Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нашто ўладзе патрэбная культура


Ці адбываецца яе паварот да нацыянальнай культуры? Чаму адны формы гэтай культуры ўлада прымае, іншыя — адкідае?

Цыганкоў: «Паважаць ня толькі сваю культуру, але і творчыя дасягненьні іншых народаў — гэта рыса беларускага нацыянальнага характару. Мы беражліва захоўваем скарбы мінулага і з задавальненьнем знаёмімся з мастацтвам нашых суседзяў. Думаю, у гэтым сакрэт міралюбнасьці і ўзаемаразуменьня, якімі славяцца беларусы», — сказаў Аляксандр Лукашэнка на сьвяце «Александрыя зьбірае сяброў».

Ці сапраўды апошнія месяцы адбываецца тое, што назвалі «мяккай беларусізацыяй»? Ці гэта толькі імітацыя, патрэбная беларускаму кіраўніцтву для нейкіх сваіх мэтаў? Акрамя «Александрыя зьбірае сяброў» можна ўзгадаць нядаўняе сьвята вышыванкі, якое нядаўна прайшло ў Беларусі і якое да зьдзіўленьня некаторых людзей узначалілі ўлады, туды была далучаная арганізацыя БРСМ і выступалі міністар культуры, старшыня мясцовага гарвыканкаму — усе яны прамаўлялі па-беларуску. Гэтае многія заўважылі, і гэта ставіць пытаньне, якое абмяркоўваецца апошнія гады пасьля крымскіх падзей — «мяккая беларусізацыя».

Пагаджуся з агульным меркаваньнем, паколькі факты нельга аспрэчваць: сапраўды такі працэс ідзе. Канешне, кажуць пра абмежаваньні, у якіх ён ідзе, але ён ідзе дастаткова пасьлядоўна, хоць і ня вельмі актыўна і ня так актыўна, як хацелася б многім беларускацэнтрычным людзям.

Калі ўлада і дазваляе чыста фармальную беларусізацыю, то па прыкметах, якія ня маюць прывязкі да палітыкі.

Перш за ўсё ўлада сама баіцца надта прысьпешваць, і ўсе гэтыя крокі ішлі па двух накірунках. Улада ў некаторых сфэрах перастала перасьледаваць актыўнасьць грамадзтва. Дзякуючы гэтаму стала вядомая арганізацыя symbal.by. Іншыя зьявы, якія прыціскаліся або замоўчваліся, таксама сталі праяўляцца.

Аднак рок-гурты, раней забароненыя, ня сталі гучаць без праблемаў, Лявон Вольскі па-ранейшаму мае праблемы з выступамі. Тут калі ўлада і дазваляе чыста фармальную беларусізацыю, то па прыкметах, якія ня маюць прывязкі да палітыкі альбо нават да нейкіх ідэйных разыходжаньняў.

Умоўна скажам: беларускі арнамэнт, вышыванка — яна была і ёсьць на беларускім афіцыйным сьцягу, чаму б яе не прапагандаваць? Нічога яна крамольнага для ўлады не нясе. Але калі гэта нейкі канкрэтны дзеяч мастацтва, які выказваецца палітычна, то справа іншая. Напрыклад, калі Ўладзімер Някляеў у дзень свайго нараджэньня хацеў правесьці чытаньне сваіх вершаў у парку Купалы і прыводзіў аргумэнт, што Максім Танк, Пятрусь Броўка і іншыя паэты праводзілі заўсёды ў гэтым парку свае чытаньні, то ўлада не дала дазволу. Адна справа — абстрактная вышыванка, другая — канкрэтны паэт і палітык Уладзімер Някляеў.

Карбалевіч: Увогуле стаўленьне ўладаў увогуле і Лукашэнкі ў прыватнасьці да культуры — інструмэнтальнае. Як да сфэры народнай гаспадаркі. Не параўнаць з стаўленьнем да спорту. Вядома, што Лукашэнка наведвае спартовыя мерапрыемствы значна часьцей, чым культурныя.

