Урад Літвы 5 ліпеня выдаткаваў амаль 3 млн эўра на тэрміновыя работы на гары Гедыміна ў цэнтры Вільні, перадае Delfi.
Сродкі, узятыя з рэзэрвовага фонду ўрады, пойдуць Літоўскаму нацыянальнаму музэю, які цяпер адказны за гару і вежу Гедыміна. Мэрыя Вільні на мінулым тыдні абвясьціла надзвычайны стан аб’екта: гара знаходзіцца ў аварыйным стане пасьля апоўзьня, ёсьць пагроза абурваньня вежы. А тая вежа ёсьць адным з сымбаляў Вільні і ўсёй Літвы.
У Беларусі шэраг сымбалічных пабудоваў таксама знаходзяцца ў кепскім стане. За кошт прэзыдэнцкага фонду цяпер будуць рамантаваць Калоскую царкву ў Горадні і кансэрваваць Княскую вежу Крэўскага замка. Праўда, выдаткавалі на гэта ў 18 разоў меней грошай: 369 834 рублі, або каля 166 тысяч эўра.
У Каложы заплянавалі рамонт элемэнтаў драўляных канструкцыяў 1869–1906 гадоў, якія збудавалі пасьля таго, як частка будынка абрынулася ў 1853 годзе праз апоўзень берага ракі. Пра ўмацаваньне зямлі пад Каложай цяпер гаворкі не ідзе, бераг ужо ўмацаваны.
Стан Крэўскага замка выклікае трывогу: горы каменьня пад мурамі ўздымаюцца ўсё вышэй, надзеі на ўратаваньне ўнікальнага помніка ўсё меней.