Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перад прыездам Лукашэнкі рамантавалі Гомель і затрымлівалі людзей

абноўлена

Аляксандар Лукашэнка ў Гомелі
Аляксандар Лукашэнка ў Гомелі

17 чэрвеня ў Гомелі Аляксандар Лукашэнка адкрываў рэгулярны рух цягнікоў на электрычнай цязе па маршруце Гомель — Менск — Гомель, закладваў капсулу для нашчадкаў у падмурак новага комплексу пры абласным дзіцячым клінічным шпіталі на вуліцы Жаркоўскага, наведваў кандытарскую фабрыку «Спартак».

Яшчэ на пачатку адзінаццатай гадзіны рух грамадзкага транспарту на Прывакзальную плошчу абмежавалалі. У бок чыгуначнага вакзалу людзі ў цывільным запынялі пасажыраў, не пускаючы ні на прыгарадны, ні на міжгародні вакзалы.

«Нельга! Мерапрыемства да 15 гадзінаў», — тлумачаць дзядзькі ў строгіх гарнітурах з рацыямі ды слухаўкамі ў вушах.

Па перымэтры плошчы сабралася багата людзей, гараджанаў і прыежджых — чакалі, калі скончыцца абмежаваньне.

Тым часам па праспэкце Перамогі міліцыя схапіла і адвезла ў Чыгуначны пастарунак былога афіцэра міліцыі, кіраўніка гарадзкой арганізацыі АГП Уладзімера Няпомняшчых. На ім была майка з надпісам: «За Беларусь без Лукашэнкі».

Уладзімер Няпомняшчых
Уладзімер Няпомняшчых

«Сказалі, трымаць будуць тры гадзіны. Пратакол пакуль не складаюць», — пасьпеў паведаміць праз мабільны тэлефон грамадзкі актывіст.

Рамонт прыпынку на вуліцы Савецкай
Рамонт прыпынку на вуліцы Савецкай

Блізу адзінаццаці гадзінаў да чыгуначнага вакзалу падкаціў картэж кіраўніка дзяржавы у суправаджэньні машын ДАІ з уключанымі мігалкамі. Аляксандара Лукашэнку сустракалі тут зь вялікім бела-чырвоным букетам дзьве маладзіцы ў форменным адзеньні чыгуначніц, кіраўнікі ведамства, а таксама мясцовыя чыноўнікі, пашыхтаваныя ў лінейку.

На пэроне, пры якім кіраўніка дзяржавы чакаў электрацягнік швэйцарскай кампаніі «Штадлер» з электравозам БКГ-2 вытворчасьці КНР, у два шыхты стаялі адмыслова закліканыя сюды вэтэраны-чыгуначнікі ды студэнты ўнівэрсытэту транспарту.

Кіраўнік дзяржавы заявіў, што яму прыемна сустракацца з чыгуначнікамі:

«Я наагул вельмі трапятліва стаўлюся да чыгуначнікаў. Тут ня людзі, а крэмень. Прыемна бачыць, што моладзь ідзе працаваць на чыгунку».

Пакуль кіраўнік дзяржавы аглядаў электрацягнік і слухаў даклад начальніка Беларускай чыгункі Ўладзімера Марозава, міліцыя і спэцслужбоўцы дазволілі на некаторы час заходзіць у будынкі вакзалаў. Але літаральна празь пяць-сем хвілін зноў спынілі людзкі паток.

​«Людзі, чаго маўчыце?»

Каля трох дзесяткаў гараджанаў аказаліся заблякаванымі ў прыгарадным вакзале.

Жанчына з клункамі пачала гучна абурацца такімм парадкамі: «Што гэта такое — цягнікі паадмянялі, вакзалы перагарадзілі? Людзі, чаго маўчыце?»

Старшы прапаршчык міліцыі стаў суцяшаць кабету, тлумачыць, што гэта, маўляў, ненадоўга. А на волю можна выйсьці праз падземны пераход, хоць там таксама стаяць заслоны.

Кабета ў гадах, якая зайшла з рынку даведацца расклад руху дызеля да дачнага пасёлку Куток і таксама аказалася ў пастцы, ад няма чаго рабіць стала пераказваць гарадзкія навіны: «У мяне дачка на „Гомсельмашы“ працуе. Дык ім там заробак да прыезду Лукашэнкі выдалі. Грошай, кажуць, у іх няма, а вокны ў „белым доме“ (заводакіраваньні) на „габэкаўскія“ замянілі — так рыхтаваліся».

Паміж двума вакзаламі на перакладзенай нядаўна брукаванцы грамада з паўсотні чалавек чакае вяртаньня Лукашэнкі да картэжу. Чэрвеньская пятніца выдалася гарачай. У натоўпе ёсьць і тыя, у каго з-пад каўняра на патыліцы да вушное слухаўкі цягнецца сьпіралепадобны правадок. Угару падняты смартфоны і мабільныя тэлефоны, каб рабіць здымкі. Добраахвоты ў цывільным папярэджваюць: «Блізка не здымаць».

«Самыя добрыя людзі — гамельчукі»

Лукашэнка вяртаецца з пэрону на Прывакзальную плошчу ў атачэньні плоймы чыноўнікаў. Ён паварочвае да грамады, кажа колькі фразаў пра разьвіцьцё чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту.

«Прыяжджайце на Сож адпачываць!» — гучаць прапановы з натоўпу.

«Дык я ж заўсёды пачынаю адпачынак з Гомельшчыны», — адказвае Лукашэнка, маючы, відаць, на ўвазе свае традыцыйныя паездкі ў рэгіён на гадавіну Чарнобылю і непрацяглае наведваньне сваёй рэзыдэнцыі на Прыпяці, блізу вёскі Кабачок Петрыкаўскага раёну.

Кіраўнік дзяржавы быў надзвычай шчодрым на пахвалу на адрас гамельчукоў:

«Самае лепшае, што ў нас ёсьць — гэта народ. А самыя добрыя людзі — гамельчукі».

Яны, маўляў, навучылі, як трэба пераадольваць чарнобыльскую катастрофу, заўсёды трымаюць слова. А яшчэ — галасуюць на выбарах нават лепей, чымсьці на Магілеўшчыне, дзе, як сказаў кіраўнік дзяржавы, ён працаваў.

Падзякаваўшы грамадзе, Аляксандар Лукашэнка выправіўся на будаўнічую пляцоўку аб’екту «Абласны дзіцячы клінічны шпіталь».

Людзкія патокі ажылі, на Прывакзальную плошчу зноў пайшоў грамадзкі транспарт. У горадзе густа патыхала разагрэтым на чэрвеньскім сонцы новым асфальтам ды сьвежай фарбай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG