Беларусь падтрымала дэклярацыю Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства» з агаворкай, у якой не пагаджаецца з крытыкай на адрас Расеі і яе агрэсіі ва Ўкраіне. Асноўныя заявы Ўладзімера Макея ў Рызе.
Міністар замежных спраў Беларусі Ўладзімер Макей паведаміў журналістам па выніках пасяджэньняў саміту «Ўсходняга партнэрства», што беларуская дэлегацыя ў Рызе напісала дадатковую заяву да выніковага дакумэнту — Супольнай дэклярацыі.
Пра беларускую агаворку да Супольнай дэклярацыі саміту
Уладзімер Макей патлумачыў, што гэтая агаворка датычыць пункту пра анэксію Крыму Расеяй:
«Нашы партнэры лічаць, што нейкія эмацыйныя гучныя заявы дапамогуць вырашыць праблемы, якія патрабуюць штодзённых, настойлівых, вялізных намаганьняў. Яны паспрабавалі ўключыць гучныя заявы, якія абвінавачваюць нейкія бакі, у заключную дэклярацыю Рыскага саміту. І паспрабавалі прадставіць гэта такім чынам, што ўсе праблемы „Ўсходняга партнэрства“ залежаць ад зьнешніх фактараў».
Паводле спадара Макея, у дадатковай заяве Беларусі гаворыцца пра тое, што Беларусь не прымае пэўныя параграфы, у якіх прысутнічаюць канфрантацыйныя пасылы на адрас трэціх краін — Расеі.
«У чым праблема? Ведаеце, мы заўсёды лічылі і лічым, што захады ў рамках „Усходняга партнэрства“ павінны быць накіраваныя на тое, каб удасканальваць наша супрацоўніцтва ў рамках гэтай ініцыятывы. Яны павінны прыносіць канкрэтную карысьць краінам-удзельніцам, умацоўваць стабільнасьць, бясьпеку і спакой у рэгіёне і на кантынэнце ў цэлым. Гэтая ініцыятыва не павінна ствараць новых разьдзяляльных лініяў, успрымацца зь нейкай занепакоенасьцю суседзямі суседзяў, як кажуць у ЭЗ».
Пра эўрапейскі ціск на Януковіча
Эўразьвязу, перш чым «ківаць на кагосьці», трэба паглядзець на сябе, заявіў спадар Макей:
«Я згадваю Віленскі саміт, калі былому прэзыдэнту Ўкраіны Януковічу дакладна сказалі: вы альбо падпішаце дамову аб асацыяцыі, або апыняцеся дзесьці на іншым баку. І яшчэ было сказана, што мы вас падтрымліваем, але мы вам ня будзем дапамагаць. Што заставалася спадару Януковічу? Толькі шукаць падтрымкі ў тых, хто быў гатовы да гэтага».
Гэтыя фактары прывялі цяпер ініцыятыву «Ўсходняе партнэрства» да разлому, зазначыў спадар Макей:
«Галоўнае ў гэтай сытуацыі ня ў тым, каб зрабіць гучную заяву, а каб паспрабаваць вырашыць актуальныя для нашага кантынэнту праблемы. А менавіта — забясьпечыць мір, стабільнасьць і бясьпеку ў рэгіёне і ў першую чаргу вырашыць украінскі крызіс».
У цэлым, паводле спадара Макея, выніковая вэрсія дэклярацыі саміту была для Беларусі непрымальная:
«Але з улікам таго, што ў гэтай дэклярацыі ўтрымліваецца шэраг важных для Беларусі момантаў, мы ў цэлым падтрымалі яе, але мы зрабілі дакладную інтэрпрэтуючую заяву што да непрымальных для нас пасажаў у гэтай дэклярацыі. Гэта пісьмовая заява, якую мы папрасілі прыкласьці ў якасьці афіцыйнага дакумэнта».
Пра аблягчэньне візавага рэжыму з Эўразьвязам
Уладзімер Макей пазытыўна ацаніў працу Беларусі з Эўрапейскім Зьвязам над пытаньнем заключэньня дамоваў аб палёгцы ў візавым рэжыме і аб рэадмісіі.