Улады разглядаюць культуру не як тое, што павінна будзіць у чалавека «разумнае, добрае, вечнае». Інструмэнтальнае стаўленьне да культуры прадугледжвае, што гэтая сфэра павінна выконваць пэўную палітычную, ідэалягічную функцыю. Таму акцэнт робіцца менавіта на такія мерапрыемствы.

Клясычны прыклад — фэстываль «Славянскі базар» як узор беларускай духоўнасьці і чыньнік інтэграцыі з Расеяй і увогуле адзінства славянаў. Прыезд розных зорак дазваляе рабіць палітычны піяр.

Стаўленьне ўладаў да культуры — інструмэнтальнае, як да сфэры народнай гаспадаркі.

Сьвята Купальля ў Александрыі важнае па некалькі прычынах. Найперш, гэта радзіма Лукашэнкі, і тут існуюць настальгічныя матывы. Па-другое, сьвята зрабілі міжнародным, што зноў жа дадае палітычнага піяру. Па-трэцяе, гэта апэляцыя да народных традыцыяў. Гэта нешта падобнае на тое, што было у савецкія часы. Тады каб прадэманстраваць «нацыянальную па форме і сацыялістычную па зьмесьце» культуру, зьвярталіся да народных традыцый, народнага фальклёру.

Купальле — гэта як раз добры прыклад. Яно, як і вышыванка, не нясе ніякага палітычнага падтэксту, не зьвязанае з апазыцыяй, не стварае ніякіх сьветапоглядных супярэчнасьцяў, як, напрыклад, мова.

Такую нацыянальную культуру ўлада трохі падтрымлівае.

Дракахруст: Мне падаецца ўдалай вашая, Валер, фармулёўка пра інструмэнтальны падыход да культуры.

Ва ўлады, асабліва пасьля Крыму, ёсьць патрэба ў больш шырокім наборы інструмэнтаў, мэханізмаў забесьпячэньня згуртаванасьці беларускага грамадзтва. Найперш — вакол сябе, але і згуртаванасьці і самой па сабе. Так, у нас ёсьць свае тэлебачаньне, грошы, войска, мяжа, але трэба ж і нейкія духоўныя падмуркі. На пытаньне «хто мы?» недастаткова адказаць, што мы тыя, хто абірае Лукашэнку. Трэба нешта такое, што ідзе спрадвеку.

Вышыванка ўсталёўвае неканфрантацыйную гістарычную сувязь і выконвае ролю інструмэнту большай грамадзянскай згуртаванасьці.

У гэтым сэнсе тыя самыя вышыванкі аптымальна падыходзяць. Гэта традыцыйны, спрадвечны сымбаль, які асабліва не выклікае палітычных пярэчаньняў, акрамя нейкіх маргінальных пэрсанажаў.

Хоць забаўна назіраць, як пачалі круціцца айчынныя крытыкі «нацыяналістычных вышыванак». Калі яе рэклямай і прасоўваньнем займалася «Арт-Сядзіба», яны аж заходзіліся ад гневу, а калі ўлада сказала, што трэба, на 180 градусаў перавярнуліся і цяпер заяўляюць, што гэта квінтэсэнцыя савецкай Беларусі.

Але ўлада гэтую кампанію праводзіць вельмі асьцярожна, баючыся разбудзіць расейскіх дэманаў. Па-першае, расейскую шавіністычную прэсу, якая нават у нявінных кроках у накірунку беларусізацыі бачыць крыважэрны нацыяналізм і пэрспэктыву генацыду расейцаў у Беларусі.

Але, па-другое, ёсьць перасьцярогі, як бы свой уласны электарат не адштурхнуць, не напалохаць, ня выклікаць у яго ня тыя палітычныя эмоцыі. Калі б улады прасоўвалі бел-чырвона-белы сьцяг, думаю, шмат у каго сярод прыхільнікаў улады ўзьнік бы кагнітыўны дысананс. А вышыванка яго не выклікае, яна ўсталёўвае неканфрантацыйную гістарычную сувязь і выконвае ролю інструмэнту большай грамадзянскай згуртаванасьці.

Цыганкоў: Вышыванка — гэта ўнікальная рэч, якая не пярэчыць ніякім іпастасям беларуса, ні савецкаму, ні нацыяналістычнаму, ні лукашэнкаўскаму.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода». На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG