Беларуска Каладзінская заваявала золата на чэмпіянаце сьвету па барацьбе

Ванэса Каладзінская

Чэмпіёнка сьвету 2012 году Ванэса Каладзінская паўтарыла дасягненьне пяцігадовай даўнасьці і заняла першае месца на ўсясьветным першынстве ў Парыжы.

Як паведамляе «Трыбуна», 24-гадовая бабруйчанка на шляху да фіналу пасьлядоўна перамагла суперніц з Малдовы, Грэцыі, Румыніі. У вырашальнай схватцы ёй супрацьстаяла японка Маю Мукаіда, якая пасьля стартавага адрэзку выйгравала зь лікам 6:1.

У другой палове Каладзінская пайшла наперад і прымусіла японку абараняцца. Пад фініш яна скараціла адставаньне да двух ачкоў, а за 5 сэкундаў да канца правяла імклівую атаку і вырвала перамогу.

Сёлета Каладзінская ўжо выйграла два топ-турніры, у тым ліку стала лепшай на чэмпіянаце Эўропы ў сэрбскім Нові-Садзе. Цяпер у калекцыі Ванэсы не хапае толькі алімпійскага мэдаля.

Раней на чэмпіянаце сьвету ў Парыжы срэбную ўзнагароду здабыла Васіліса Марзалюк, а бронзу — Ірына Курачкіна. Сярод мужчын у грэка-рымскай барацьбе віцэ-чэмпіёнам стаў Радзік Куліеў.