Наколькі беларускае слова моцнае? Ня ў сэнсе лаянкі. Ці можа сваё перамагчы пазычанае, скажам, з ангельскай мовы? І ці можна даць жыцьцё прыдуманаму слова?
У сетцы кіёскаў "Хутка-смачна" перакус пад беларускімі імёнамі – такая палітыка кампаніі. Гэта луста, якой называюць сапраўды лусту хлеба, на якой скрыль сала ці паляндвіцы, карацей, бутэрброд. І гэта хадун – адпаведнік хот-дога. Хадун у Менску збольшага ведаюць.
Хаця слова хадун зь цяперашнім значэньнем уласьнікі сеткі прыдумалі, яшчэ 9 гадоў таму яго не было. Яны тлумачаць: «Хадун, ці хот-дог, назвалі так, бо есьці яго можна ідучы. Зьеў — і хадзі цэлы дзень!» Тут няма прыхаванай рэклямы: усе іх і так ведаюць. Аднак усё ж ня кожны мянчук ведае слова «хадун». А іншыя слова «хадун» ведаюць, але маюць сваё тлумачэньне.
Вось жа само слова ўжо было ў мове. З тымі значэньнямі, якія назвалі людзі на вуліцы: пра чалавека, як у выразе «ні хадун ні сядун». Або ў множным ліку — са значэньнем ’хадункі’. Хадуны рабілі, каб дзіця вучылася хадзіць. і акурат ’хадулі’. Любілі малыя на хадунах хадзіць. Аказваецца, ня ўсе гараджане забыліся на жывую дыялектную мову сваіх продкаў.
Карацей, словатворцам або адраджэнцам слова можа стаць кожны. А калі наступае пара адраджэньня мовы пасьля ўціску, словатворчасьць асабліва квітнее. У 80-я — 90-я наша мова пачала ачышчацца ад русыфікатарскай ды імкліва разьвівацца. Тэрміны "памежнік","мытня" сталі ўжывацца з 1991 году дзякуючы П. Садоўскаму, Л. Баршчэўскаму, іншым адукаваным беларускамоўным дэпутатам. Прычым мытня ў нас была спрадвеку, хоць гэта германізм. І, здаецца, на таможню яе ўжо не перавернуць. А слова памежнік хаця і новастворанае, але лягічнае, бо памежнік ахоўвае мяжу. І шкада, што пасьля 1994 году вярнуліся да «пагранічніка».
Яшчэ адно слова ў 2-й палове 1980-х нам, тагачаснай беларускамоўнай моладзі, рэзала слых. Гэта слова «маладзёжны» — няма ж у нас «маладзёжы». Давялося запусьціць ва ўжытак слова моладзевы, або маладзёвы. У абодвух варыянтах націску.
Цяпер назіраю, каторы зь іх у жывой практыцы пераважае, і дзіўлюся, як яны шырока пайшлі ды зьяўляюцца па ўсёй Беларусі.
Масавая аўтарская словатворчасьць — заканамерны працэс для моваў, што ў нейкі момант імкліва пашыраюць функцыянальнасьць.
Носьбіты расейскае мовы часам пакепліваюць зь беларускіх ці ўкраінскіх лексычных наватвораў. Але і іхныя сёньня звычайныя словы нехта некалі стварыў: Ламаносаў — вещество і градусник, Карамзін — промышленность, влияние і трогательный, а вялікі моўны экспэрымэнтатар Велімір Хлебнікаў прыдумаў слова лётчик. Таму нам не абавязкова жыўцом цягнуць апошняе слова — новы канструкт — у беларускую мову. Па-беларуску заканамерна лётнік.
Зямляк Язэпа Драздовіча з Лужкоў на Глыбоччыне Эліэзэр Бэн-Егуда, адраджаючы старажытны іўрыт, ствараў габрэям словы літаральна для ўсёй сучаснай цывілізацыі. Эстонцы не цураюцца ня толькі ствараць новыя словы з ужо наяўных у мове каранёў ды іншых складнікаў, а нават выдумляць новыя карані, як гэта зрабіў Манівальд Лубі, прыдумаўшы словакорань raal для кампутара.
І нашыя С. Некрашэвіч з М, Байковым, і У. Дубоўка, і Ян Станкевіч стваралі словы тысячамі. Ня кажучы ўжо пра Вацлава Ластоўскага зь ягонымі носьбіт, памер, жыхар, дойлід, злавесны, спаборніцтва, сьвятар — гэта тыя, што прызнала афіцыйная норма, а яшчэ ёсьць кудар (цудатворца або валхвец), старасхоў, хваласьпеў, агмень (тое, што «очаг») і шапка-няўгледка.
Такое звычайнае слова навучэнец стварыў Глебка, а цемрашал — Крапіва.
Слова заўзятар ня проста жыве, а трыюмфальна крочыць па сьвеце разам зь беларускімі носьбітамі гэтага тытула. Яго таксама прыдумалі — гэта зрабіў наш сучасьнік паэт Алесь Разанаў. А слова сумоўе, якое ведаюць многія абітурыенты, стварыў паэт Генадзь Тумас — перш для сумоўя душаў, і толькі потым яно стала абазначаць «допыт» абітурыента падчас паступленьня. Для любога моватворцы гонар, калі ягонае слова жыве.
Для абазначэньня ўсясьветнае сеткі інтэрнэту мовазнаўца, мастацкі перакладнік і журналіст Сяргей Шупа стварыў слова сеціва. Яно прымыкае да беларускае словаўтваральнае мадэлі сочыва (тое, што варэньне), марозіва, зьмесьціва (хоць утворанае не ад дзеяслова). І сеціва — ад сеткі — сталася незваротным фактам мовы. Вось ужо і відэадапаможнікі для ВНУ яно апанавала.
Аднак ня кожнае новапрыдуманае слова прыжываецца. У асартымэнце «Хутка-Смачна» ёсьць таксама златка — булка з сырам і вяндлінай. Прыблізна адпавядае сандвічу. Але корань злат ня наш, наша мова ад царкоўнаславянізмаў адмовілася яшчэ ў эпоху Вялікага Княства, у нас свае родныя поўнагалосныя формы. Параўнайма:
охладить — ахаладзіць
бранить — бараніць
младший — малодшы
злато — золата
Таму наўрад ці слову златка наканаванае ў нашай мове доўгае жыцьцё. А хадун будзе хадзіць. Адраджайма сваё.