
Маці арыштавалі ў дзень пахаваньня памерлай дзяўчынкі
Але 6 траўня, у дзень, на які была прызначана пахавальная цырымонія і крэмацыя немаўляці, Вольгу нечакана арыштоўваюць і зьмяшчаюць у СІЗА. На думку спадарыні Надзеі, гэта было зроблена адмыслова:
Дачцэ адразу сказалі: „Прызнай, што нарадзілася мёртвае дзіця. Тады ні ў кога ня будзе праблем“. Але яна настойвала, што дачка была жывая, а мэдыкі нічога не рабілі.
«Дачцэ адразу сказалі: „Прызнай, што нарадзілася мёртвае дзіця. Тады ні ў кога ня будзе праблем“. Але яна настойвала, што дачка была жывая, а мэдыкі нічога не рабілі. Муж Вольгі, прыехаўшы з Санкт-Пецярбургу, таксама сказаў віцебскім лекарам, што будзе настойваць на незалежнай экспэртызе. Можа, гэтага яны і баяліся? Бо якраз у той дзень, калі мы мусілі забіраць дзяўчынку з моргу, калі ўжо была замоўлена рытуальная заля для разьвітаньня ў Віцебску і крэмацыя ў Менску, дачку забралі ў СІЗА».
З тае пары ў сьледчы ізалятар на спатканьне да Вольгі сваякоў пусьцілі ўсяго два разы: адзін раз — маці, а другі — мужа. Маленькая Насьця жыве цяпер з татам і ягонымі бацькамі на лецішчы пад Санкт-Пецярбургам. Мама Вольга малюе яе партрэты каляровымі алоўкамі ды перасылае зь віцебскага СІЗА. Разьвітацца з малодшай дачкой, якую ў пасьведчаньні аб нараджэньні запісалі Лізай, яна так і не змагла.
Вольга і яе сваякі чакаюць суду, каб хаця б убачыцца
Спадарыня Надзея не разумее, навошта трымаць дачку пад вартай так доўга:
«Я пісала заявы, каб яе перавялі пад хатні арышт, але сьледчыя адмовілі. Навошта яе трымаюць пад вартай, як небясьпечнага злачынцу? Яе лёс і так пакараў — больш жорстка ўжо няма куды! Адно добра — што Вольга ня бачыла сваю дачку ў тым выглядзе, як нам яе аддалі ў моргу судмэдэкспэртызы. У нейкай каробцы з-пад мэдпрэпаратаў, усю скурчаную, заледзянелую. Сказалі, што хаваць трэба неадкладна, такі кепскі стан цела... Адвакат кажа, што Вольга дрэнна сябе адчувае. Анэмія прагрэсуе, а яна ня можа есьці тое, што там даюць. Мы ж маем права на перадачы толькі да 30 кг на месяц, а гэта і ежа, і рэчы... У СІЗА кажуць, што падставаў для пераводу ў шпіталь няма».
Справу пра сьмерць дзяўчынкі, якую маці нарадзіла дома, але не змагла ўратаваць, будзе разьбіраць Чыгуначны райсуд Віцебску. Пакараньне, якое можа быць ёй прысуджана, — папраўчыя працы тэрмінам да 2 гадоў, абмежаваньне волі да 3 гадоў ці пазбаўленьне волі на такі самы тэрмін.
Адмыслоўцы кажуць, што праблему з асьпірацыяй каляплоднымі водамі ва ўмовах мэдычнай установы вырашаюць за некалькі хвілін і немаўля застаецца жывое і здаровае.
Крымінальны кодэкс Беларусі не прадугледжвае адказнасьці за хатнія роды: жанчына мае права выбіраць, ці нараджаць у дзяржаўнай мэдычнай установе, ці ў іншых умовах. Справу супраць віцебскай парадзіхі распачалі не таму, што роды былі хатнія, а таму, што дзіця загінула. Сваякі хочуць, каб працэс быў адкрыты, бо ня лічаць Вольгу вінаватай у сьмерці нованароджанай дачкі.