Дакумэнт апублікаваны на сайце галяндзкай пракуратуры, паведамляе Бі-Бі-Сі.
Сваякі загінулых атрымалі справаздачу некалькі дзён таму.
Як адзначаюць галяндзкія СМІ, пра знаходку такой буйной часткі ракеты на месцы крушэньня рэйсу MH17 паведамляецца ўпершыню.
Каб усталяваць прычыну катастрофы, экспэрты на авіябазе Гілзэ-Рэен зьбіраюць па частках корпус самалёта. Яны таксама займаюцца пошукамі абломкаў ракеты, якая, як мяркуецца, зьбіла авіялайнэр.
Да палявых работ прыцягнутыя супрацоўнікі паліцыі зь веданьнем расейскай і ўкраінскіх моваў. Яны праслухоўваюць запісы тэлефонных размоваў, перахопленых Службай бясьпекі Ўкраіны, і спрабуюць выявіць, ці ўяўляюць аўдыёфайлы якую-небудзь важнасьць для расьсьледаваньня.
Таксама ў справаздачы гаворыцца, што сьледчыя сабралі ўзоры глебы ў раёнах, зь якіх, як мяркуецца, была запушчана ракета, якая зьбіла рэйс MH17. Узоры будуць адпраўленыя на хімічны аналіз.
У сьледчых таксама ёсьць цэлая ракета «Бук», якую яны разьбіраюць па частках і параўноўваюць фрагмэнты з наяўнымі ў іх дэталямі.
Як паведамлялася раней, канчатковыя вынікі расьсьледаваньня будуць прадстаўлены гэтай восеньню.
У кастрычніку 2015 году Рада бясьпекі Нідэрляндаў прадставіла свой даклад аб крушэньні «Боінга»: у ім паведамляецца, што самалёт быў зьбіты ракетай «Бук», пры гэтым у справаздачы не падаваліся вэрсіі таго, хто мог запусьціць ракету.
У адказ вытворца сыстэм «Бук», расейскі абаронны канцэрн «Антэй», заявіў, што ракета была запушчана з тэрыторыі, якая на момант запуску была падкантрольная ўкраінскаму войску.
На думку прадстаўнікоў міжнароднай групы расьсьледаваньняў Bellingcat, «Боінг» у Данбасе быў зьбіты ракетай, запушчанай з самаходнай устаноўкі «Бук», якая належала расейскай 53-й зэнітна-ракетнай брыгадзе пад Курскам.
У лютым 2016 году Bellingcat апублікавала чарговы даклад. У ім называюцца імёны адказных за пуск ракеты, якая, паводле вэрсіі групы расьсьледнікаў, зьбіла «Боінг».
«Боінг» авіякампаніі Malaysia Airlines пацярпеў крушэньне 17 ліпеня 2014 году. У выніку катастрофы загінулі ўсе 298 чалавек, якія знаходзіліся на борце.