«Ці патрэбныя Беларусі эканамічныя рэформы? Калі так, то ці здольныя ажыцьцявіць іх тыя асобы, якія кіруюць цяпер краінай?». Адказваюць менчукі.
Супрацоўніца страхавой кампаніі: «Усюды патрэбныя рэформы ў нашай краіне. У нас цалкам трэба пераглядаць гаспадараньне і ў гандлі, і ў прадпрымальніцтве, і ў банкаўскай сфэры — усюды цалкам. Можа гэта зрабіць і цяперашняе кіраўніцтва. Чаму не? Раней рабілі, то могуць і новае прыдумляць і выкарыстоўваць. І ўсё будзе добра».
Будаўнік старэйшых гадоў: «Калі б была добрая эканоміка, то і заробкі былі б добрыя. Але вялікі плюс, што ў нас ціха і спакойна ў краіне, што ёсьць парадак і дысцыпліна. Гэта плюс для нас, нашых сем’яў і дзяцей».
Маладая жанчына зь дзецьмі: «Вядома, грошай хацелася б пабольш. Бо ўсё вельмі дорага, заробкі малыя і, фактычна, заробак аднаго дарослага чалавека ідзе на аплату арэнды кватэры. А трое дзяцей — і ў выніку жывем на дзіцячыя выплаты. Ці зьменяць што ўлады — ня ведаю».
Пэнсіянэр: «Адносна жыльля трэба думаць, бо гэта самае галоўнае. А таксама заробкі ўпалі, і вось я, пэнсіянэр, дапамагаю сваім дзецям. Працую, бо інакш не пражыць».
Былая інжынэрка: «Ведаеце, якія я зьмены хачу? Ну, колькі Лукашэнка будзе пры ўладзе? Хоць любімы, хоць нелюбімы — ну трэба ж Канстытуцыю не парушаць! Калі той рэфэрэндум быў, чаму ўсё так сталася? Не, ну нельга ж так. Як ёсьць Канстытуцыя, то — ну, незаменных няма».
Студэнт: «Нікому і ніколі не пашкодзіць нейкая рэформа. Заўсёды ёсьць тое, што можна зрабіць лепш. Заўсёды ёсьць магчымасьць зрабіць лепш. Што тычыцца ўлады, то галоўнае — жаданьне. Трэба, каб кіраўніцтва само паставіла перад сабой гэтае пытаньне, ці гатовае яно нешта зьмяніць у сабе і ў краіне».
Пэнсіянэр: «У наш час усё патрэбна, і рэформы таксама. Што менавіта не магу сказаць, бо я не эканаміст. А ўлады — пэўна ж стараюцца, каб было лепш. Будзем чакаць».
Прадпрымальнік: «Вядома. Перадусім для прыватнага бізнэсу трэба нармальныя ўмовы стварыць — нас душаць, як могуць. І вы, пэўна, ведаеце, што чалавек, які зараз узначальвае ўладу — ён, фактычна, нелегітымны. Ён прызначае судзьдзяў — ні ў якія вароты ня лезе. Павінныя быць незалежныя галіны ўлады. Вось мы з вамі размаўляем па-беларуску, а беларуская мова ў нас у загоне. Ці гэта нармальна? Я лічу, што не. І гэты кіраўнік улады — чалавек савецкай сыстэмы — наўрад ці ён штосьці хоча і можа зьмяніць. Ёсьць толькі імітацыя дзейнасьці. Усе гэта даўно зразумелі, але ўжо нічога ня зьменіш. У 1994 годзе далі сябе падмануць — зараз атрымоўвайце тое, што заслужылі. Як кажуць — кожны народ мае таго кіраўніка, якога заслугоўвае».