«Сібірскі салдат на мяжы з Украінай мусіць зрабіць фота на танку» — як Bellingcat выкрывае расейскія фэйкі

Чарговыя доказы прысутнасьці расейскіх войскаў прадставіла расьсьледніцкая арганізацыя Bellingcat. Трэці год яна зьбірае адкрытыя дадзеныя па прысутнасьці расейскіх вайскоўцаў ва Ўкраіне і Сырыі. Як давесьці ўдзел расейцаў у вайсковых канфліктах па фатаздымках шчанюкоў, Свабодзе расказаў удзельнік Bellingcat Арык Толер.

Як банкаўскі працаўнік стаў расьсьледнікам

Гэта сёньня на працу 27-гадовага амэрыканца Арыка Толера спасылаюцца New York Times і BBC. Да 2014 года ён працаваў спэцыялістам па расьсьледаваньнях у Bank of America. Калі за мяжой здараліся крызісныя сытуацыі (напрыклад выбух у Бангкоку), яму трэба было паведаміць супрацоўнікам банку, якія знаходзіліся ў той момант каля месца здарэньня, як мінуць небясьпечныя раёны.

Да 2013 года Арык Толер вывучаў славянскія мовы і расейскую літаратуру. Двойчы прыяжджаў у Расею. Фота на Волзе

Праца ніякім чынам не была зьвязаная зь ягонай адукацыяй. У 2013 годзе ён скончыў Унівэрсытэт Канзасу (University of Kansas), дзе вывучаў славянскія мовы і ў спэцыялізаваўся на расейскай літаратуры.

Але пасьля катастрофы на Данбасе ён знайшоў новае прымяненьне сваім навыкам. 17 ліпеня 2014 году ў небе над зонай канфлікту ва ўсходняй Украіне быў зьбіты пасажырскі самалёт Малайзійскіх авіяліній MH17. І расейцы, і ўкраінцы абвінавачвалі адно аднаго ў адказнасьці за сьмерць 298 пасажыраў гэтага рэйсу.

На наступны дзень брытанскі грамадзкі журналіст Эліят Хігінс (Eliot Higgins) апублікаваў у Твітэры фота зэнітна-ракетнага комплексу «Бук», быццам бы зробленае ў горадзе Тарэз, які кантраляваўся ўкраінскімі войскамі. Ён папрасіў сваіх падпісчыкаў дапамагчы вызначыць дакладнае месца фота.

З 2014 года Толер — расьсьледнік, якога цяпер запрашаюць на канфэрэнцыі і майстар-клясы для журналістаў

Умеючы працаваць з адкрытымі дадзенымі і ведаючы расейскую мову, Толер за пару гадзінаў па адным фота вызначыў, што гэта быў не Тарэз. Месцам, дзе быў зафіксаваны «Бук» аказаўся горад Сьнежнае, які кантраляваўся сэпаратыстамі.

«Эліяту спадабалася мая праца, і потым я знайшоў яшчэ некалькі значных дэталяў да гэтай справы. З таго часу я пастаянна працую з Bellingcat».

Мы ня ведаем, ці мае ЦРУ тыя ж дадзеныя

Паўтара года Толер займаўся расьсьледаваньнямі для Bellingcat у вольны ад банкаўскай рутыны час. Увесь свой 15-дзённы адпачынак ён траціў на паездкі ў Кіеў, дзе праводзіў майстар-клясы для журналістаў.

Але ў лістападзе 2015 году Bellingcat атрымаў грант ад Google, і цяпер хобі Арыка Толера ператварылася ў працу. Ён сышоў з банку і штомесяц вандруе столькі ж, колькі раней вандраваў цягам года.

«Гэта найлепшая праца, якую я магу сабе ўявіць», — кажа ён падчас онлайн-інтэрвію са сваёй кватэры ў штаце Паўночная Караліна, адкуль ён працуе штодня.

