«Падзелу ў нас няма». У касьцёле пад Докшыцамі каталікі і праваслаўныя моляцца разам пад «знакам яднаньня»

Your browser doesn’t support HTML5

Адзіны ў Беларусі «падвойны» каталіцка-праваслаўны крыж

Адзіны ў Беларусі касьцёл з двума крыжамі, каталіцкім і праваслаўным, адкрыўся ў 2010 годзе ў вёсцы Бярозаўка Докшыцкага раёну.

На імшу і ў нядзельную школу мясцовыя прыходзяць разам — незалежна ад веры. Свабода зьезьдзіла ў касьцёл, якія наведваюць многія праваслаўныя.

Мясцовы пробашч падкрэсьлівае адзінства хрысьціянства

У 2003 годзе каталіцкая супольнасьць у Бярозаўцы атрымала стары будынак калгаснай канторы ў цэнтры вёскі. У 2010 годзе былая кантора стала касьцёлам Маці Божай Вастрабрамскай.

Раней тут былі рэшткі калгаснай канторы

І хоць афіцыйна гэты храм лічыцца касьцёлам, крыж на ім падвойны — каталіцкі і праваслаўны. Два крыжы выходзяць з аднаго кораня, разыходзяцца, а потым ізноў злучаюцца гарызантальнай папярэчынай.

Гэты крыж называецца «знакам яднаньня». Мясцовы ксёндз Марэк Пасют і мастак зь Верхнядзьвінску Валер Шчасны задумалі такі сымбаль, каб паказаць еднасьць канфэсіяў.

Знак яднаньня перад бярозаўскім касьцёлам

Падвойны крыж актуальны для Бярозаўкі. Да вайны яна ўваходзіла ў склад Польшчы. Па словах Чэслава Надольскага, 93-гадовага тутэйшага жыхара, раней вёску насялялі ў асноўным каталікі.

«Але потым павыяжджалі ў Польшчу, — кажа Надольскі. — І цяпер тут ужо болей праваслаўных жыве».

«Каб ня крыўдзіць праваслаўных», ксёндз Марэк вырашыў пазначыць, што гэты касьцёл адкрыты для людзей усіх канфэсіяў.

Кастусь Шыталь — мясцовы краязнаўца

«Мясцовы пробашч захацеў падкрэсьліць адзінства хрысьціянства, — кажа краязнаўца​ Кастусь Шыталь. — Што гэта ня дзьве розныя веры — каталіцтва і праваслаўе. Што яны вырастаюць з аднаго кораня — Ісуса Хрыста, Госпада нашага».

У касьцёле каталіцкія і праваслаўныя абразы вісяць побач

Падвойныя крыжы ў Беларусі сустракаюцца і ў іншых месцах. Часам на ўездах у гарады ці вёскі стаяць побач каталіцкі і праваслаўны крыж. На могілках у Вялейцы побач стаяць два крыжы, злучаныя адной папярэчынай. Але такога крыжа, як у Бярозаўцы, няма больш нідзе.

Сьвятыя каталіцкія і праваслаўныя тут побач

Гэты знак яднаньня ў пачатку 2000-х вынайшаў мастак Валер Шчасны. У яго шмат карцін на экумэнічныя тэмы.

«У гэтым жа і ёсьць хрысьціянства — яно расьце з аднаго кораня, — сказаў Шчасны Свабодзе. — Тэма яднаньня ня новая, але ў мяне свой погляд на яе».

У Бярозаўцы сышліся мастак-экумэніст і ксёндз, які будаваў касьцёл у праваслаўнай вёсцы. Айцец Марэк аднаўляў яшчэ некалькі капліц у Докшыцкім раёне. Але падвойны крыж мае толькі бярозаўскі касьцёл.

Таксама ў гэтым касьцёле побач вісяць іконы праваслаўнага сьвятога Серафіма Сароўскага і каталіцкага Францішка Асыскага, Эўфрасіньні Полацкай, якую вызнаюць за сьвятую праваслаўныя і грэка-каталікі, і сьвятога папы Яна Паўла ІІ.

Усім падабаецца, што разам можна хадзіць маліцца

Як гэта і задумваў айцец Марэк з Валерам Шчасным, бярозаўскі касьцёл стаў храмам паяднаньня. На імшу, асабліва на вялікія сьвяты, прыходзяць і каталікі, і праваслаўныя.

Перад касьцёлам застаецца помнік чырвонаармейцам

А на катэхезу — рэлігійныя заняткі — дык увогуле прыходзіць больш праваслаўных дзяцей, чым каталіцкіх. Зь дзесяці чалавек, якія наведваюць катэхезу сёньня, толькі двое з каталіцкіх сем’яў.

«Царквы ж у нас няма, і мае дзеці, хоць мы і праваслаўныя, толькі дзякуючы касьцёлу навучыліся хоць бы „Ойча наш“ казаць», — кажа Тамара Каляга зь Бярозаўкі.

Людміла Надольская (зьлева) і Ганна Каляга

У спэцыфічным касьцёле праходзяць і асаблівыя заняткі з рэлігіі. Тут робяць акцэнт на тым, што хрысьціянства адзінае, і адрозьніваюцца толькі канфэсійныя абрады.

Многія мясцовыя праваслаўныя кажуць: нічога страшнага ў тым, што праваслаўныя ходзяць у касьцёл, няма.

«Падзелу ў нас няма, — кажа Людміла Надольская, яшчэ адна жыхарка Бярозаўкі. — Усім падабаецца, што разам можна хадзіць маліцца».

Гэтаксама і каталікі далучаюцца да праваслаўных сьвятаў, якія праходзяць у Бярозаўцы. Калі сёлета праваслаўныя ладзілі працэсію ў вёсцы, да яе далучаліся і мясцовыя каталікі.

Цяпер нас ведае сьвет

Пры тым, што каталікоў у Бярозаўцы ня так шмат, менавіта новы касьцёл абудзіў мясцовую супольнасьць. Сьвята ўраджаю, якое ладзіць айцец Марэк увосень каля касьцёла, фактычна стала сьвятам вёскі. Пасьля імшы тут расстаўляюць сталы зь ежай, а мясцовы клюб ладзіць канцэрт.

«Як сьвята ўраджаю штогод мы адзначаем, столькі многа людзей прыходзіць! — кажа Людміла Надольская. — Аж трашчыць касьцёл».

Дзякуючы ўнікальнаму касьцёлу ў Бярозаўку сталі прыяжджаць амбасадары, турысты і пілігрымы. На хвалі інтарэсу да вёскі айцец Марэк хацеў бы знайсьці спонсара, каб у былым будынку бровара на беразе возера адкрыць дом адпачынку.

Рэшткі бровара каля касьцёла, зь якіх айцец Марэк хацеў бы зрабіць дом адпачынку

«Цяпер столькі людзей у нас вянчаецца — і з Масквы, і зь Менску да нас едуць, — кажа Людміла Надольская. — Ніхто ня ведаў пра Бярозаўку, а цяпер нас ведае сьвет».