У горадабудаўнічы плян Магілёва неабходна дадаць лоску і гармоніі. Пра гэта заявіў Аляксандар Лукашэнка, слухаючы даклад аб разьвіцьці вобласьці, піша БЕЛТА.
«Я сёньня знарок заяжджаў у горад з боку Менску. І дамы быццам бы ёсьць прыгожыя. Але няма лоску, добраўпарадкаваньня і зручнасьці для людзей, — сказаў Лукашэнка. — Гармоніі ніякай».
Ён адзначыў, што ў астатніх абласных цэнтрах ужо наведзены парадак і створана ўтульнасьць, аднак Магілёў адстае па гэтых пазыцыях.
«Трэба разгледзець ва ўрадзе пытаньне, чым мы можам дапамагчы ў гэтым кірунку. Але галоўнае, каб у вас быў па-гаспадарску складзены плян мадэрнізацыі гораду», — зьвярнуўся Лукашэнка да кіраўніцтва Магілёва.
Падчас паездкі ў Магілёў Лукашэнка таксама наведаў ААТ «Магілёўскі завод ліфтавага машынабудаваньня», дзе выказаўся наконт наяўнасьці працоўных месцаў у Беларусі.
«Галоўны мой клопат, каб людзі былі занятыя, але з адной толькі ўмовай: калі яны хочуць працаваць. Для тых, хто жадае працаваць, я гатовы рабіць усё, каб яны знайшлі сваё працоўнае месца. І такіх працоўных месцаў і ўмоў для стварэньня працоўных месцаў сёньня дастаткова», — адзначыў Лукашэнка.