Свабода адабрала 6 выпадкаў найбольш рэзанансных выкраданьняў людзей за мяжой, якія былі зьдзейсьнены савецкімі спэцслужбамі.
Выпадак украінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі, якую захапілі ў палон на тэрыторыі Ўкраіны, гвалтоўна вывезьлі ў Расею і цяпер могуць асудзіць на 23 гады калёніі, выглядае беспрэцэдэнтным, але насамрэч гэта ня першы раз, калі спэцслужбы Крамля выкрадаюць людзей за мяжой.
Пра палітычныя забойствы, якія ўчынялі савецкія спэцслужбы за мяжой, вядома даволі шмат. Сярод ахвяр падобных спэцапэрацый былі лідэры ўкраінскага нацыянальнага руху Сьцяпан Бандэра, Яўген Канавалец, Леў Рэбет, палітычны апанэнт Ёсіфа Сталіна Леў Троцкі і ягоныя паплечнікі, а таксама савецкія дзяржслужбоўцы-перабежчыкі.
Менш вядома шырокай грамадзкасьці, што чэкісты ня раз выкрадалі людзей за мяжой, каб потым прывезьці ў СССР і там судзіць паводле савецкіх законаў. Прычым сярод такіх выкрадзеных былі як грамадзяне СССР і былыя падданыя Расейскай імпэрыі, так і замежнікі.
Выкраданьне і вываз у Расею Надзеі Саўчанкі — гэта фактычна аднаўленьне Пуціным сталінскай практыкі. Хоць нават у часы Сталіна жанчын за мяжой не выкрадалі. Не было і такога, каб ахвяру выкраданьня потым абвінавачвалі ў незаконным пераходзе мяжы.
Свабода адабрала 6 выпадкаў найбольш рэзанансных выкраданьняў, учыненых савецкімі спэцслужбамі.
1930 год. Аляксандар Куцепаў. Парыж
Аляксандар Куцепаў быў адным з найбольш вядомых генэралаў Белага руху падчас Грамадзянскай вайны ў Расеі. Пасьля паразы белых, ужо на эміграцыі, Куцепаў узначаліў Расейскі агульнавайсковы саюз (РАВС) — уплывовую арганізацыю, якая аб’ядноўвала былых вайскоўцаў, удзельнікаў грамадзянскай вайны.
Куцепаў быў прыхільнікам актыўных формаў барацьбы з савецкімі ўладамі. Ён рыхтаваў баявыя групы, якія меліся прабірацца на тэрыторыю СССР і зьнішчаць савецкіх партыйных лідэраў і чэкістаў.
Савецкія ўлады прынялі рашэньне выкрасьці генэрала і прывезьці ў Расею, каб там судзіць. 26 студзеня 1930 году ў Парыжы, дзе жыў Куцепаў, яго выкралі трое супрацоўнікаў ГПУ, якія пад выглядам францускіх паліцэйскіх прымусілі яго сесьці ў аўтамабіль.
Што здарылася з Куцепавым далей, дакладна не вядома. Вядома толькі тое, што да СССР ён жывым не даехаў. Паводле вэрсіі чэкістаў, ён загінуў у дарозе на борце савецкага парахода ад «сардэчнага прыступу». Паводле іншай вэрсіі — чэкісты забілі генэрала яшчэ ў Парыжы, бо ён аказаў супраціў.
Выкраданьне Куцепава выклікала ў Францыі вялікі рэзананс. У знак пратэсту 6 тысяч кіроўцаў парыскіх таксі (пераважна расейскія эмігранты) зладзілі забастоўку, патрабуючы ад французскіх уладаў расьсьледаваць злачынства.
1937 год. Яўген Мілер. Парыж
Таксама як і Куцепаў, Яўген Мілер (які нарадзіўся ў Дзьвінску, цяперашнім латвійскім Даўгаўпілсе, які ўваходзіў тады ў Віцебскую губэрню) быў вядомым дзеячам Белага руху. У грамадзянскую вайну ён камандаваў войскамі Паўночнага фронту, якія біліся супраць бальшавікоў. Пасьля сьмерці Куцепава ён узначаліў РАВС, але ў Крамлі яму рыхтавалі тую ж долю.
Мілера выкралі ў Парыжы 22 верасьня 1937 году. На сустрэчу з чэкістамі яго выманіў здраднік — агент НКВД, вядомы белы генэрал Мікалай Скоблін. Мілера вывезьлі ў СССР на параходзе «Марыя Ўльянава». Францускія ўлады заявілі савецкаму боку пратэст супраць выкраданьня генэрала і пагражалі выслаць эсьмінец на перахоп параходу, але ўрэшце саступілі.
Генэрала Мілера трымалі на Лубянцы як «сакрэтнага вязьня». На закрытым паседжаньні Ваенная калегія Вярхоўнага суду СССР асудзіла яго на вышэйшую меру пакараньня. 11 траўня 1939 году Мілер быў расстраляны ва ўнутранай турме НКВД.
Што тычыцца агента НКВД Скобліна, то францускія ўлады выкрылі і яго, і ягоную жонку (якая таксама працавала на чэкістаў). Жонка Скобліна была асуджаная францускім судом як саўдзельніца выкраданьня Мілера і ў 1941 годзе памерла ў турме. Сам жа Скоблін зьнік. Паводле найбольш верагоднай вэрсіі — быў ліквідаваны самімі чэкістамі.