Bellingcat робіць працу, якой звычайна займаюцца дзяржаўныя службы бясьпекі. І часам іхнія вынікі лепшыя, чым у дзяржаўных органаў. Напрыклад, у сваім расьсьледаваньні Bellingcat даказаў расейскую прыналежнасьць «Буку», зь якога стрэлілі ў малайзійскі самалёт. А вось нямецкая Фэдэральная разьведвальная служба палічыла, што прарасейскія сэпаратысты захапілі гэты «Бук» ва ўкраінскім войску.

«Але мы ня ведаем, ці ЦРУ знайшло тыя самыя доказы, што і мы, — кажа Толер. — Быць можа, гэта цалкам новая інфармацыя, а можа, яна ўжо была вядомая нашмат раней».

Сьледам за Bellingcat онлайн-часопіс Vice News знайшоў месца ва Ўкраіне, дзе сфатаграфаваўся расейскі вайсковец

У кожным разе, на расьсьледаваньні Bellingcat увесь час спасылаюцца сусьветныя мэдыі. Напрыклад, онлайн-часопіс VICE выкарыстаў матэрыялы Bellingcat, каб даказаць прысутнасьць расейскіх войскаў ва Ўкраіне. Перад гэтым Bellingcat вызначыў геалякацыю фота, якое выставіў у Instagram вайсковец з Бураціі.

Па фотах з шчанюкамі можна вызначыць прысутнасьць вайскоўцаў

Усе іх дасьледаваньні базуюцца выключна на адкрытых дадзеных: фота Ўкантакце і Аднаклясьніках, запісы відэарэгістратараў, адкрытыя групы ў сацсетках.

Дзякуючы фотаздымкам шчанюкоў Bellingcat даказаў, што расейцы доўгі час былі каля ўкраінскай мяжы

Але як сярод мільёнаў карыстальнікаў знайсьці патрэбных людзей і відэа на Youtube? Толер кажа, што ўвесь час даводзіцца вынаходзіць новыя спосабы. Шукаючы запісы з расейскім «Букам», яны выкарысталі стандартную назву файла, якая магла б быць на відэарэгістратары 17 ліпеня 2014 года.

«Трэба ставіць сябе на месца чалавека, які выкладае відэа, — кажа Толер. — Мы знайшлі некалькі відэа, і ні ў водным не было словаў „Бук“, „вайсковая калёна“ ці „Ўкраіна“. Нам даводзіцца спрабаваць вельмі дзіўныя спосабы».

Альбо як даказаць, што вайскоўцы знаходзіліся на палігоне каля Ўкраіны працяглы час? Чамусьці вельмі многія салдаты рабілі фота з аднымі і тымі ж шчанюкамі. Вызначыўшы некалькі шчанюкоў, Bellingcat прасачыў па фотаздымках у сацсетках, як яны вырасьлі да дарослых сабак.

Фота расейска-ўкраінскай мяжы з агульнадаступнага Google Earth у 2013 і 2014 годзе

Яшчэ ў расьсьледнікаў шмат часу прыходзіць на працу з спадарожнікавымі фота. Нават на адкрытых сэрвісах кшталту Google Earth можна пабачыць, як зьмянялася расейска-ўкраінская мяжы цягам года. Bellingcat параўнаў фота аднаго ўчастку мяжы ў 2013 і 2014 годзе. На першым было чыстае поле. А на фота за 2014 год відаць вайсковы лягер і каляіны ад тэхнікі, якія вядуць празь дзяржаўную мяжу.

Амэрыканскія вайскоўцы таксама фатаграфуюцца з тэхнікай — усе хочуць пакрасавацца

Чаму расейскія вайскоўцы адкрыта выстаўляюць фоты, якія выдаюць сакрэтныя дадзеныя Міністэрства абароны Расеі? Арык Толер кажа, што камандаваньне звычайна забірае ў кантрактнікаў тэлефоны, але яны знарок бяруць з сабой другі апарат.

