Беларускі сьпявак Лявон Вольскі выдаў новы альбом «Псыхасаматыка» для вольнага праслухоўваньня на Soundcloud. Спампаваць альбом бясплатна можна з сайту выканаўцы.
Альбом складаецца з 16 песень, ён падзелены на дзьве часткі: агрэсіўны «Горад» і лірычны «Лес». Абедзьве часткі адкрываюць песьні пад назвамі «Гэй!», якія адрозьніваюцца і настроем, і тэкстам.
Альбом, грошы на які Вольскі сабраў праз інтэрнэт, будзе прэзэнтаваны 3 сьнежня ў Вільні. Да 24 лістапада ўладальнікі квіткоў на канцэрт могуць атрымаць бясплатныя візы ў Літву. Кружэлку пісала амаль тая ж каманда, што працавала над мінулым сольным альбомам Вольскага «Грамадазнаўства».
На сайце сьпевака прыведзены сьпіс тых, хто падтрымаў альбом грашыма: у ім ёсьць беларусы, палякі, немцы, амэрыканцы і многія іншыя. На альбом ахвяравалі нават з Новай Зэляндыі, Чылі, Ганконгу, Сынгапуру.