Дзіўна, але самую выразную беларускую мяжу я пабачыў на Ўсходзе. Зрэшты, чаму дзіўна? Якія могуць быць гістарычныя межы на Захадзе — унутры Вялікага Княства і Рэчы Паспалітай? А вось каля мястэчка Ляды́ мяжа ўжо больш за сто гадоў пазначаная вялікім гранітным валуном. На якім напісана наступнае:
«В 1812 г. войска императора французов НАПОЛЕОНА перешли здесь границу старой России, 2 августа наступая победоносно на Москву, 6 ноября отступая после тяжкого поражения. Сооружение 1912 г. Краснинского земства».
Падзяляе дзьве краіны маленькая рэчка, якая цячэ ў нізіне. І побач з валуном на старой граніцы стаіць клясычны памежны чорна-белы паласаты слуп, які пазначае пачатак Старой Смаленскай дарогі. І пасьля такіх пазнак хочаш ня хочаш, а адчуеш, дзе Расея пачынаецца. Для лядоўскай старажылкі, 85-гадовай Вольгі Фраловай той, расейскі бераг быў берагам вясёлых пагулянак.
— Мы хадзілі праз рэчку. Разуемся і ў ваду. Там гулялі цэлы дзень. Там гарманістаў хапала на Расеі, у Бухарыне. Вёска Бухарына доўгая была. А колькі было моладзі! Там гульбя кожны дзень. Смалякі тыя зьяжджаліся з усяго навакольля. «Сербіяначку» танцуюць, смаляцкія дзеўкі дужа любілі яе танцаваць. Цыганачку. Дык ня здолееш паглядзець на той танец, столькі народу было. Такія былі гульбішчы. Кожны вечар у Бухарыне. Іхныя дзеўкі не любілі нас. Што іхныя хлопцы за намі бегалі. Нам, бывала, дзядоў у галаву нашпуляюць. Дзеўкі іхныя.
Хто гэта прыдумаў, што беларус глядзіць на Расею зьнізу ўверх? У Лядах на ўсходнюю суседку глядзяць са шкадаваньнем і спачуваньнем. Вось два маладжавыя пэнсіянэры, Мікола і Міхась, кураць у велізарнай пуні. Зрэшты, назваць Міхася пэнсіянэрам можна толькі па ўзросьце. Бо старая пуня даўно абсталяваная пад гараж для свайго трактара.
— Расея як была галодная, так і застаецца. Вазьмі Бухарына, бліжэйшую вёску. Была фэрма, малако вазілі. Цяляты былі, авечкі былі. Усё. Вымерла Расея, усё пустазельлем парасло. Там нашы дубровенцы лён сеюць, зьбіраюць, усё робяць. Там няма каму.
А яшчэ Ляды церпяць нашэсьце расейскіх вужоў.
— Вужы з Расеі да нас ходзяць праз рэчку. Напэўна, ужо ў кожным доме разьвяліся. А раней не было такога.
— Раней біліся вёска на вёску. А тут? Краіна на краіну?
— Ды там біць няма каго.
Мова ў Лядах мяшаная. З выразным мяккім «рʼ». «Цэрьква». «Середа». Але школа беларуская. Беларускай яна засталася дзякуючы былой дырэктарцы Галіне Сіняковай. Якая сорак гадоў таму прыехала сюды з Клеччыны.
— Тут вельмі шмат русізмаў, бо побач мяжа. Я калі прыехала сюды працаваць у 70-я, у нашу школу хадзілі дзеці са Смаленшчыны. Школу хацелі зрабіць рускамоўнай, але мы здолелі адстаяць. Школа засталася беларускай. Нашы вучні ніхто на тэставаньні не здае рускую мову. Толькі беларускую.
Сёлета школа страціла статус «сярэдняй» і стала «базавай». Бо няма дзяцей. У першую клясу пойдуць толькі чатыры вучні.
— Школа на мяжы з Расеяй. Школа, на якую раённыя ўлады рабілі вялікі ўпор. То расіяне нейкія едуць, трэба сустрэць. У школе добры музэй. Многа габрэяў да нас прыяжджае з Ізраілю. Цяпер стала модным шукаць свае карані. Таму гэтую школу закрываць раёну нявыгадна. І разам з тым дзяцей няма. Вось на лета прыедуць дзеткі з гарадоў, а восеньню зноў цішыня.
Вельмі часта я чую ад вяскоўцаў нараканьні на маладое пакаленьне, якое не жадае заставацца ў вёсцы. У Лядах ад немаладой кабеты, былога саўгаснага заатэхніка, я пачуў цалкам адваротнае.
— А што тут рабіць? Зарплата маленькая. Праца ад раніцы да вечара. Людзі трымаюць па дзьве, па тры каровы.
— А вы ведаеце, што восеньню будуць выбары?
— Мне якраз званілі.
Аказваецца, для ўлады выбары — гэта ня толькі фармальнае мерапрыемства з загадзя вызначанымі пераможцамі і лічбамі. Праўладным сацыялягічным службам вельмі цікава, наколькі задаволеныя беларусы сваім жыцьцём.
— Званілі аднекуль зь Менску. «Як вы ў магазін ходзіця? Як у вас цэны?». Мы на цэны не глядзім. Нам трэба хлеба дзьве буханкі, мы пайшлі купілі. Зерне нам саўгас дае. Жывем нармальна. «Ці задавальняюць вас цэны на лекі?» А куды дзенесься? Што трэба, тое і купляем. Позна кладземся і рана ўстаем. Трыццаць курэй, два парасёнка, карова. Што нам крама? А пятай трэба кароўку падаіць і на выган загнаць. На вёсцы праца.
— А на тым баку мяжы?
— Там усё ліквідавана. Няма калгасаў. Тут мужчына працаваў на трактары з Расеі ўсю пасяўную. Бо там ужо ўсё разбурана. Няма ні тэхнікі, ні фэрмаў. Усё разбамбіўшы.
Шчасьлівых расейскіх мэханізатараў мне сустрэць не пашэнціла. Але затое ўдалося пагутарыць зь лядоўцам, які робіць на тым баку мяжы.
— Тут жыву, а працую ў Расеі. Лес валім. Тысячу рублёў у дзень зарабляю.
Тысяча іхніх рублёў — гэта 30 нашых новых. А які бізнэс у Расеі самы прыбытковы і вясёлы, разумееш па першым рэклямным стэндзе. Фота зробленае на расейскім баку.