Расейскія вайскоўцы любяць выкладваць свае сэлфі на фоне тэхнікі

«Гэта чалавечая прырода — усе хочуць пакрасавацца, калі трапляюць у незвычайныя месцы ці калі робяць незвычайныя рэчы, — кажа Толер. — Хлопец з Сыбіры трапляе на мяжу з Украінай, і ня можа не зрабіць фота на фоне танку».

Так робяць ня толькі расейцы. Дзеля забавы Bellingcat правяраў актыўнасьць амэрыканскіх, канадзкіх, брытанскіх і нямецкіх вайскоўцаў падчас нядаўніх вучэньняў НАТО ў Нарвэгіі.

«І мы пабачылі тое самае! — кажа Толер. — Салдаты робяць сэлфі на фоне вайсковай тэхнікі, хоць іхнія камандзіры не дазваляюць гэтага рабіць. А потым па мадэлях і нумарах тэхнікі можна вызначыць іх прыналежнасьць».

Bellingcat дасьледуе таксама ўдзел амэрыканцаў у войсках Ісламскай дзяржавы

У той жа час з Сырыі паступае ня так шмат адкрытых матэрыялаў. Па-першае, тлумачыць Толер, там няма такой добрай мабільнай сувязі, як на мяжы з Украінай. Але самае галоўнае, што ў Сырыю накіроўваюць не кантрактнікаў, а элітных дэсантнікаў і спэцназаўцаў, якія не публікуюць сваіх фота ў адкрытым доступе.

«Яны не такія дурныя, як маладыя кантрактнікі, якіх накіроўваюць да ўкраінскай мяжы».

Мы палюем не на расейцаў, а на фальшывую інфармацыю. А расейцы часьцей за іншых яе распаўсюджваюць

Статыстыка наведваньняў сайту Bellingcat паказвае, што расейска-ўкраінская і расейска-сырыйская тэмы — самыя цікавыя. У гэтых матэрыялаў у дзясяткі разоў большыя прагляды, чым у любых іншых расьсьледаваньняў.

Справа МН17 — галоўнае расьсьледаваньне Bellingcat

На публікацыі Bellingcat рэагуюць ня толькі шараговыя чытачы, але й палітыкі. Дзьмітры Пяскоў, прэсавы сакратар Уладзімера Пуціна, заявіў, што Крэмль сумняецца ў праўдзівасьці дадзеных Bellingcat. Гэта быў адказ на распаўсюджаны ў траўні 2016 году даклад. У ім сьцьвярджалася, што менавіта «Бук-М1» з расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгады зьбіў малайзійскі пасажырскі самалёт над Данбасам.

За сваю дзейнасьць удзельнікам Bellingcat часта пагражаюць іншыя карыстальнікі сацыяльных сетак. Але адкрытых пагрозаў яшчэ ні разу не было. А таму нават Толер адчувае сябе ў бясьпецы ва Ўкраіне, куды часта езьдзіць:

«У мяне куды большая верагоднасьць быць застрэленым у Амэрыцы, чым у любой эўрапейскай краіне».

Таксама ў Bellingсat кажуць, што не палююць выключна на расейскіх вайскоўцаў. Іхняя мэта — выкрываць фальшывую інфармацыю. А расейцы часьцей за ўсіх яе распаўсюджваюць, таму да іх такая пільная ўвага.

«Расейцы даюць нам больш за ўсё матэрыялаў для працы, — кажа Толер. — А яшчэ яны самыя актыўныя ў міжнароднай палітыцы. І пры гэтым іхні ўрад мае звычку хлусіць, што робіць іх лёгкай мішэньню».

Даведка

Bellingcat — добраахвотніцкая арганізацыя, якая займаецца журналісцкімі расьсьледаваньнямі. Яна была заснаваная брытанцам Эліятам Хігінсам 15 ліпеня 2014 года. Разам з Хігінсам у праекце бяруць удзел каля 20 валянтэраў з ЗША і эўрапейскіх краін.