Глядзець інфаграфіку ў высокім разрозьненьні.
У Беларусі зьбіраюцца падвышаць пэнсійны ўзрост. Лукашэнка разглядае тры варыянты падвышэньня пэнсійнага ўзросту: 65 і 60, 63 і 60, 63 і 58 гадоў для мужчын і жанчын адпаведна. Падвышэньне пэнсійнага ўзросту можа закрануць нават сілавікоў, большасьць зь якіх сёньня мае права выходзіць на пэнсію ў 45 гадоў.
Свабода паглядзела, у колькі выходзяць на пэнсію ў розных краінах, блізкіх і далёкіх. Мінімум — у Нэпале і Інданэзіі, дзе на пэнсію можна выходзіць у 58 год. Максымум — у Грэцыі, Нарвэгіі і Ісьляндыі, там на пэнсію адпускаюць у 67.
На малюнку прыведзены ўзрост дзяржаўнай пэнсіі для мужчын (зьлева) і жанчын (справа). У шмат якіх краінах можна атрымліваць ня толькі дзяржаўную пэнсію, але і пэнсію па прыватным пляне, калі чалавек сам можа абраць, колькі аддае на пэнсію з зарплаты і колькі адпаведна атрымае на пэнсіі.
Асобныя краіны дазваляюць атрымліваць зьменшаную пэнсію, калі выйсьці на пэнсію заўчасна, поўную — калі зрабіць гэта ў «стандартны» ўзрост, і нават падвышаную, калі пазьней.
Шмат якія краіны паступова падвышаюць пэнсійны ўзрост да пэўнага году з дакладнасьцю да месяца (1/12 года). Напрыклад, у Вялікай Брытаніі плян падвышэньня пэнсійнага ўзросту прапісаны з дакладнасьцю да месяца аж да 2046 годау. Дзе-нідзе падвышэньне пэнсійнага ўзросту сустракае моцныя пратэсты — так, у 2010 годзе супраць падвышэньня на два гады масава страйкавала Францыя.