Старшыня рэспубліканскай рады Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч растлумачыў, чаму паседжаньне камісіі ў адміністрацыі Першамайскага раёну, якая разгледзела вынікі грамадзкага абмеркаваньня, не магло канчаткова ўзаконіць будаўніцтва бізнэс-цэнтру каля ўрочышча Курапаты.
«Пасяджэньне па разглядзе вынікаў грамадзкага абмеркаваньня, якое адбылося 27 лютага, прайшло з парушэньнем. У пратаколе ня ўлічанае меркаваньне Людмілы Швяцовай, аднаго зь сябраў камісіі. Гэта першае.
Па-другое, камісія працавала ня ў поўным складзе, не было прадстаўнікоў Савецкага раёну.
Да гэтага трэба апэляваць, пісаць скаргі ў органы дзяржаўнай экспэртызы і органы пракуратуры, каб прызнаць грамадзкае абмеркаваньне несапраўдным.
Зрабіць гэта можа любая фізычная асоба, не абавязкова сябра камісіі. Але найлепш, калі гэта зробіць Людміла Швяцова, бо яна сябра камісіі і менавіта яе меркаваньне не было ўлічана», — сказаў Астаповіч.
Будоўля каля Курапатаў пачалася без зацьверджанага праекту дэталёвага плянаваньня. Астаповіч патлумачыў, хто і ў якім парадку павінен яго зацьвярджаць:
«Камісія, якая засядала 27 лютага, зацьвердзіла толькі пратакол. Далей павінен адбыцца шэраг іншых узгадненьняў, зьвязаных, напрыклад, з аховай прыроды і інш. Пасьля ўвесь пакет дакумэнтаў ідзе ў органы дзяржаўнай экспэртызы. Калі і там будзе станоўчае заключэньне, то праект дэталёвага плянаваньня паступае ў Менгарвыканкам. І толькі пасьля зацьвярджэньня Камітэтам архітэктуры і горадабудаўніцтва Менгарвыканкаму набывае юрыдычную сілу. Таму паседжаньне камісіі ў адміністрацыі Першамайскага раёну, якое адбылося 27 лютага, будаўніцтва ў Курапатах не ўзаконіла. Але на сваім узроўні камісія зацьвердзіла праект дэталёвага плянаваньня. Калі ніякіх заўваг і прапаноў што да будоўлі ў Курапатах не зафіксавана ў пратаколе, то значыць, што па факце камісія станоўча разглядзела гэты абʼект у межах праекту дэталёвага плянаваньня».
Што да тэрміну, калі пакет дакумэнтаў пяройдзе на наступны ўзровень абмеркаваньня ў органы дзяржаўнай экспэртызы, то тут канкрэтыкі няма.
«Усё залежыць ад таго, на якой ступені гатоўнасьці іншыя дакумэнты. Напрыклад, на пачатку 2013 году было грамадзкае абмеркаваньне праекту дэталёвага плянаваньня гістарычнага цэнтру Менску. А ў Менгарвыканкам дакумэнты трапілі толькі на пачатку 2014 году, таму што вельмі доўга зьбіралі ўсе іншыя ўзгадненьні».
Такім чынам, падсумаваў экспэрт, парушэньне што да будаўніцтва каля Курапатаў пачынаецца ад працэдуры вылучэньня і продажу на аўкцыёне зямельнага ўчастка і правядзеньня аўкцыёну — і сканчаецца пачаткам будаўніцтва ў той час, калі не было зацьверджанага праекту дэталёвага плянаваньня. Атрымліваецца, што будоўлю ўжо пачалі, а дакумэнт, які яе ўзаконіць, яшчэ не зацьверджаны.