1945 год. Рауль Валенбэрг. Будапэшт
Са ўсяго сьпісу НКВД-шных выкраданьняў справа Рауля Валенбэрга, безумоўна, найбольш рэзанансная і таямнічая.
Швэдзкі прадпрымальнік і дыплямат Рауль Валенбэрг уратаваў падчас Халакосту дзясяткі тысяч вугорскіх габрэяў. У чэрвені 1944 году яго прызначылі першым сакратаром швэдзкага дыпляматычнага прадстаўніцтва ў Будапэшце. Карыстаючыся сваім статусам, ён пачаў выдаваць габрэям швэдзкія пашпарты. У 1945 годзе яму ўдалося пераканаць нямецкіх генэралаў не выконваць загад Гітлера аб ліквідацыі будапэшцкага гета. За гэтыя заслугі ў Ізраілі Валенбэргу прысвоілі званьне Праведніка народаў сьвету. Шмат у якіх гарадах на Захадзе яму стаяць помнікі.
Але лёс яго склаўся трагічна. Калі савецкія войскі ў 1945 годзе захапілі Будапэшт, Валенбэрг быў арыштаваны савецкай контравыведкай СМЕРШ і перапраўлены ў Маскву. Трымалі яго на Лубянцы. У адказ на запыты швэдзкага боку савецкія ўлады заяўлялі, што нічога наконт лёсу дыплямата ім невядома. У 1947 годзе Валенбэрг загінуў ва ўнутранай турме МГБ. Паводле афіцыйнай вэрсіі, прычынай сьмерці стаў інфаркт. У маскоўскай турме загінуў і вугорскі шафёр дыплямата Вільмаш Лангфэльдэр.
Справа Рауля Валенбэрга дагэтуль застаецца адным з найбольш таямнічых злачынстваў савецкіх спэцслужбаў. Навошта Крамлю спатрэбіўся швэдзкі дыплямат і пры якіх абставінах ён загінуў — невядома. Ужо ў часы Ўладзімера Пуціна расейская пракуратура зрабіла праверку і вынесла заключэньне, што вызначыць сапраўдныя прычыны арышту і ўтрыманьня ў турмах Валенбэрга і Лангфэльдэра немагчыма.
1947 год. Міхаіл Карастоўцаў. Эгіпет
Міхаіл Карастоўцаў быў вядомым савецкім эгіптолягам, гісторыкам, сябрам Акадэміі навук СССР.
Ён кіраваў у Эгіпце карпунктам ТАСС і плянаваў уцёкі ў Вялікабрытанію. Аднак у жніўні 1947 году быў выкрадзены агентамі МГБ. Яго даставілі ў СССР і асудзілі паводле 58-га артыкула на 25 гадоў лягераў. Як жартаваў пасьля акадэмік, ён зрабіў імгненны «пералёт з краіны Кемі (то бок Старажытнага Эгіпту) у краіну Комі».
У 1955 годзе Карастоўцава датэрмінова вызвалілі, і ён вярнуўся да навуковай дзейнасьці.
1947 год. Юры Трыгубаў. Бэрлін
Пісьменьнік Юры Трыгубаў паходзіў зь сям’і расейскіх дваран, якія ў грамадзянскую вайну мусілі эміграваць (яму тады было 6 гадоў). У 30-я гады ён далучыўся да эмігранцкай антысавецкай палітычнай арганізацыі «Народно-трудовой союз» (НТС). Падчас Другой сусьветнай вайны, каб не прызвалі ў нямецкую армію (Трыгубаў быў грамадзянінам Нямеччыны), ён уступіў у армію Ўласава.
19 верасьня 1947 году Трыгубаў быў выкрадзены агентамі МГБ у заходнім Бэрліне. Яго вывезьлі ў СССР і асудзілі на 25 гадоў зьняволеньня.
Але Трыгубаву, у адрозьненьне ад іншых ахвяр выкраданьняў, моцна пашэнціла. У 1955 годзе на падставе дамовы Адэнаўэра з Хрушчовым яго вызвалілі і вярнулі ў ФРГ разам з тысячамі іншых ваеннапалонных і інтэрнаваных.
Праз год ён выдаў успаміны пра свой турэмны досьвед «Восем гадоў ва ўладзе Лубянкі», а памёр у 2000-м, маючы 87 гадоў.
1954 год. Аляксандар Трушновіч. Бэрлін
Апошняе гучнае выкраданьне за мяжой адбылося ўжо пасьля сьмерці Сталіна.
Аляксандар Трушновіч паводле паходжаньня быў славенцам. Служыў у аўстра-вугорскай арміі, але падчас Першай сусьветнай вайны перайшоў на бок расейцаў. У часы грамадзянскай вайны ваяваў у Белай арміі ў легендарным карнілаўскім палку, пра што потым напісаў даволі папулярную кнігу ўспамінаў.
У эміграцыі Трушновіч стаў вядомым грамадзкім дзеячам, адным зь лідэраў уплывовай антысавецкай палітычнай арганізацыі НТС і старшынём Камітэту дапамогі расейскім уцекачам.
У 1954 годзе ён быў выкрадзены ў заходнім Бэрліне. Як і ў выпадку з Куцепавым, давезьці жывым да СССР Трушновіча не ўдалося — ён аказаў супраціў чэкістам і быў забіты.