«Гэта была ініцыятыва нашага прэзыдэнта, якую я на яго даручэньне агучыў на Віленскім саміце. Было праведзена некалькі кансультацыяў, мы дастаткова пасьпяхова прасунуліся па пытаньнях заключэньня гэтых дамоваў. Я магу сказаць, што фактычна мы знаходзімся дзесьці блізка да фінальнай стадыі. На просьбу нашых партнэраў мы пачалі працэдуру ўнутранага ўзгадненьня гэтых дакумэнтаў, для таго каб узважыць, наколькі яны адпавядаюць нашым нацыянальным інтарэсам. Але на нейкім этапе нашы партнэры знайшлі тэхнічныя зачэпкі, якія не дазволілі нам выйсьці на парафіраваньне гэтых дамоўленасьцяў на рыскім саміце. Мы працягваем працу над імі».
Калі будзе падпісаная дамова, спадар Макей з пэўнасьцю паведаміць ня змог:
«Мы дамовіліся, што экспэрты будуць сустракацца. Праца над дамоўленасьцямі будзе патрабаваць часу, але мы гатовыя працаваць над гэтым разам з Эўрапейскім Зьвязам. Але не хацелася б прымяркоўваць гэта да нейкіх памятных юбілейных датаў».
Агульная ацэнка саміту
У цэлым пра вынікі саміту Ўладзімер Макей сказаў:
Немагчыма параўнаць тое, што было ў Вільні, і тое, што маем у Рызе, што да ацэнак дзеяньняў Беларусі
«У цэлым — дастаткова канструктыўна. Гэта з аднаго боку. Але зь іншага — з вуснаў асобных прадстаўнікоў некаторых краін гучала канфрантацыйная рыторыка. Гэта і ў кантэксьце ўкраінскага крызісу, а таксама ў сувязі з ацэнкаю ўнутранай сытуацыі краін-удзельніц „Усходняга партнэрства“. Але галоўнае, што я вынес з гэтага саміту, — нельга дапусьціць зьяўленьня новых разьдзяляльных лініяў у Эўропе, нельга ставіць краіны-ўдзельніцы перад выбарам, „белыя ці чырвоныя“, і трэба думаць пра тое, як забясьпечыць мір і спакой у рэгіёне».
«Мы сваю пазыцыю дакладна заявілі. Гэта працэс. І мы бачым, што мяняецца разуменьне таго, якім чынам павінна разьвівацца „Ўсходняе партнэрства“ ў будучыні. Мяняецца стаўленьне да асобных краін. Немагчыма параўнаць тое, што было ў Вільні, і тое, што маем у Рызе, што да ацэнак дзеяньняў Беларусі, іншых краін-удзельніц», — заявіў спадар Макей.
Пра эўрапейскія санкцыі
На пытаньне, ці не абмяркоўваў ён з эўрапейцамі пытаньне зьняцьця санкцыяў супраць беларускіх уладаў, Макей адказаў:
«Мы абмяркоўваем усе пытаньні з нашымі эўрапейскімі калегамі. Больш за тое, сёньня нават міністры некаторых краін, якія заўсёды вельмі стрымана ставяцца да Беларусі, праявілі ініцыятыву што да сустрэчы са мной. І ў нас адбылася вельмі плённая і канструктыўная размова».
Аднак ніякай канкрэтыкі пра гэтыя сустрэчы Ўладзімер Макей дадаць ня змог.
Пра адносіны з Латвіяй
Спадар Макей паведаміў, што сёньня ён падпісаў з латвійскім міністрам замежных спраў дадатковую дамову аб разьвіцьці малога памежнага руху:
«З Латвіяй нашы двухбаковыя адносіны разьвіваюцца вельмі паступальна. Нягледзячы на тое, што наш таваразварот зь некаторымі іншымі краінамі зьменшыўся, з Латвіяй у нас, наадварот, за гэты год павялічыўся на 15%. І ёсьць далейшая пэрспэктыва росту. Больш за тое, мы глядзім у будучыню, і мы падпісалі на днях адпаведнае пагадненьне паміж суб’ектамі гаспадараньня Беларусі і Рыскім портам аб супрацоўніцтве ў сфэры набыцьця інфраструктуры ў Рыскім порце для таго, каб мы мелі магчымасьць перавальваць праз Рыскі порт тавары, якія вырабляюцца ў Беларусі».
