Юрыст Уладзімер Букштынаў, які быў адвакатам Уладзімера Някляева па справе Плошчы-2010, патлумачыў, што цалкам спыніць справу Юрыя Чыжа мог толькі ўказ прэзыдэнта, падставай для якога павінна быць прашэньне аб памілаваньні.
Беларускі бізнэсовец, адзін з найбагацейшых людзей у краіне Юры Чыж быў вызвалены зь СІЗА КДБ пад падпіску аб нявыезьдзе. Пра гэта ён паведаміў Свабодзе.
Раскрываць падрабязнасьці вызваленьня Чыж адмовіўся.
Як паведаміў агенцтву БелаПАН прэс-сакратар КДБ Дзьмітры Пабяржын, Чыж сапраўды вызвалены, бо прызнаў віну і сплаціў шкоду, таму адпала неабходнасьць утрымліваць яго пад вартай.
«Усе рашэньні па гэтай крымінальнай справе прынятыя ў строгай адпаведнасьці з часткай 1 артыкула 88 Крымінальнага кодэксу Беларусі», — запэўніў Пабяржын. У гэтым артыкуле ідзецца пра вызваленьне ад крымінальнай адказнасьці ў сувязі з добраахвотнай кампэнсацыяй учыненай шкоды, выплатай прыбытку, атрыманага злачынным шляхам.
Калі Юрыю Чыжу толькі зьмянілі меру стрыманьня, то гэта сьведчыць пра тое, што расьсьледаваньне працягваецца, і тады пасьля яго завяршэньня павінен быць суд, кажа Ўладзімер Букштынаў.
«Той факт, што Юры Чыж прызнаў віну і сплаціў шкоду, не спыняе крымінальную справу. Калі рашэньне такое, як патлумачыў КДБ, то яно цалкам адпавядае закону. Але вызваленьне з-пад варты і спыненьне крымінальнай справы — гэта розныя рэчы. Чалавека можна вызваліць з-пад варты, замяніўшы меру стрыманьня на падпіску аб нявыезьдзе ці хатні арышт, але расьсьледаваньне ў гэты час можа працягвацца. І пасьля яго завяршэньня павінен быць суд», — лічыць Уладзімер Букштынаў.
Юрыст кажа, што рашэньне аб вызваленьні ад крымінальнай адказнасьці прымае не КДБ, а прэзыдэнт.
«Мы ня ведаем, ці спыненая справа. Калі справа спыненая ў сувязі з тым, што ён вызвалены ад крымінальнай адказнасьці прэзыдэнтам, тады, без сумневаў, Юры Чыж пісаў прашэньне аб памілаваньні, а прэзыдэнт выдаў указ аб яго памілаваньні. Пакуль жа няясна, ці спыненая справа».
Юры Чыж знаходзіўся за кратамі з сакавіка 2016 году, яму пагражала да 7 гадоў з канфіскацыяй.
Раней стала вядома, што некаторыя абʼекты, якія належалі Чыжу (гіпэрмаркет «Прастор» на Каменнагорскай вуліцы і комплекс «Арэна-сіці»), былі прададзеныя за апошнія тры месяцы да вызваленьня. Агульная сума склала, верагодна, больш за 100 млн даляраў, хоць нанесеная шкода, якую інкрымінавалі Чыжу, была толькі 12 млн. На думку «Ежедневника», гэта можа значыць, што бізнэсовец хацеў ня толькі сплаціць шкоду, але і прасіць Лукашэнку аб памілаваньні, за што звычайна дадаткова патрабуецца сума, большая за ўчыненую шкоду ў паўтара-тры разы.