Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Нямецкі афіцэр убачыў над Белавескай пушчай Божую Маці і адмяніў расстрэл. Гісторыя з вуснаў сьведкі Ражкоўскага цуду


У вёсцы Ражкоўцы, якая прытулілася каля самай Белавежскай пушчы, варта пабываць ня толькі хрысьціянскім вернікам, ня толькі аматарам гісторыі, але і зацятым атэістам. Бо тут у верасьні 1942 году здарыўся сапраўдны цуд. І рэха таго цуду з кожным годам разыходзіцца па сьвеце ўсё шырэй. Але адыходзяць з жыцьця сьведкі.

Пра гэты цуд падрабязна пісала Сьвятлана Яскевіч у газэце «Звязда». Вельмі натхняльнае эсэ прысьвяціў ражкоўскаму цуду Павал Севярынец. Але мне хацелася пабачыць Ражкоўскі абраз Маці Божай самому. І, калі пашчасьціць, знайсьці жывога сьведку таго цуду.

Ражкоўская царква — драўляная, немудрагелістая, сіняя будыніна — азадачвае падарожніка адразу. Датай сваёй пабудовы. 1943 год. Сама будыніна — гэта былая лесьнічоўка зь Белавежскай пушчы, перабудаваная пад царкву ў 43-м дзеля абраза, які ў ёй захоўваецца. Калі прыедзеце ў Ражкоўку, дык непадалёк ад храма жыве Аляксандра Пратасевіч, ключніца. Шукайце яе. Жанчына з радасьцю адчыніць вам царкву і пакажа абраз-барэльеф Божай Маці зь Ісусам на руках, выкананы ў наіўнай манеры і па-дзіцячы ярка размаляваны. Зьвярніце ўвагу на дату, якая стаіць на іконе. 28 верасьня 1942-га году.

— Нямецкі афіцэр яе выразаў. І расфарбаваў. І як пафарбаваў, во колькі гадоў прайшло пасьля вайны, яе ніхто не падфарбоўвае. А фарба такая самая яркая. Семдзесят гадоў прайшло, а яна як новая. І слава пра гэтую ікону пайшла вельмі далёка. Але, што было насамрэч, невядома. Кожны расказвае па-рознаму.

У тым верасьні Масква скінула над пушчай групу дывэрсантаў. Каля Ражкоўкі адбыўся бой, у выніку якога загінулі некалькі немцаў. І за гэта Ражкоўка мела быць зьнішчаная. Дарослых жыхароў сагналі капаць яму на ўскраіне вёскі. А дзяцей пагналі ў суседнюю — для меркаванай адпраўкі ў Германію. Жыхарцы Ражкоўкі Марыі Дзямідаўне Дацкевіч у сорак другім было 14 гадоў. Гэтая жвавая кабета памятае шмат, і памятае ў дэталях. Паслухайце, зь якімі інтанацыямі Марыя Дзямідаўна апісвае прыход партызанаў у вёску. Без савецкай радасьці.

— Я пайшла да сваёй падружкі. І толькі мы выйшла на двор, партызаны ідуць. Яна крычыць: «Ой, Маня, уцякай хутчэй! Партызаны!» Я бягом. Прыбягаю дахаты, а ў нас поўная хата партызанаў. Каля коміна сядзяць, гавораць. І солтыс тут, і падсолтыс тут. І прыходзяць ужо тыя, што за мною ішлі. І кажуць: «Дай вяроўку!» Я кажу: «Мама, нас павесяць?» А яны кажуць: «Не, мы вас ня будзем вешаць». Яны прыходзілі па свайго забітага партызана. Павялі мужыкоў, каб тыя зрабілі труну. Партызана свайго забралі і павезьлі пад вялікі лес. І там яго пахавалі. А пра два дні прыехалі нас біць. Немцы.

У старой гітлераўскай хроніцы мяне заўжды шакавалі кадры, дзе афіцэр вырываў дзіця ў жанчыны, якая мусіла ехаць у лягер. Спакойна на гэтыя кадры глядзець немагчыма. Перахоплівае горла. Але мая суразмоўца гэта ўсё бачыла на свае вочы ў 42-м.

— Выйшла я на двор. «Цурка! Іле табе лят?» Кажу: «Дванасьце». «Найн, найн». Хацелі ў Германію забраць. А пасьля ідзе другі. «Бяры лапату, — кажа бацьку майму, — ідзі дол капаць». Усе пайшлі капаць яму. І бацька, і дзядзька. Пасьля яшчэ адзін прыйшоў і кажа: «Бярыце павозкі і на павозкі што можаце, тое і кладзіце». І паехалі мы ў канец вёскі. І там усё было застаўлена гэтымі павозкамі. А нас, дзяцей, забіраюць у іншую вёску. І вялікіх, і малых. Каго ў Белавежу, каго ў Дзьмітравічы. Дзяцей забіраюць, маці не аддаюць. Яны гумамі па іх. Вырывалі дзяцей з рук! Вось так. Каб вы гэта пабачылі! Жахлівая карціна. Усе былі адзетыя ў нямецкую форму, а гаварылі па-польску. Матак і бацькаў пастроілі па чатыры і пагналі пад яму. А нас павезьлі да Дзьмітравіч.

Марыю ад немцаў забраў цётчын муж. А празь некаторы час Марыя даведался, што адбылося каля той ямы.

— Увечары прыйшла мая бабуля. І расказала, што завялі іх пад яму, паставілі, каб страляць. І раптам прылятае самалёт. Выйшаў афіцэр. А сьвякруха Аляксандры Пратасевіч упала да зямлі і моліцца. Ні з кім не гаварыла. Толькі малілася. Той афіцэр кажа: «Я палячу на дзьве гадзіны. Але, калі спазьнюся хоць на пяць мінут, можаце біць». І кажа: «Маліцеся ўсе Богу!» І паляцеў. А пасьля праз колькі часу вяртаецца назад. І кажа: «Я ляцеў, і мне зьявілася на небе Божая Маці. Яна вас вызваліла ад сьмерці. І ўсе будзеце жывы». Дык яго, казала баба, ледзь ня зьбілі з ног. Цалавалі і рукі, і ногі. А тут усё было паадчынена. І хаты, і хлявы. Скаціну пабралі, куры пабралі. Усё разабралі.

Куды і дзеля чаго лятаў той афіцэр? Напэўна, да вышэйшага начальства ў Берасьце. Каб пераканаць пачвару ў дарэмнасьці чарговага кровапраліцьця. І, атрымаўшы ад пачвары дабро, распавёў вяскоўцам легенду пра Божую Маці. Цуд адбыўся, бо сьмерць адступіла. І зрабіў цуд чалавек, імя якога ў вёсцы ніхто ня ведае. І на ягоную замову, як кажуць ражкоўцы, у шпіталі была выразаная параненым салдатам вэрмахту гэтая скульптура. На якую нават у часы хрушчоўскага багаборніцтва ўлады ня ўздумалі падняць руку. Працягвае Аляксандра Пратасевіч.

— Каб вы толькі ведалі, колькі да гэтай іконы прыяжджае народу. Аўтобусамі вялікімі. Двухяруснымі. Людзі гэтую царкву бераглі ўвесь час. У той час, як цэрквы ламалі, наша царква была закрытая, але ніхто нічога не кранаў. Усё стала на месцы. І маю сьвякроў лякалі: «Аддавай ключы». «Куды хочаце вядзіце, але ключы мы вам не аддадзім». Людзі хадзілі маліцца самі кожную нядзелю. І не далі закрыць.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG