Пасьля некалькіх гадоў так званай лібэралізацыі, калі па адміністрацыйных справах правапарушальнікаў толькі штрафавалі, суды зноў пачалі саджаць на суткі.
У Маладзечне і Воршы лідэры апазыцыі Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі, Юрась Губарэвіч, Павал Севярынец арыштаваныя на 15 сутак. Зноў пачаліся прэвэнтыўныя затрыманьні моладзі, якая накіроўвалася на санкцыянаваную ўладай акцыю. Людзей у Менску зьбівалі і хапалі пасьля дазволенага маршу ў грамадзкім транспарце. Удзельнікаў мірных акцыяў пратэсту, «Маршаў недармаедаў» у Гомелі, Берасьці, Горадні, Воршы, Магілёве, Рагачове выклікаюць у суды і таксама саджаюць на суткі.
Чаму зноў узьнялася хваля затрыманьняў з выкарыстаньнем сілы, арыштаў і рэпрэсіяў? Чаму ў судах зноў сьведчаць АМАПаўцы, якія самі і затрымлівалі людзей?
Свабода паразмаўляла зь беларускімі праваабаронцамі.
«Мы ня тое што расслабіліся — абнадзеіліся, што масавых затрыманьняў, рэпрэсіяў даўно ўжо не было»
Тацяна Равяка, дырэктарка Дому правоў чалавека ў Вільні:
«Ёсьць шмат вэрсіяў, чаму гэтай вясной так узмацніліся рэпрэсіі супраць людзей, што выходзяць на акцыі. Гэта і ціск Расеі, расейскі сьлед. І тое, што псыхалягічна ня вытрымалі пасьля доўгага чаканьня лібэралізацыі. Магчыма, паўплывала і тое, што ў гэтыя пратэстныя працэсы шырока былі ўцягнутыя новыя сацыяльныя групы, простыя людзі. Відаць, гэта ўсё адно на адно наклалася.
Можа, і тое, што Захад, Эўразьвяз, Міжнародны валютны фонд не сьпяшаліся выдаць адразу пасьля адмены санкцыяў крэдыты Беларусі, на якія кіраўніцтва разьлічвала — не ацанілі адпаведным чынам заяўленыя памкненьні, што тут будзе ўсталёўвацца дэмакратыя. Можа, і ў гэтым расчараваньне, што адсутнасьць брутальных рэпрэсіяў не акупілася ў грашовым эквіваленце.
Тут можа быць вельмі шмат самых розных кампанэнтаў, якія сышліся і выклікалі такую хвалю рэпрэсіяў. Гэта вельмі трывожыць, таму што на працягу гэтага месяца ўсё ішло па нарастаючай. А наперадзе мы яшчэ чакаем Дзень Волі. І калі рэпрэсіі будуць нарастаць у такой жа прагрэсіі, гэта можа выклікаць вельмі сурʼёзны канфлікт грамадзтва зь дзяржавай.
Шчыра кажучы, мы апошнім часам ня тое што расслабіліся — абнадзеіліся, што масавых затрыманьняў, рэпрэсіяў даўно ўжо не было. А калі абнадзеісься — вельмі цяжка з гэтай надзеяй разьвітвацца».
«Ва ўлады проста здалі нэрвы»
Уладзімер Лабковіч, праваабаронца цэнтру «Вясна»:
Я думаю, што ва ўлады проста здалі нэрвы, таму яна пачала рабіць памылку за памылкай і паставіла пад пагрозу ўсе свае дасягненьні на зьнешнепалітычнай арэне. Яны зноў перайшлі да адзінай практыкі, якую яны ўмеюць рабіць — практыкі здушэньня ўнутранага пратэсту шляхам рэпрэсіяў. Улады сёньня не кіруюцца рацыянальнымі рэчамі. Нават на фоне таго, што ў гэтыя дні ў краіне былі замежныя ўплывовыя госьці, якія сустракаліся з Лукашэнкам, у Беларусі адбываліся суды, цалкам сфальшаваныя і рэпрэсійныя па сваёй сутнасьці.
Таму мы проста назіраем эмацыйную рэакцыю на тое, што ўлада фактычна цалкам страціла падтрымку народу, прымаючы абсалютна бяздарныя рашэньні ў сацыяльнай сфэры. Гэта выклікала ў тым ліку і сацыяльнае незадавальненьне грамадзтва, і палітычны пратэст. І адзінае, чым улада змагла на гэта адказаць і што яна добра ўмее рабіць — пачаць саджаць людзей у турмы.
Без сыстэмных зьменаў немагчыма казаць пра лібэралізацыю, пра сапраўдныя перамены ў грамадзтве ў рэчышчы асноўных грамадзка-палітычных правоў
Калі параўноўваць сёньняшнія падзеі з тым, што было раней, магу паўтарыць тое, пра што раней казалі праваабаронцы: без сыстэмных зьменаў немагчыма казаць пра лібэралізацыю, пра сапраўдныя перамены ў грамадзтве ў рэчышчы асноўных грамадзка-палітычных правоў. І таму ўлада фактычна за адзін дзень вярнула ўсе свае старыя практыкі, зьвязаныя з рэпрэсіямі. Мы маем абсалютна беспакараных супрацоўнікаў сілавых структур, якія перакананыя, што за свае, у тым ліку і злачынныя, дзеяньні яны ня будуць несьці ніякай адказнасьці. Мы маем абсалютна падпарадкаваную ўладзе судовую сыстэму, якая ўсё гэта прыкрывае. І сёньня мы маем больш за сотню арыштаваных людзей па ўсёй краіне.
А калі Дзень Волі будзе яшчэ больш масавы, улада можа дзейнічаць яшчэ больш брутальна і ўжыць сілу.
«Для ўлады нармальны стан — рэжым запалохваньня, рэжым душэньня народу»
Раіса Міхайлоўская, кіраўніца Беларускага дакумэнтацыйнага цэнтру:
«Для нашай улады, я лічу, дзіўным быў той пэрыяд зацішша, што мы назіралі пэўны час, калі людзей не саджалі на суткі, а толькі штрафавалі за масавыя акцыі. Я лічу, што для іх гэта нармальны стан — рэжым запалохваньня, рэжым душэньня народу з мэтай незаконнага ўтрыманьня ўлады.
А што да прэвэнтыўных затрыманьняў, такое мы назіралі і ў 2006 годзе падчас прэзыдэнцкіх выбараў, і ў 2010 годзе — то бок для нас гэта не навіна. Выйшла моладзь палітычна не заангажаваная — трэба было іх неяк прыціснуць, заглушыць хвалю пратэсту. Таму зараз мы назіраем такое „бязьмежжа“, нягледзячы на запэўніваньне ўладаў, што яны прытрымліваюцца палітыкі лібэралізацыі.
І мэтады ўсё тыя ж — прыцягненьне ў якасьці сьведак АМАПаўцаў, якія затрымлівалі людзей. Гэта адзіная магчымасьць атрымаць „доказы“ ў судзе. Таму што нармальныя, сумленныя людзі ілжэсьведчыць ня будуць. І пасьля 19 сьнежня 2010 году на суды хадзілі натоўпы АМАПаўцаў з гематомамі на азадках і сьведчылі, што супраць іх сваволіў натоўп. І цяпер усё паўтараецца, усё тое ж самае. Але вось тое, што сталі даваць здачы АМАПаўцам (у СМІ было фота зь сіняком на твары міліцыянта) — гэта ўжо знак часу. Знак таго, што некалі яны атрымаюць за свае свавольствы».