Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вольскі прадставіў першую песьню з альбому «Псыхасаматыка». Аўдыё


Вокладка альбому «Псыхасаматыка», Лявон Вольскі, 2016
Вокладка альбому «Псыхасаматыка», Лявон Вольскі, 2016

«Чалавек сярод людзей, гэй! У натоўпе жыць прасьцей»

Беларускі сьпявак Лявон Вольскі прадставіў першы «самотнік» са свайго новага сольнага альбому «Псыхасаматыка».

Песьня «Гэй!» будзе першай у альбоме, будзе адкрываць ягоную «цяжкую» частку. Але іншая вэрсія песьні зьявіцца і ў другой частцы альбому:

«Лёгкай яе цяжка назваць, гэта толькі гучаньне больш лёгкае. Там будзе іншы тэкст, толькі некаторыя радкі будуць паўтарацца, іншы нават рэфрэн», — тлумачыць Вольскі Свабодзе.

Альбом, грошы на які Вольскі сабраў праз інтэрнэт, будзе прэзэнтаваны 3 сьнежня ў Вільні. Да 24 лістапада ўладальнікі квіткоў на канцэрт могуць атрымаць бясплатныя візы ў Літву. Кружэлку пісала амаль тая ж каманда, што працавала над мінулым сольным альбомам Вольскага «Грамадазнаўства».

Хоць «Псыхасаматыка» стане толькі чацьвёртым сольным альбомам Вольскага, у ягонай дыскаграфіі яшчэ багата альбомаў з шэрагам гуртоў і праектаў, у тым ліку з «Крамбамбуляй», N.R.M. і «Мрояй». Што да апошняга, у байнэце згадалі пра першы канцэрт гурту 35 гадоў таму: 7 лістапада 1981 году. Але сам Вольскі ня лічыць той канцэрт вартай датай для адзначэньня дня народзінаў гурту:

«Калі лічыць выступ у мастацкай вучэльні за нейкі сур’ёзны канцэрт „Мроі“, дык так, але я б яго не лічыў. Мы яшчэ ледзь-ледзь гралі, сваіх песень не было амаль», — кажа ён са сьмехам.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG