Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Даля Грыбаўскайце падзялілася асьцярогамі наконт Беларускай АЭС з Дональдам Трампам


Прэзыдэнт ЗША ў Варшаве.
Прэзыдэнт ЗША ў Варшаве.

На саміце «Ініцыятыва трох мораў» 6 ліпеня ў Варшаве прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце падзялілася асьцярогамі з нагоды будаванай Беларускай АЭС са сваім амэрыканскім калегам Дональдам Трампам.

Паводле інфармацыі прэс-службы прэзыдэнта Літвы, Грыбаўскайце зьвярнула ўвагу Трампа і іншых удзельнікаў саміту на тое, што расейская карпарацыя «Расатам» будуе ў Беларусі «небясьпечную АЭС», у выпадку аварыі на якой «пацярпяць шаснаццаць эўрапейскіх сталіц».

Літва таксама не выключае, што Беларуская АЭС і будаваны газаправод NordStream 2 могуць быць выкарыстаны Расеяй як «інструмэнт неканвэнцыйнага шантажу».

Як паведамлялася раней, сэйм Літвы прыняў законы аб прызнаньні БелАЭС небясьпечнай, аб тым, і што яна ўяўляе пагрозу для літоўскай нацыянальнай бясьпекі, навакольнага асяродзьдзя і грамадзкага здароўя, а таксама пра абмежаваньне імпарту электраэнэргіі зь Беларусі і Расеі. Літва сьцьвярджае, што працы вядуцца без выкананьня патрабаваньняў бясьпекі і экалягічных стандартаў. Менск гэтыя прэтэнзіі адхіляе.

Выступаючы 5 ліпеня на сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ ў Менску, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь пабудуе самую бясьпечную атамную электрастанцыю. «У нас, у чарнобыльскай рэспубліцы, пасьля аварыі на Чарнобыльскай АЭС ня так проста было прыняць гэтае рашэньне. І мы разумеем, што галоўнае пытаньне — пытаньне бясьпекі», — падкрэсьліў ён.

Паводле Лукашэнкі, ён «нармальна ўспрымае» тое, што Літва часта ўздымае пытаньне бясьпекі БелАЭС. «Я нядаўна літоўцам прапанаваў: ну, колькі мы будзем сварыцца з-за гэтай станцыі? Давайце разам яе пабудуем і будзем разам эксплёатаваць як беларуска-літоўскую станцыю. Каб яна забясьпечвала электраэнэргіяй і Беларусь, і Літву, і, калі трэба, Латвію, Эстонію, Польшчу і іншыя дзяржавы. Гэта ж самы танны выгляд электраэнэргіі», — сказаў ён.

На думку Лукашэнкі, гэта «пытаньне палітызаванае». «Давайце разам сядзем, разьбярэмся. Зьнімем гэтае пытаньне і ня будзем сьмяшыць увесь сьвет. Нам — Літве і Беларусі — патрэбна гэтая станцыя», — перакананы беларускі кіраўнік.

Беларуская АЭС узводзіцца за кошт крэдыту Расеі, для яе будаўніцтва выбраны праект АЭС-2006 — тыпавы расейскі праект атамнай станцыі новага пакаленьня з выкарыстаньнем вода-вадзянога энэргетычнага рэактара ВВЭР-1200. Першая пастаўка ядзернага паліва на БелАЭС чакаецца ў канцы 2018 году. Увод у эксплёатацыю першага энэргаблёка заплянаваны на 2019 год, другога — на 2020 год.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG