Горадзенскія ўлады адмовілі ўласьніку прыватнай галерэі «Крыга» Юрасю Мацко ў далейшым выкарыстаньні двух арандаваных пакояў. За некалькі год у галерэі адбылося каля сотні выставаў жывапісу, ладзілася большасьць беларускіх імпрэзаў у горадзе. Цяпер тыя два пакоі аказаліся больш неабходнымі для патрэбаў ЖЭСу.
Два пакоі ў горадзенскай галерэі «Крыга» гарадзкія ўлады апячаталі яшчэ ў лістападзе 2017-га. Фармальнай падставай для гэтага сталася нібыта незаконнае пераплянаваньне памяшканьня. У галерэі былі чатыры пакоі: два ва ўласнасьці ІП Мацко і два арандаваліся ў тым жа будынку. Вось тыя два арандаваныя пакоі і былі апячатаныя летась.
«Камісія прыйшла раптам і знайшла парушэньні»
Уласьнік галерэі «Крыга», вядомы ў Горадні каваль, індывідуальны прадпрымальнік Юрась Мацко згадвае, што праблемы ў галерэі пачаліся яшчэ летам 2017-га. Да яго прыйшла камісія зь Ленінскага УЖРЭП і зрабіла высновы, што ён незаконна пераплянаваў узятае ў арэнду памяшканьне.
Да гэтага, як кажа Мацко, на працягу пяці гадоў галерэя функцыянавала бездакорна і была прыкметным у горадзе культурным асяродкам. Пяць гадоў таму Мацко пашырыў для галерэі ўласную майстэрню, арандаваўшы яшчэ два пакоі, якія нікім не выкарыстоўваліся многія гады.
«Крыга» стала знакавым месцам, дзе панавала беларушчына
Галерэя рэклямавалася ва ўсіх гарадзкіх афішах, яе наведвалі гарадзенцы і госьці гораду. Тут адбылося каля ста выставаў жывапісу, ладзіліся сустрэчы зь пісьменьнікамі і музыкамі, гісторыкамі і іншымі навукоўцамі, тут адбываліся прэзэнтацыі і дыскусіі на культурніцкія тэмы.
Летась у галерэі прапісаўся і «Цэнтар гарадзкога жыцьця», што толькі павялічыла колькасьць беларускамоўных імпрэзаў — яны сталі адбывацца амаль штодня.
«Вядома, у галерэі панавала беларуская атмасфэра, — кажа Мацко. — Людзі імкнуліся сюды, бо тут гучала беларуская мова. І галоўнае, што прыцягвала сюды людзей, — тут было папросту заўсёды цікава», — кажа гаспадар галерэі.
«Думаў, што заплачу штраф і на гэтым усё скончыцца...»
Паводле Мацко, сябры камісіі, што прыйшлі з праверкай, пабачылі, што ў закінутым многія гады памяшканьні, дзе начавалі бадзягі, ён зрабіў парадак, і цяпер яно выглядае па-людзку.
«Мне тады давялося выраўняць падлогу, атынкаваць сьцены, прывесьці ў належны стан вокны, аднавіць санвузел, дзе ўсё было паламана, — кажа прадпрымальнік. — І пры гэтым я ня ўнёс аніякіх канструкцыйных зьменаў у памяшканьне».
А пазьней, паводле Мацка, калі ўлады падалі на яго ў суд за пераплянаваньне, ён наняў адмысловую фірму ў галіне архітэктуры, якая правяла экспэртызу і дала заключэньне, што ягоныя зьмены на канструкцыю памяшканьня аніяк не паўплывалі.
«Тым ня менш мяне тады аштрафавалі за тое, што самавольна ўнёс нібыта зьмены ў канструкцыі. Заплаціў невялікі штраф і думаў, што на гэтым усё скончылася...» — кажа гаспадар галерэі.
Памяшканьні неабходныя для патрэбаў ЖЭСа
Ужо празь некалькі месяцаў у галерэю, паводле Мацка, наведалася чарговая камісія, і яму паведамілі, што прыйшлі апячатаць арандаваныя памяшканьні.
«У галерэі тады адбывалася выстава вядомага беларускага скульптара, сябра Саюзу мастакоў Беларусі Андрэя Вараб’ёва, а мне пагражаюць: маўляў, забірайце рэчы, бо калі будзеце ладзіць супраціў, то мы тут зь міліцыяй вас павыводзім», — кажа гаспадар галерэі.
Юрась Мацко кажа, што паколькі ў СМІ узьнялася хваля падтрымкі галерэі і грамадзкая думка пачала рэагаваць на гэта, ён падаў яшчэ адну заяўку ва УЖРЭП Ленінскага раёну з просьбай працягнуць арэнду памяшканьняў для галерэі.
«Днямі атрымаў адказ, што гэта немагчыма, бо памяшканьні будуць выкарыстоўвацца на патрэбы ЖЭСа № 5», — сказаў Свабодзе Юрась Мацко.