Беларусь усьлед за Расеяй усё глыбей апускаецца ў вір эканамічнага крызісу. Са шматлікімі праявамі гэтага крызісу шараговыя беларусы сутыкаюцца на кожным кроку: скарачаюцца заробкі; усё цяжэй уладкавацца на працу; згортваюць вытворчасьць колішнія гіганты беларускай індустрыі...
На гэтым тле даволі нечакана для многіх прагучалі заявы чарговы раз пераабранага на новы тэрмін прэзыдэнта пра тое, што ні ў якіх кардынальных рэформах ён патрэбы ня бачыць.
Пачну сёньняшнюю размову з аднаго зь лістоў на гэтую тэму. Наш слухач Алесь Паўлавец зь Менску піша:
«Я разумею Аляксандра Рыгоравіча: каму ахвота ў 62 гады распачынаць нейкія рэформы — ламаць звыклы парадак, напружвацца, рызыкаваць, падстаўляцца пад удар… Куды больш прыемна рухацца па звыклай каляіне: езьдзіць па сьвеце зь цікавымі (хоць і ня надта патрэбнымі) візытамі, слухаць на свой адрас лісьлівыя прамовы ад паслухмяных падначаленых, глядзець па прыдворных тэлеканалах толькі прыемныя навіны…
Думаю, ня толькі я — і большасьць усяго беларускага грамадзтва зразумее Аляксандра Рыгоравіча. Але пры адной важнай умове: калі ня толькі ў яго, але і ў іх (гэта значыць, ва ўсіх нас) лад жыцьця застанецца ранейшым, да якога мы прывыклі. А прывыклі мы да заробку ў 500 даляраў і да пэнсіі ў 250. І каб за нас усё вырашала адміністрацыя.
Вось якая стабільнасьць нам патрэбна. А яе ж няма. Ужо каторы месяц і заробкі, і пэнсіі ў пераліку на цьвёрдую валюту зьніжаюцца. У эканоміцы робіцца ўвогуле невядома што. Найбуйнешыя заводы, за якія ўлада так трымалася, выкідваюць на вуліцу людзей тысячамі...Дык якая тут можа быць супакоенасьць? Трэба нешта рабіць, Аляксандар Рыгоравіч. Адседзецца ў кустах тут не атрымаецца...»
Ці не атрымаецца адседзецца — пытаньне спрэчнае, спадар Алесь. За мінулыя 22 гады прэзыдэнт Лукашэнка перажыў нямала розных выпрабаваньняў ды ўзрушэньняў. І нічога — удалося неяк перасядзець без палітычных ды эканамічных рэформаў. Рана ці позна яму кожны раз шанцавала: чарговы раз даражэла нафта; удавалася выбіць буйны расейскі крэдыт; распачыналася чарговая інтэграцыйная кампанія... Чаму не павінна пашанцаваць гэтым разам?
А галоўнае: запас цярпеньня беларускага грамадзтва, як паказалі гэтыя два дзесяцігодзьдзі, вельмі вялікі. Якія там 500 даляраў штомесяц? Для многіх ужо і 300 — недасягальная мара. І нічога, на вуліцу ніхто не выходзіць. Прынамсі — пакуль...
✉ ✉ ✉
Аўтар наступнага ліста Ігнат Гавенскі з Полацку пільна сочыць за тым, як цывілізаваны сьвет спрабуе абараніцца ад тэрарыстычных атак ісламскіх экстрэмістаў:
«Дзіўна, што на Захадзе так цацкаюцца з гэтымі ісламскімі радыкаламі ды экстрэмістамі. Злавілі вы два дзесяткі бандытаў, якія, напрыклад, рыхтавалі тэрарыстычныя акты. Пакажыце прылюдна, па ўсіх тэлеканалах, што зь імі будзе. Пасадзіце ў ваенна-транспартны самалёт, выдайце парашуты — і скіньце над тэрыторыяй іхнай улюбёнай так званай „Ісламскай дзяржавы“.
Але гэта так, мае ўласныя фантазіі. Здагадваюся, што лібэральны сьвет палічыць гэта негуманным. Тады патрэбныя іншыя меры, якія цалкам упісваюцца ў заходнія стандарты. Скараціце сацыяльныя выплаты, перастаньце ўтрымліваць сумнеўных нелегальных мігрантаў за кошт законапаслухмяных грамадзянаў. Увядзіце для іх эрзац-грамадзянства, якое б не давала выбарчага права. А інакш Эўропа проста захлынецца ад гэтай хвалі і не ў такой далёкай будучыні можа ператварыцца ў частку ісламскага сьвету. Эўрапейцам гэта патрэбна?».
Скідваць мігрантаў ці экстрэмістаў з самалётаў, зразумела, ніхто ня будзе. А вось тое, што стаўленьне эўрапейцаў да некантраляванай міграцыі становіцца больш жорсткім — відавочна. Адметнае сьведчаньне гэтага — хоць бы вынікі нядаўніх муніцыпальных выбараў у Францыі: ашаламляльна высокія лічбы ўльтраправых далі ўладам ясна зразумець, якіх крокаў у справе ўцекачоў чакае ад іх грамадзтва. Падобныя тэндэнцыі назіраюцца і ў іншых эўрапейскіх краінах.
Заўважныя зьмены адбываюцца і ў тых умовах, на якія могуць разьлічваць уцекачы. Побыт у лягерах, куды трапляюць масавыя нелегальныя перасяленцы, цяпер мала нагадвае санаторый. Няма і ранейшага шчодрага фінансаваньня тых уцекачоў, якія ня імкнуцца шукаць працу.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду.
Пішыце нам, адрас ранейшы: Менск-5, Паштовая скрынка 111.
Праграма «Паштовая скрынка 111» выходзіць у эфір кожную суботу.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by.