Старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына на прэс-канфэрэнцыі з нагоды выбараў у Палату прадстаўнікоў адказала на пытаньне, ці не зьбіраецца яна пакінуць пасаду:
«Ці буду я працаваць? Усё можа быць. Пайду я ў адстаўку? Зноў з такой жа імавернасьцю. Таму я нічога не магу адказаць, лічыце, што я інтрыгую», — сказала Ярмошына.
Раней Ярмошына казала, што плянуе правесьці парлямэнцкія выбары і сысьці
Ярмошына працуе на пасадзе старшыні ЦВК 20 год, з 6 сьнежня 1996 году, калі яе прызначыў Аляксандар Лукашэнка пасьля незаконнага звальненьня з пасады Віктара Ганчара. Да таго з 1992 году была сябрам ЦВК.
На пасадзе старшыні ЦВК яна 4 разы правяла прэзыдэнцкія выбары (на ўсіх перамог Лукашэнка), 4 разы парлямэнцкія (на ніводных ні разу не перамог ніводзін праціўнік Лукашэнкі) і праводзіць пятыя, да таго ж правяла адзін рэфэрэндум, які дазволіў Лукашэнку балятавацца ў прэзыдэнты неабмежаваную колькасьць разоў. На ўсіх згаданых выбарах заходнія назіральнікі адзначалі шматлікія парушэньні і не прызнавалі іх дэмакратычнымі.