Грамадзкія актывісты Гомеля зладзілі на Пралетарскай вуліцы экалягічны пэрформанс: «Памятаем, смуткуем». На двух з паловай дзясятках маладых дрэўцаў уздоўж вуліцы яны завязалі чорныя жалобныя стужкі — на знак пратэсту супраць зьнішчэньня неўзабаве гэтых зялёных насаджэньняў.
«Ня так даўно вуліцу Пралетарскую рэканструявалі — паклалі новыя ходнікі, асфальт, пасадзілі маладыя дрэўцы, — кажа ўдзельнік пэрформансу, актывіст кампаніі „Наш дом“ Андрэй Аксёнаў. — Цяпер усё гэта хочуць зруйнаваць, каб пашырыць вуліцу для праезду транспарту. Ва ўсім сьвеце дбаюць пра экалёгію гарадоў, робяць іх больш камфортнымі для пешаходаў, а ў нас наадварот: дрэвы зьнішчаюць, завабліваюць транспарт у горад, замест таго каб выводзіць яго за межы гораду. Паглядзіце, што сталася з вуліцамі Кірава, Ланге, Сялянскай, дзе павысякалі дрэвы для камфорту аўтамашын. Таму мы й павязалі стужкі на чарговых зялёных ахвярах гарадзкіх чыноўнікаў».
Яшчэ да правядзеньня пэрформансу актывісты аргкамітэту па стварэньні партыі БХД, кампаніяў «Будзьма беларусамі» і «Наш дом» зьбіралі подпісы гараджанаў з патрабаваньнем да гарвыканкаму правесьці грамадзкія слуханьні наконт мэтазгоднасьці рэканструкцыі вуліц Пралетарскай, Інтэрнацыянальнай, будоўлі пад плошчай Леніна трох падземных пераходаў, а таксама вяртаньня вуліцы Кірава першапачатковага выгляду. Аднак гарвыканкам адказаў, што заканадаўства не патрабуе грамадзкага абмеркаваньня для вядзеньня рэканструкцыі. Больш за тое, у бюджэце гораду на сёлетні год ужо прадугледжана выдзеліць 210 мільёнаў рублёў на падрыхтоўку перадпраектнай (інвэстыцыйнай) дакумэнтацыі на рэканструкцыю вуліц Пралетарскай, Інтэрнацыянальнай ды падземных пераходаў пад цэнтральнай плошчай гораду.