Лукашэнка: Беларусы едуць па беларускія тавары за мяжу

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка падчас выступу з прамовай на нарадзе па эканамічных пытаньнях зьвярнуў увагу на высокія цэны ў Беларусі, перадае БЕЛТА.

«За межы краіны чым даражэй прадасьце — тым лепш. Унутры краіны цэны і без таго вельмі высокія. Наша насельніцтва ўжо не вывозіць тавары, а едзе, у прыватнасьці, у Расею і Ўкраіну, закупляе там тавары і ўвозіць у Беларусь, у тым ліку беларускія».

Аляксандар Лукашэнка падкрэсьліў, што адказнасьць за гэтыя сфэры браў на сябе ўрад.

Паводле яго слоў, у краіне няма праблемаў з вытворчасьцю тавараў, але важна слушна арганізаваць іх экспарт, каб атрымліваць разьлік за тавары ў валюце:

«Беларускія прадпрыемствы могуць выпускаць нядрэнную прадукцыю па прымальных цэнах. Пытаньне — у продажы гэтай прадукцыі за межы краіны. Прадамо больш прадукцыі — больш валюты будзе. Тады і ўсялякія размовы пра валютны крызіс у Расеі і абвал эканомікі будуць проста пустыя».