Аднаўляе сваю дзейнасьць некалі папулярная кнігарня беларускамоўнай літаратуры «Галіяфы».
Сёлета ў лютым культурніцкая ўстанова вымушана была пакінуць памяшканьне ў будынку на вуліцы Валгаградзкай у Менску, куды засялілася пры канцы 2013 году. Але яшчэ тады кіраўніцтва запэўнівала, што гэта не «пахаваньне», а часовае разьвітаньне. Да апошняга дня пляцоўка працавала як творчая прастора, дзе сустракаліся беларускія паэты і пісьменьнікі.
Падставай да прыпыненьня дзейнасьці стала новая рэдакцыя закону «Аб гандлі». Паводле яе будынкі, у якіх вядзецца гандаль, павінны быць аформленыя дакумэнтальна, а потым занесеныя ў адмысловы рэестар. Паколькі тагачасны будынак у рэестры ня значыўся, гандаль давялося спыніць.
Цяпер «Галіяфы» як літаратурная прастора з мастацкай галерэяй атабарацца ў сталічным Траецкім прадмесьці, на вуліцы Старавіленскай, 6. Урачыстае адкрыцьцё заплянаванае на 3 сьнежня (а 19-й гадзіне). Адметнасьць абноўленай пляцоўкі палягае ў стратэгіі: кнігарня створаная на базе выдавецтва «Галіяфы», вакол якога аб’ядналіся папулярныя беларускія літаратары і мастакі.
На сьнежаньскія ўлазіны запрошаныя знаныя госьці:
Барыс Пятровіч — старшыня Саюзу беларускіх пісьменьнікаў
Андрэй Хадановіч — паэт, перакладчык, філёляг, кіраўнік ПЭН-цэнтру
Альгерд Бахарэвіч — пісьменьнік, перакладчык
Адам Глобус — пісьменьнік, мастак
Сяржук Сыс — паэт
Музыкі Ўладзіслаў Бубен і Яўген Рагозін
Гурт «Экзарцыстычны Gesamtkunstwerk»
У дзень адкрыцьця крама абяцае 20-працэнтную зьніжку на ўсе кнігі выдавецтва «Галіяфы».