«Лідзкае піва» заявіла пра новае стаўленьне да беларускае мовы

Адкрытае акцыянэрнае таварыства «Лідзкае піва» паведаміла на сваім сайце, што зьбіраецца разгледзець пытаньне аб шырэйшым выкарыстаньні беларускай мовы ў рэкляме сваёй прадукцыі і іншых відах дзейнасьці.

У паведамленьні, зьмешчаным на сайце прадпрыемства, гаворыцца, што «колькасьць людзей, зацікаўленых у тым, каб беларуская мова выкарыстоўваўся ў рэкляме, нашмат большая, чым нам уяўлялася раней, попыт на яе, відавочна, ёсьць. Мы пачулі нашых спажыўцоў і абяцаем разгледзець пытаньне аб зьяўленьні беларускай мовы ў прасоўваньні нашай прадукцыі».

Днямі генэральны дырэктар ААТ «Лідзкае піва» Аўдрус Мікшыс, адказваючы на пытаньне Свабоды — чаму прадпрыемства, якое знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, не карыстаецца беларускай мовай на этыкетках і ў рэкляме сваёй прадукцыі — заявіў, што «мы вельмі дакладна сочым за рынкам і пакуль не назіраем тэндэнцыі спажыўцоў. Але калі зьявіцца такі сацыяльны заказ ад грамадзтва, то мы абавязкова да гэтага прыслухаемся. Але пакуль такога сацыяльнага заказу я не адчуваю».

Сацыяльны заказ зьявіўся літаральна за некалькі дзён. Старшыня Лідзкага ТБМ Станіслаў Суднік з гэтае нагоды заўважыў Свабодзе:

— Трэба паглядзець усё ж на іх практычныя крокі, а ня проста на заявы, бо ня верыцца, што ў іх шмат ад гэтага радасьці. Мы неаднойчы кантактавалі наконт гэтага пытаньня з адміністрацыяй прадпрыемства, але так нічога і не маглі дамагчыся. Пачакаем, калі зьявіцца першая прадукцыя зь беларускімі этыкеткамі, тады і будзем рабіць высновы.