У сквэры Котаўка, дзе плянуюць будаваць касьцёл, спынілі высяканьне дрэваў

Сквэр Котаўка

Зелянбуд Савецкага раёну Менску паведаміў, што да 15 жніўня высечка дрэваў пад будаўнічую пляцоўку ў сквэры Котаўка спыненая.

Прыпыніць высечку дрэваў пастанавілі паводле рэкамэндацыяў Менскага гарадзкога камітэту прыродных рэсурсаў і навакольнага асяродзьдзя, а таксама на падставе высноваў навукоўцаў-арнітолягаў, што на дрэвах, заплянаваных да высечкі, ёсьць гнёзды. Пра гэта паведаміла грамадзкае экалягічнае таварыства «Зялёная сетка».

На дрэвах у сквэры Котаўка, што паміж вуліцамі Максіма Багдановіча і Леаніда Бяды, гняздуюцца птушкі такіх відаў, як дрозд-рабіньнік, звычайная зелянушка, зяблік ды іншыя. Законам «Аб ахове жывёльнага сьвету» высякаць дрэвы з птушынымі гнёздамі забаронена да 15 жніўня. Між тым будаўнічыя працы, якія пачаліся ў Котаўцы, прадугледжвалі зьнішчэньне дрэваў з гнёздамі ўжо ў траўні.

У абарону птушак і дрэваў выступілі актывісты некалькіх грамадзкіх арганізацыяў і мясцовыя жыхары. Яны правялі акцыі пратэсту і сабралі больш за 500 подпісаў у адміністрацыю Савецкага раёну Менску за перанос будоўлі ў іншае месца.

Апошні тыдзень актывісты дзяжурылі ў сквэры, каб не дапусьціць высечкі дрэваў.

Таксама быў накіраваны зварот у пракуратуру з просьбай праверыць законнасьць правядзеньня ў 2011 годзе грамадзкіх слуханьняў, падчас якіх нібыта пляны збудаваць касьцёл у сквэры Котаўка былі ўзгодненыя зь мясцовымі жыхарамі.

Усяго ў сквэры Котаўка плянавалася сьсячы да 50 дрэваў. Будоўлю касьцёла ў гэтым месцы замовіў «Рыма-каталіцкі прыход сьвятых апосталаў Пятра і Паўла і сьвятога Яўгенія дэ Мазінод». Хоць сячы дрэвы на будаўнічай пляцоўцы перасталі, лёс самой будоўлі яшчэ ня вырашаны, паведаміла Марына Дубіна з прававой службы «Зялёнай сеткі».

«Канчатковае рашэньне не прынятае. Але, мяркую, за гэтыя два месяцы важна, каб усе эфэктыўна выкарысталі свае магчымасьці ў змаганьні за сквэр.

Мы накіравалі зварот у пракуратуру, бо лічым, што былі парушаныя працэдуры правядзеньня грамадзкіх слуханьняў у 2011 годзе, і мясцовыя жыхары накіроўвалі падобную заяву ў пракуратуру. Таксама мясцовыя жыхары сабралі больш за 500 подпісаў пад зваротам у адміністрацыю, каб разгледзелі альтэрнатыўную пляцоўку. Пакуль афіцыйных адказаў няма, але мы будзем іх дамагацца.

І другое — жыхары знаёміліся з дакумэнтацыяй аб гэтай тэрыторыі і высьветлілі, што ў гэтай тэрыторыі ёсьць статус сквэра, а ў сквэры ў адпаведнасьці з рэглямэнтамі генпляну Менску нельга разьмяшчаць капітальныя будынкі. Таксама і з гэтай нагоды будзе падавацца скарга. То бок барацьба за сквэр працягваецца, і яна будзе залежаць і ад нашай актыўнасьці», — сказала Свабодзе Марына Дубіна.