Котаўка. Што гэта

Котаўка

Тапонім Котаўка многія менчукі даведаліся ўпершыню летась — у сувязі з супрацьстаяньнем паміж рымска-каталіцкім касьцёлам, які атрымаў зямлю пад будаўніцтва храма ў гэтай самай Котаўцы, і «зялёнымі», якія вырашылі ўстаць сьцяною на абарону некалькіх дзясяткаў таполяў.

Здавалася б, прычыны для канфлікту зусім не павінна быць. Бо, па-першае, высекчы мусілі толькі 10 працэнтаў ад агульнай колькасьці дрэў. Па-другое, гэта ж таполі, дрэвы ў гарадзкіх умовах вельмі шкодныя. Памятаю, што цудоўны гомельскі мастак Баброўскі памёр ад таполевай алергіі. Па-трэцяе. У праекце прадугледжана азеляненьне навакольнай тэрыторыі.

Котаўка. Пратэст

Мне здавалася, што гэтых трох аргумэнтаў дастаткова, каб пераканаць любога чалавека. Але ня ўсё так проста. Беларуская мовазнаўца Настасься Мацяш, якая нарадзілася і вырасла на Сельгаспасёлку і якую цяжка западозрыць у рэлігійнай неталерантнасьці, з маімі аргумэнтамі ня згодная.

Настасься Мацяш

— Вось уявіце. Вы жывяце ў шматпавярховіку. У ваш двор прыходзяць і будуюць касьцёл. Тут у вас сьцежкі, тут дзеці катаюцца з горкі. Вось тут вы любіце выходзіць з вазочкам. Гэта паўстаньне ня супраць касьцёла, а супраць таго, што ў людзей хочуць забраць кавалак іхнага жыцьцёвага ладу. У нашым раёне зносяць прамысловую зону і на яе месцы ставяць шматпавярховікі. Можа, магчыма было знайсьці месца, якое б ня выклікала такіх спрэчак? І яшчэ. Для кагосьці таполі — алергія. А для кагосьці — неверагодная прыгажосьць. Я сама там вырасла. З санкамі, з роварам, з лыжамі. Я разумею, чаму людзі нічога ня хочуць мяняць. Шмат што ў жыцьці зьвязана з гэтым месцам. І калі я выказваюся супраць, гэта ня супраць касьцёла.

Сельгаспасёлак апошнім часам жыве ў прыгнечаным стане чаканьня зносу. Таму любы чалавек зь бензапілой успрымаецца як нейкі чужынец. Заваёўнік ўтульнага ладу жыцьця, дзе да гэтае пары прысутнічае брукаванка, дзе зімовае паветра пахне дымам з коміна, а летам можна загараць на сваім падворку.

Котаўка. Сельгаспасёлак

— Сельгаспасёлак і ёсьць мой Менск. І гэта той Менск, які я разумею і які адчуваю. Гэта зеляніна, гэта брукаваная вуліца Гало, гэта адна- і двухпавярховая забудова, дворыкі з разьвешанай бялізнай. Маленькія крамы, дзе прадавачкі ведаюць пакупнікоў, а наша аптэка як сямейная. Увесь раён туды ходзіць, усе ведаюць фармацэўта. Яна ж і загадчыца, яна ж і падмятае ганак. І гэта мой Менск.

Колішняга інжынэра-электрыка Анатоля Алехну можна лічыць старажылам Сельгаспасёлку. Ён жыве ў старой хаце свайго цесьця, які ў свой час прыйшоў сюды з Цны.

Анатоль Алехна

— Будаваліся ўсе цяжка. Яму гэтую хату прыцягнулі, адрэзаўшы палову. Многія будаваліся з шлаку.

— Гэта будавалі франтавікі ўчорашнія?

— Не. Франтавікоў я тут ня ведаю зусім. Гэта былі тыя, хто вайну перажыў у вёсках. Як мой цесьць. Цна-Ёдка, гэта ж там, дзе стралялі. «Мама, — казаў, — пабудзі мяне, я паслухаю». І ён ноччу ўставаў і чуў стрэлы пісталетныя. 1937-38 гады. Ён быў вельмі ўзрушаны, калі выйшаў артыкул у «ЛІМе» пра Курапаты. Бо ён гэта ўсё помніў.

На мінулае гэтага дзіўнага раёну спадар Анатоль глядзіць без рамантычных акуляраў.

— Гэта быў раён бандыцкі. Я ажаніўся ў 74-м, і тут галоўнае было — зрабіць такі плот, каб няможна было нічога ад яго адарваць. Бо адрывалі ды ішлі біцца. Вось і ўся ўтульнасьць.

Котаўка. Высечка дрэваў

Калі заходзіш на Котаўку, дык першае, што кідаецца ў вочы — здаравенная пустка побач з тым месцам, дзе ішла высечка. Чаму для будаўніцтва храма адвялі месца менавіта там? Вось ідзе немалады мужчына зь дзіцячым вазком. Дзед гуляе зь немаўляткам-унукам.

— Людзі маюць рацыю. Парк ёсьць парк. Дзе яшчэ пагуляць? Вунь катлаван пусты ў яблыневым садзе. Пустуе два гады. Чаму там не будаваць? Мы ж ня супраць храма. Але навошта высякаць дрэвы?

Дзіця, спалохаўшыся мяне, заплакала. І дзед засьпяшаўся далей па сьцежцы. А мне тым часам пашчасьціла пазнаёміцца з дзьвюма інтэлігентнымі старажылкамі, голас якіх чамусьці мала хто чуе.

— Ня маюць рацыі тыя, хто выступае супраць будаўніцтва. Хай будуюць. Гэта ж што будуюць? Дурдом?

— Ці шынок які? Хоць парадак тут навядуць.

— Гэта ж каталікі. Усё жыцьцё ў Беларусі. Браты нашы. Праваслаўныя будуюць, а чаму каталікам нельга? Месца ж пустое. Ніводнай лаўкі няма. Нікому гэты лес не патрэбен.

Спадарыня Натальля

Спадарыня Натальля, былая бухгальтарка, дама ў гадах, але міла какетлівая, нарэшце мне растлумачыла сэнс слова Котаўка. Гэта не ад катоў, а ад дзеяслова «скочваць». Тут была варонка ад выбуху боепрыпасаў. Вялізная яма, у якую скочвалі сьмецьце.

— Я 70 гадоў тут жыву. Тут быў склад вайсковы з бомбамі. І яны, як выбухнулі, зрабілася агромністая яма. У гэтую яміну вазілі сьмецьце. З усяго гораду. І назвалі яе «Котаўка». Бо скочвалі сьмецьце ў яе. А калі Котаўку засыпалі, ніхто будаваць нічога ня мог. Бо гэта ж сьметнік. Ніхто не хацеў тут будавацца. І насадзілі дрэў.

Як быццам мае суразмоўцы маюць рацыю. Недалёка ад Котаўкі сапраўды стаіць праваслаўная царква. Пабудаваная бяз гучных скандалаў. Бо стаіць на месцы халупы, якую разам з участкам БПЦ купіла ў былых гаспадароў. А побач зь месцам, дзе высякаліся тыя таполі, на пустцы можна паставіць большы касьцёл. І калі б тая гісторыя разьвівалася на гэтым месцы, дык ніякага скандалу і не было б.