Пра палітвязьняў
На пытаньне пра тое, ці было вызваленьне беларускіх палітвязьняў умовай удзелу Аляксандра Лукашэнкі ў Рыскім саміце, спадар Макей адказаў:
«Я не разумею, пра што вы кажаце, таму што праблемы палітзьняволеных не існуе. Так, ёсьць людзі, якія знаходзяцца ў турме за зьдзяйсьненьне канкрэтных правапарушэньняў, за ўчыненьне канкрэтных злачынстваў. Я да гэтага часу не магу зразумець, як могуць лічыцца так званымі палітычнымі вязьнямі людзі, якія кідаюць кактэйлі Молатава (няважна — у будынак расейскай амбасады, у будынак Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі, у будынак Міністэрства абароны)».
Мікалай Статкевіч — гэта асобная гісторыя, прызнаў Макей.
Дзякуючы гэтым так званым палітвязьням прасоўваньне Беларусі ў напрамку Эўропы трохі стопарыцца, запавольваецца.
«Можаце паглядзець відэа, якое трансьлявалася па заходніх СМІ, як ён заклікаў урывацца ў будынак ураду некалькі гадоў таму пасьля прэзыдэнцкіх выбараў. Дарэчы, дзякуючы гэтым так званым палітвязьням прасоўваньне Беларусі ў напрамку Эўропы трохі стопарыцца, запавольваецца. Чаму? Бо яны вывелі людзей на плошчу, кінулі, стварылі праблему. Бо вынікі нашых выбараў тады ацанілі ўсе нармальна і станоўча. Пытаньне было толькі да тых падзеяў, якія здарыліся пасьля выбараў. І пытаньне было толькі ў занадта эмацыйнай, з падказкі нашай апазыцыі, ацэнцы Эўразьвязам гэтых падзеяў. Яшчэ раз: ніякіх палітвязьняў у Беларусі няма. Так, ёсьць людзі, якія адбываюць пакараньне за зьдзяйсьненьне канкрэтных злачынстваў.
Ёсьць прававая аснова для таго, каб яны выйшлі на волю. Ва ўсякім выпадку, чаму прэзыдэнт павінен выпускаць іх на волю? Як гэта ўспрымуць людзі, як гэта ўспрымуць у грамадзтве? Напішуць прашэньне аб памілаваньні — калі ласка, камісія аб памілаваньні разглядае гэтыя просьбы, ёсьць устаноўленая працэдура, парадак. А далей ужо кіраўнік дзяржавы або зацьвярджае гэтае рашэньне, або вяртае на дадатковы разгляд».
Пра пашырэньне ўдзелу ва «Ўсходнім партнэрстве»
Уладзімер Макей заявіў, што беларускія ўлады зацікаўленыя, каб ініцыятыва «Усходняе партнэрства» існавала. Мы, дадаў ён, зацікаўленыя ў раўнапраўным удзеле Беларусі ў гэтай ініцыятыве.
«І мы гатовыя ўносіць свой максымальны ўклад у разьвіцьцё гэтай ініцыятывы. Я сёньня пра гэта казаў у сваім выступе. Мы хочам, каб гэтая ініцыятыва прыносіла канкрэтную аддачу. Мы можам абмяжоўвацца нейкімі палітычнымі дэклярацыямі, пераконваць адзін аднаго ў тым, што трэба рухацца ў напрамку Эўразьвязу ці яшчэ кудысьці, але з гэтага ня будзе толку, калі простыя людзі не адчуюць канкрэтнай аддачы ад гэтай ініцыятывы. Таму гэтая ініцыятыва павінна быць нацэлена на вынік.
Мы пра гэта і казалі. У аснове асноў, мы лічым, павінна стаяць эканоміка. І мы, дарэчы, вельмі актыўна працуем у бізнэс-вымярэньні «Ўсходняга партнэрства».
Пра ціск Масквы
Уладзімер Макей заявіў, што з боку Масквы на Беларусь за яе ўдзел у саміце ціску не было:
«Вы, відаць, ведаеце заяву нашага прэзыдэнта пра тое, што бессэнсоўна чыніць ціск на Беларусь. Няважна, зь якога боку — з Усходу ці з Захаду. Так, у нас былі дыскусіі і размовы на гэтую тэму з расейскімі сябрамі. Мы выказвалі сваю пазыцыю, яны — сваю насьцярожанасьць. Але мы заўсёды былі шчырыя як з Эўразьвязам, так і з расейскімі хаўрусьнікамі ў тым, што мы ніколі ня будзем выкарыстоўваць гэтую ініцыятыву дзеля таго, каб забясьпечыць сабе, умоўна кажучы, сяброўства з Эўразьвязам за кошт Расеі або наадварот. Мы ня хочам рабіць выбар „або — або“, мы хочам сябраваць з усімі».