Казакевіч: Трамп пабудаваў прамову так, каб спадабацца палякам у Польшчы і палякам у ЗША

Андрэй Казакевіч

Беларускі палітоляг Андрэй Казакевіч камэнтуе сёньняшні выступ прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа ў Варшаве.

— Дональд Трамп падчас прамовы ў Варшаве казаў вельмі шмат узьнёслых слоў пра палякаў і іхнюю барацьбу за свабоду. Я не прыгадаю, каб Трамп так шмат і ўхвальна гаварыў пра нейкую замежную нацыю. Чаму? Трампу проста блізкае сёньняшняе польскае кіраўніцтва? Ці ЗША робяць геапалітычную стаўку на Ўсходнюю Эўропу?

— Не, у мяне няма такога адчуваньня. Мне падаецца, што ў гэтым рэгіёне Трамп разьбіраецца слаба. І гэтую прамову трэба сьпісваць на ягоных сьпічрайтэраў.

Польскі чыньнік важны, але, як мне падаецца, больш для ўнутрыпалітычнага амэрыканскага кантэксту. Бо польская дыяспара ў ЗША вельмі шматлікая, моцная, людзі польскага паходжаньня прысутныя ў палітычнай эліце. Тым больш такая прамова дыстанцыруе Трампа ад Расеі, і гэта таксама яму важна з унутрыпалітычных прычын.

Узгадаем, што яшчэ год таму Трамп казаў і пра НАТО, і пра тое, ці варта абараняць тыя краіны, якія ня плацяць дастаткова ў натаўскі бюджэт. Таму цяжка казаць, што ён робіць геапалітычную стаўку на гэты рэгіён.

— Але такога прыёму, як у Польшчы (і з боку публікі, і палітыкаў), Трамп, відаць, не сустракаў у іншых эўрапейскіх краінах. Зь іншымі эўрапейскімі лідэрамі ў прэзыдэнта ЗША больш розных шпілек і сутычак, а з польскімі, здаецца, поўная згода.

— Але гэта толькі цяпер, бо Трамп дэкляраваў перагляд нейкіх сваіх поглядаў, якія ён меў яшчэ год таму. Я думаю, што чыста эмацыйна, вядома, польскаму кіраўніцтву ўспрымаць Трампа прасьцей. Бо ўся тая крытыка, якая ішла на Трампа з боку левых і лібэральных эўрапейскіх палітыкаў — для сучаснага польскага кіраўніцтва не істотная. Якраз тое, што ён парывае зь нейкімі шаблёнамі і спрабуе вярнуць пэўныя кансэрватыўныя элемэнты — гэта плюс для ягонага іміджу ў Польшчы. Да таго ж ён сваю прамову пабудаваў вельмі правільна, каб спадабацца польскай аўдыторыі.

Але, паўтаруся, я за гэтым, акрамя эмацыйнай піяраўскай акцыі, пакуль нічога ня бачу.

— Паспрабуем паглядзець на гэты візыт з польскага боку. Трамп прыехаў удзельнічаць у ініцыятыве Трох мораў. Многія бачаць у гэтай ініцыятыве імкненьне Польшчы стаць лідэрам у рэгіёне, і ў гэтым імкненьні яна плянуе абапірацца на ЗША. Гэта было традыцыйна, што менавіта ўсходнеэўрапейскія краіны былі самымі вернымі хаўрусьнікамі ЗША, у адрозьненьне ад заходнеэўрапейскіх. Напрыклад, менавіта Ўсходняя Эўропа падтрымала вайну ў Іраку ў 2003 годзе, насуперак Францыі і Нямеччыне. Ці для Варшавы больш важны хаўрусьнік і апірышча — Вашынгтон, а не Бэрлін і Парыж?

— Так, і гэта захоўваецца. Асабліва для цяперашняга польскага кіраўніцтва, якое мае крытычнае стаўленьне да брусэльскага істэблішмэнту і разыходжаньні зь лідэрамі той жа Нямеччыны. На гэтым фоне значэньне ЗША для Польшчы ўзрастае. Амэрыканскі чыньнік набывае ўсё большую важнасьць для Варшавы ня толькі ў пытаньнях бясьпекі, але і ўнутрыэўрапейскай палітыкі.

— Трамп узгадваў Расею некалькі разоў. Сказаў і пра падзеі Варшаўскага паўстаньня 1944 году, нагадаўшы, што пакуль палякі адчайна змагаліся, савецкія войскі спыніліся на другім баку Віслы і назіралі, як нацысты зьнішчалі гэты горад і гэтых людзей. Ці можна прагназаваць, што ў расейскіх СМІ Трамп неўзабаве зойме месца галоўнага русафоба?

— Думаю, да гэтага яшчэ далёка. Гэта ён сказаў для польскай публікі, для расейскай можа сказаць нешта іншае. Выпады ў бок Расеі тлумачацца, зноў-такі, унутрыпалітычнай сытуацыяй у ЗША, умяшаньнем Расеі ў выбарчы працэс у ЗША. Думаю, расейскае кіраўніцтва разумее, што па-іншаму Трамп рабіць ня можа. Таму наўрад ці гэта стане прадметам дэманізацыі Трампа ў расейскіх мэдыях. Зь іншага боку, гэта вельмі другаснае пытаньне, бо расейская грамадзкая думка такога істотнага ўплыву на замежную палітыку (прынамсі, у гэтым пытаньні) аказваць ня будзе.